Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У «Нёмане» славяць люты фол свайго капітана на лідары БАТЭ – маўляў, «няправага» яшчэ пашкадавалі пры «справядлівай» кары

У «Нёмане» славяць люты фол свайго капітана на лідары БАТЭ – маўляў, «няправага» яшчэ пашкадавалі пры «справядлівай» кары

За што яна была – версіі розныя.

Аўтар — bytribuna com
24 снежня, 13:00
22
У «Нёмане» славяць люты фол свайго капітана на лідары БАТЭ – маўляў, «няправага» яшчэ пашкадавалі пры «справядлівай» кары

26 лістапада матч 29 тура ЧБ-2023 БАТЭ – «Нёман» ужо па афішы выглядаў цікава: гродзенцы за пару гадзін да пачатку даведаліся, што дакладна сталі сярэбранымі прызёрамі (мінскае «Дынама» аформіла чэмпіёнства ў Бабруйску), а вось БАТЭ патрэбна была перамога для захавання шанцаў на бронзу. Барысаўчане ў выніку і перамаглі (3:2), але шырокі рэзананс выклікаў адзін канкрэтны эпізод матча – сутычка капітана «Нёмана» Івана Садаўнічага і лідара атак БАТЭ Дзмітрыя Анцілеўскага.

Эпізод здарыўся, калі гаспадары саступалі 1:2, на 53-й хвіліне – асаблівай у Барысаве, калі гледачы апладзіруюць у памяць аб Анатолі Капскім. Анцiлеўскі пракінуў мяч па флангу, а Садаўнічы папросту скокнуў у ногі апанента, з-за чаго той упаў, курчачыся ад болю. Гулец гродзенцаў жа на секунду навіс над супернікам і нешта яму сказаў. Суддзя Дзмітрый Дзмітрыеў відавочна адразу хацеў даць парушальніку прамую чырвоную, але на гэтым эпізод не скончыўся – Анцiлеўскі раптам вярнуўся на ногі і, убачыўшы перад сабой ужо спіну Садаўнічага, ударыў па ёй галавой (ці гэта была прага неадкладнай помсты, ці так спрацаваў болевы шок). Капітан «Нёмана» палез у бойку, але яго апярэдзіў аднаклубнік Міхась Казлоў – ён штурхнуў Анцілеўскага ў грудзі і тут жа зрабіў захоп за шыю. Далей на месца сутычкі прыбегла мноства людзей з абедзвюх каманд, якія расчапілі ўдзельнікаў канфлікту. У выніку Садаўнічы і Анцілеўскі былі выдаленыя, а Казлоў атрымаў жоўтую картку (адзнака 7:22).

Але чаму наогул Садаўнічы здзейсніў вельмi грубы фол? Калі паглядзець паўтор эпізоду з больш ранняй адзнакі, становіцца зразумела, што пачалося ўсё, калі прарэжымны падпісант з БАТЭ Даніла Нячаеў жорстка сфаліў на Максіме Краўцове з «Нёмана» (не так груба, як Садаўнічы, але суддзя не забыўся пасля сутычкі выпісаць Нячаеву жоўтую). Краўцоў застаўся ляжаць на газоне, але ў гэты момант мяч атрымаў іншы гулец «Нёмана» Гулжыгіт Алыкулаў – і, не павярнуўшыся на аднаклубніка, ірвануў да брамы супернікаў. Аднак ля сваёй штрафной кыргызстанца чыста змог спыніць Руслан Хадаркевіч, і мяч перайшоў пад кантроль БАТЭ.

І вось тут футбалісты «Нёмана» пачалі паказваць, што чакаюць ад барысаўчан добраахвотнага прыпынення гульні. Але, відаць, у БАТЭ вырашылі, што калі Алыкулаў не стаў выбіваць у аўт, то і яны не павінны – і пабеглі ў контратаку. За пару пасоў мяч дайшоў да Анцiлеўскага, ну а далей вы ўжо ведаеце.

Адразу пасля матчу пра эпізод выказаліся абодва галоўныя трэнеры. Кірыл Альшэўскі стрымана казаў, што абедзве чырвоныя паказалі па справе. А вось Ігар Кавалевіч, сказаўшы, што «прымае» ўчынак капітана сваёй каманды, дадаў, што Садаўнічы нібыта «па сваёй сутнасці мужчына, абаронца», а калі б «такі эпізод» адбыўся на полі з самім Кавалевічам, то яго супернік «больш у футбол не гуляў бы». Праз два тыдні КДК АБФФ за гэтыя словы вынес Кавалевічу папярэджанне.

Услед за трэнерам выставіў Садаўнічага героем і Казлоў – сказаў, што «ў запале барацьбы за таварыша гатовы парваць», і дадаў, што капітана «гэта не красiць», але яго ў камандзе «пахвалілі, калі можна так сказаць». Заадно Міхаіл абвінаваціў БАТЭ ў парушэнні прынцыпу «фэйр плэй».

З барысаўчан выказаўся Сяргей Волкаў – той самы гулец, які пасля таго, як Хадаркевіч спыніў Алыкулава, падхапіў мяч і мог бы выбіць яго ў аўт, але вырашыў пачаць контратаку барысаўчан. Волкаў адназначна асудзіў Садаўнічага, абвінаваціўшы яго ў жаданні «зламаць» Анцiлеўскага. Таксама Сяргей не зразумеў, чаму толькі жоўтай абышоўся Казлоў – гулец БАТЭ сказаў, што «трымаць за шыю, піхацца – так рабіць нельга», і ўспомніў, што яго самога ў матчы з «Нафтанам» (1:2) выдалілі, калі «проста штурхнуў» суперніка (адзнака 11:05).

Адказаў на пытанне пра сутычку і Хадаркевіч – ён сказаў, што эпізод «даў іскру камандзе», дзякуючы якой БАТЭ змог двойчы забіць і выйграць, а сам канфлікт назваў нармальнай праявай футбольных эмоцый.

«Думаю, хлопцы потым паціснулі рукі. А футбол без эмоцый… Глядзіце тады балет ці шахматы», – секануў абаронца.

Праз некалькі дзён пасля матча наконт эпізоду выказаўся былы кіраўнік дэпартамента судзейства і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа. Спецыяліст акцэнтаваў увагу на паводзінах Кавалевіча – выказаў меркаванне, што той «на месцы Садаўнічага, напэўна, з дзвюх ног скокнуў бы ў калена», і падкрэсліў: пакуль мяч быў у Алыкулава, трэнер ніяк не рэагаваў на тое, што Краўцоў ляжыць на газоне, затое стаў патрабаваць прыпынення гульні, як толькі барысаўчане здзейснілі адбор.

«Гэта, напэўна, фэйр-плэй па-калгаснаму, па-быдланску. І такімі паводзінамі, можа, нават падставілі Садаўнічага. Можа, яму не відаць было», – дадаў Чэпа.

Пасля гэтага здавалася, што размовы наконт эпізода скончаныя, але пра яго працягнулі пытацца ў інтэрв'ю з гульцамі «Нёмана» – а яны не адмаўляліся адказваць. Ужо пасля сезона варатар гродзенцаў Канстанцін Рудзянок сказаў, што Садаўнічы і Анцілеўскі пасля заканчэння матча «пагаварылі і з усмешкай на тварах разышліся, ніякай варожасці няма», але ўсе супернікі «Нёмана», маўляў, павінныя памятаць, што «ў камандзе ў бядзе ніхто нікога не пакіне – ні на полі, ні за яго межамі». Увогуле, адбылося чарговае выстаўленне Садаўнічага гэтакім «высакародным мсціўцам», якога, па словах кіпера, «падтрымалі трэнер і каманда».

Неўзабаве выйшла і інтэрв'ю з Ягорам Зубовічам. Форвард «Нёмана» сказаў, што ў эпізодзе нібыта «ўсе кажуць пра Садаўнічага», забываючыся, што «сам Анцiлеўскі потым у спіну баднуў». Таксама Зубовіч прыдумаў самае падрабязнае апраўданне дзеянням капітана сваёй каманды і не толькі, пераклаўшы ўсю адказнасць на БАТЭ – а Садаўнічага пахваліў з зусім ужо дзіўнай нагоды.

– Кажуць, што мы не выбілі мяч. Але Алыкулаў жа не бачыў, што Краўцоў ляжыць. А хлопцы з БАТЭ бачылі. Анцiлеўскі асабліва, ён побач прабягаў. Мы крычалі, каб ён аддаў мяч. Не захацеў. Вось Ваня [Садаўнічы] па-свойму і вырашыў эпізод. Вядома, крыху жорстка. Але можна заўважыць, што ён у канцы скачка з прамой нагі зрабіў яе крыху бокам – і ўлятаў ужо вонкавым бокам ступні. Калі б ён гэта зрабіў прамой, то Анцілеўскі, можа, і не ўстаў бы. Але Ваня таксама чалавек», – знайшоў Зубовіч словы для ўхвалення якасцяў свайго капітана нават у такой сітуацыі.

А затым выйшла чарговае інтэрв'ю Кавалевіча – і вось ён якраз сам узняў тэму інцыдэнту ў Барысаве. А падвёў да яе заявай, што калісьці ён «служыў у спецназе, і пад крылом былі дваццаць галаварэзаў, якія да паўтара не лічылі», таму зараз трэнеру нібыта «ў раздзявальні нічога казаць не трэба, дастаткова проста пераступіць парог, каб усё было роўна». Пасля такой прарысоўкі вобраза «крутога хлопца» коўч заявіў, што Садаўнічы – «спакойны, ураўнаважаны» чалавек, і распавёў новую версію: Анцiлеўскі быццам бы спрабаваў «пра штосьцi на полі размаўляць» з капітанам «Нёмана», а «сапраўдныя мужчыны» у свеце Кавалевіча «не даруюць момантаў, калі нехта нешта некалькі разоў неасцярожна сказаў».

«Часам, лічу, людзей даводзіцца выхоўваць сваімі дзеяннямі. І, стоячы на броўцы, бачыў, што Садаўнічы ідзе на выдаленне. Бо ён сапраўдны мужык. Мы ўбачылі каманду свайго трэнера, які не дараваў рэчаў, недазваляльных на полі. Са мной увогуле ніколі нельга было размаўляць», – заявіў Кавалевіч.

Тым часам Садаўнічы за свой фол атрымаў у АБФФ дыскваліфікацыю на шэсць матчаў, адзін з якіх «адседзеў» у апошнім туры ЧБ-2023. Анцiлеўскаму за яго ўдар галавой далі два матчы бана – палова таксама ўжо «згарэла».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты