Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Ранжыр ад АБФФ: золата Д2 (зусiм не залатое) уручаў намстаршынi, срэбра Д1 – генсак ды член «камiтэта бяспекi»

Ранжыр ад АБФФ: золата Д2 (зусiм не залатое) уручаў намстаршынi, срэбра Д1 – генсак ды член «камiтэта бяспекi»

Кiраўнiкi, канешне, паехалi да «Дынама».

Аўтар — KentYara98
9 снежня, 19:07
5
Ранжыр ад АБФФ: золата Д2 (зусiм не залатое) уручаў намстаршынi, срэбра Д1 – генсак ды член «камiтэта бяспекi»

Беларускi футбольны сезон скончыўся – прыйшоў час узнагароджванняў. Галоўнае з iх, «Зорны мяч» АБФФ, ддзе назавуць футбалiста года Беларусi, пройдзе 12 снежня. А на гэтым тыднi некаторым камандам уручылi iх медалi – i там было некалькi цiкавых момантаў.

7 снежня ў Мінску ў дарагiм рэстаране Astoria Riverside атрымалi свае медалi гульцы мiнcкага «Дынама» – прычым адразу трох каманд, якiя задамiнвалi ў сезоне.

Цырымонію запрасілі весці вядучага дзяржТБ Арцёма Сямёна, а адкрыў мерапрыемства генеральны дырэктар клуба Андрэй Толмач. Ён падзякаваў усім дынамаўскім камандам за паспяховы сезон i заявiў, што ў галоўнай мужчынскай каманды нiбыта былi «складанасцi, цiск, якi аказваўся і знешне». Не стамляемся здзiўляцца, чаму пра такое кажа прадстаўнiк клуба, спешчанага рэжымам.

Следам на сцэне зʼявіўся кiраўнiк БФСТ «Дынама» Мiкалай Абярэмка. Ён таксама расплываўся ў падзяках камандам, асобна адзначыўшы, што чэмпiёнства ў вышэйшай лiзе прынесла «вялiзнае задавальненне» «сілавікам» Лукашэнкi, якiя быццам бы «ўсе заўзеюць» менавiта за «Дынама». Заадно Абярэмка ад iмя БФСТ узнагародзiў Толмача i Вадзіма Скрыпчанку за «аказанне садзейнічання і дапамогі ў рашэнні дзяржаўна значных задач». Што такой было чэмпiёнства «Дынама», мы i не сумнявалiся.

Далей перайшлi непасрэдна да ўручэння медалёў. Удзельнiчалi ў гэтым першыя асобы АБФФ: нават дублёрам выдаваў золата першы намеснік старшыні Андрэй Васілевіч, а старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў узнагародзiў аснову i жаночую каманду – мужчынам цiснуў рукi, а жанчын прыабдымаў (але без «iспанскiх» метадаў).

Шарснёў таксама заявiў, што яму пішуць лісты невядомыя для функцыянера сталыя заўзятары «Дынама» i дзякуюць за тое, што «Дынама» стала чэмпiёнам. Для чаго такое распавядаць кiраўнiку АБФФ, якi не павiнен садзейнiчаць ва ўзяццi тытулаў нiкакой з каманд, засталося загадкай.

Пасля ўручэння медалёў і вызначэння найлепшых гульцоў у розных намінацыях на сцэну выйшаў трэнер «Дынама»-1982 Эдуард Малафееў. Ён выдаў «стэндап» на 10 хвілін – яго мы ўжо падрабязна разбiралi, можна паглядзець па спасылцы нiжэй.

Закругляў мінскае мерапрыемства Юрый Вяргейчык як кiраўнiк федэрацыi футбола Мiнска. I заявiў, што «Дынама-БДУФК» сваёй гульнёй яго «прымусіла палюбіць жаночы футбол». Да гэтага Вяргейчык сцiпла дадаў, што «некалі пра жаночы футбол сказаў лішняга» – гэта ён пра шчырыя выказваннi, што нiбыта жанчыны павiнныя нараджаць, а не выходзiць на поле.

У канцы мерапрыемства ўсiх прысутных запрасiлi да прагляду знятага дзяржТБ фільма пра год «Дынама», але анлайн-трансляцыю на гэтым моманце выключылі.

Але ж на iншых цырымонiях трансляцый увогуле не было, таму i расказаць пра iх так падрабязна не атрымаецца. Але ж прыцягвае ўвагу той факт, хто прыехаў у гродзенскую абласную фiлармонiю (напэўна, мерапрыемства было вельмi культурным), каб уручыць «Нёману» срэбныя медалi «вышкi».

Акей, Шарснёў i Васiлевiч былi занятыя – у той жа вечар узнагароджвалi «Дынама». Але ж у АБФФ ёсць яшчэ два намстаршынi – аднак яны таксама да Гродна не даехалi (няўжо далёка?). У вынiку на цырымонii прысутнiчаў генсак АБФФ Сяргей Жардзецкі, а непасрэдна медалi ўручаў Ігар Бялоў – нават не член выканкама федэрацыi, а ўсяго намкiраўнiка федэрацыйнай «камiтэта бяспекi» (поўнасцю завецца «камітэтам па спартыўных збудаваннях і забеспячэнні бяспекі на футбольных арэнах»). Хаця, думаецца, Бялову было прыемна – ён нарадзiўся ў Гродне i ў пачатку кар“еры выступаў за «Нёман» (тады «Хiмiк»), а пасля стаў чэмпiёнам СССР у малафееўскiм «Дынама»-1982.

Таксама старшыня выканкама Лукашэнкi па Гродне Андрэй Хмель, ён жа кiраўнiк назсавета «Нёмана», выдаў клубу «сертыфiкат на вылучэнне сродкаў на куплю аўтобуса» – можа прыдасца ездзiць на еўракубкi ў 2024-м.

А вось на чэмпiёнскую вечарыну ў Д2 8 снежня намстаршынi АБФФ даехаў. Спадзяемся, не самастойна, бо то быў Мiхаiл Ботнiкаў, якi ўмее сесцi за руль нецвярозым.

Дарэчы, залатыя медалi для дзяржынскага «Арсенала» былi зусiм не залатымi, а срэбна-сінiмi.

А сам «Арсенал» увогуле не выклаў у сацсеткi фота з мерапрыемства – гэта зрабiў абаронца клуба Iван Цiхамiраў. Залу мы, шчыра кажучы, не пазналi, але мерапрыемства яўна прайшло без залiшнiх «пантоў».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты