Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Брэст збірае цікавы склад: кэп зборнай U-19, адкрыццё ЧБ-2023, гульцы моладзеўкі. Плюс захавалі Кісляка і Гардзейчука

Брэст збірае цікавы склад: кэп зборнай U-19, адкрыццё ЧБ-2023, гульцы моладзеўкі. Плюс захавалі Кісляка і Гардзейчука

Нешта будзе?

Аўтар — bytribuna com
1 лютага, 14:00
Брэст збірае цікавы склад: кэп зборнай U-19, адкрыццё ЧБ-2023, гульцы моладзеўкі. Плюс захавалі Кісляка і Гардзейчука

У пачатку студзеня брэсцкае «Дынама» змяніла галоўнага трэнера: замест Андрэя Чалмадзеева, пад кіраўніцтвам якога каманда фінішавала дзясятай, быў запрошаны Аляксандр Бразевіч – па выніках 2023-га ён вывеў «Арсенал» у эліту. Пасля заключэння аднагадовага кантракта са спецыялістам у Брэсце пачалася актыўная падпісная кампанія: пралангаванне пагадненняў з ключавымі гульцамі, а таксама – і гэта самае цікавае – узмацненне навічкамі. За студзень іх прыйшло ўжо сямёра. У падпісной кампаніі заўважны ўхіл у бок моладзі – толькі адзін з навабранцаў старэйшых за 24 гады. І амаль усе яны маюць за плячыма пэўную гісторыю.

Яраслаў Арашкевіч, 23 гады, абаронца/паўабаронца

Правы хаўбек (здольны на гэтым жа флангу, а таксама злева згуляць і ў абароне) стаў першым падпісаннем «Дынама» ў 2024-м. Кантракт з выхаванцам сваёй школы была заключана яшчэ да выхаду каманды з адпачынку. Пагадненне разлічанае на адзін год з опцыяй падаўжэння на сезон.

Частку другой паловы мінулага сезона Арашкевіч правёў у Босніі, дзе так і не дэбютаваў за «Вележ». Расстанне адбылося на фоне заявы клуба, што беларусу «не ўдалося зарэкамендаваць сябе і пазмагацца за месца ў асноўным складзе». Увосень-2023 футбаліст вярнуўся ў Брэст і ўжо тады прыступіў да трэнінгу з «Дынама».

На пазіцыі Арашкевічу давядзецца канкураваць з пераарандаваным у «Ленінградца» Ягорам Карцовым. У другім крузе-2023 расіяніну для шасці асістаў у «вышцы» спатрэбілася 12 матчаў. Таксама справа можа згуляць Міхаіл Гардзяйчук, калі, канешне, Бразевіч вырашыць вярнуць яго з атакі на профільны край.

Таксама магчымае выкарыстанне Арашкевіча на іншых пазіцыях.

Уладзіслаў Лях, 24 гады, абаронца

Да пачатку першага перадсезоннага збору «Дынама» абʼявіла пра пераход левага фулбека, якому далі кантракт на сезон. Лях добра вядомы Бразевічу, бо зусім нядаўна яны разам вярталі «Арсенал» у вышэйшую лігу. Праўда, годам раней абаронца разам з Дзяржынскам і пакідаў эліту.

Усяго ў вышэйшай лізе Лях нагуляў 12 матчаў (4 за «Дынама» Мінск і 8 за «Арсенал»). Футбалісту давядзецца сурʼёзна пастарацца, каб выйграць канкурэнцыю злева ў абароне ў больш вопытнага Іллі Калпачука. Пры гэтым Лях здольны згуляць на супрацьлеглым краі абароны.

Мацвей Дукса, 20 гадоў, паўабаронца

Адно з галоўных адкрыццяў мінулага сезона не па чутках знаёма з «Дынама». У 2018-2019-х левы хаўбек трэнаваўся ў акадэміі брэстаўчан, а потым вярнуўся ў «Смаргонь».

Адтуль яго забіралі рознымі шляхамі. Першым на агента футбаліста Аляксандра Перапечку выйшаў дырэктар «Дынама» Аляксандр Неўдах.

Затым бацьку паўабаронцы Уладзіславу Дукса – трэнеру «Смаргоні» – патэлефанаваў Бразевіч. Дамовіцца дапамагло тое, што ў 2009-м Дукса-старэйшы гуляў пад кіраўніцтвам Бразевіча за ўсё тую ж «Смаргонь». Пасля кансультацый з агентам і бацькам Мацвей Дукса даў станоўчы адказ, адмовіўшы мінскаму «Дынама». Кантракт з навічком разлічаны на тры гады.

На сёння Дукса-сын выглядае жалезным гульцом старту «Дынама». Аднак Бразевіч лічыць, што футбалісту «трэба прапампавацца ў складнасці гульнявога працэсу і ў функцыянальным плане». На гэтай пазіцыі ў камандзе ёсць яшчэ маладзейшы Мікіта Бурак.

Максім Касараб, 20 гадоў, абаронца

Услед за Дуксам ў дынамаўцы запісаўся яшчэ адзін футбаліст маладзёжнай зборнай – і таксама на тры гады. У снежні ў Касараба скончыўся кантракт з «Мінскам», дзе абаронца быў жалезным гульцом старту і часам выводзіў каманду з капітанскай павязкай. Спачатку цэнтрдэфа сваталі ў «Гомель», але ён абраў паўднёва-заходні варыянт развіцця карʼеры са значным ростам заробку. Бразевіч лічыць Касараба адным з найлепшых цэнтральных абаронцаў лігі.

Пасля падпісання кантракта футбаліст расказаў, што да яго была цікавасць з Сербіі і Д2 Расіі. Абаронца не сумуе, што не пакінуў беларускі чэмпіянат, таму што ўпэўнены, што на Радзіме можна «набрацца неабходнага досведу і стаць па-сапраўднаму спелым футбалістам». З магчымых варыянтаў далейшага развіцця карʼеры чамусьці асобна вылучыў РПЛ.

Арцём Рахманаў, 33 гады, абаронца

Акрамя Іллі Багдановіча і камерунца Жоржа Мусінгі ў цэнтры абароны «Дынама» Касарабу давядзецца канкураваць з гэтым дасведчаным гульцом. Рахманаў на прафесійным узроўні не гуляў больш за год – пасля таго, як у канцы 2022-га расстаўся з «Астаной». У абаронцы былі прапановы з КПЛ і Д2 Расіі, але для яго «гэта было б крокам назад». Ветэрану не падабалася, што зацікаўленыя каманды не ставілі вялікіх задач. У пошуках чагосьці новага Рахманаў апынуўся ў Медыялізе, дзе гуляў за каманду лукашэнкаўскага міністэрства па спорце DMedia.

Праз тыдзень пасля выхаду «Дынама» з адпачынку Бразевіч распавёў, што на прагляд прыбыў Рахманаў. Ужо тады трэнер казаў: калі не будзе форс-мажораў, то абаронца падпішацца з камандай. Так і адбылося напрыканцы студзеня.

Арцём Турыч, 19 гадоў, паўабаронца

Капітана зборнай Беларусі U-19 не прыйшлося доўга ўгаворваць заключыць трохгадовы кантракт, бо футбаліст зʼяўляецца выхаванцам школы брэсцкага «Дынама», дзе трэнаваўся з сямі гадоў. У 2021-м Турыч перайшоў у «Рух», а калі праект Аляксандра Зайцава перафарматаваўся ў «Цэнтр футбола», улетку 2022-га адправіўся ў арэнду да «Энергетыка-БДУ», дзе гуляў да апошняга часу. У сталіцы цэнтральны паўабаронца няхай выходзіў на поле ў кожным матчы, але стабільным гульцом старту не зʼяўляўся (14 выхадаў у аснове на 42 матчы ў «вышцы»).

Не гарантаванае Турычу месца і ў брэсцкім старце. У цэнтры поля акрамя вопытных Сяргея Кісляка і Эдгара Аляхновіча «Дынама» мае вялікую групу перспектыўнай моладзі, якая ўжо добра ведае, што такое матчы вышэйшай лігі, – Дзяніс Кавалевіч, Дзмітрый Лясняк, Кірыл Цапянкоў і Аляксандр Фісюк.

Герман Баркоўскі, 21 год, нападаючы

Гэтае падпісанне «Дынама» аформіла ў апошні дзень студзеня. Ужо шосты гулец моладзевай зборнай у ростары Бразевіча заключыў кантракт на два сезоны. Брэстаўчанам удалося выйграць барацьбу за форварда, якім нібыта цікавіліся больш статусныя мінскае «Дынама», «Нёман» і БАТЭ. Пры гэтым у мінулым сезоне Баркоўскі не адрозніваўся высокай выніковасцю – шэсць галоў у 20 матчах за «Энергетык-БДУ». Таксама яму не ўдалося забіць у шасці гульнях за моладзевую зборную.

За месца адзінага нападаючага ў старце ў «Дынама» намячаецца сурʼёзная канкурэнцыя. Не факт, што Бразевіч захоча апускаць у паўабарону Гардзейчука, які ў мінулым сезоне ўпэўнена глядзеўся наперадзе. Таксама ў складзе ёсць Джасфат Лапаго – кеніец хутка адаптаваўся ў вышэйшай лізе і за другі круг-2023 выбіў 4+2 у 12 матчах, гуляючы ў сярэднім па 53 хвіліны.

Каго перападпісалі

Яшчэ клуб захаваў ветэранаў. Экс-гульцы зборнай Беларусі Сяргей Кісляк, Эдгар Аляхновіч і Міхаіл Гардзяйчук працягнулі кантракты і трэнуюцца ад першага дня перадсезонкі. Апошні з 12 галамі стаў чацвёртым бамбардзірам чэмпіянату-2023. Мінімум на сезон застаецца ў «Дынама» яшчэ адзін футбаліст 33+ – Ілля Калпачук, які летась закрываў левы край у абароне.

Таксама клуб абнавіў дамовы са сваімі асноўнымі маладымі актывамі. У снежні на два гады кантракт з брэстаўчанамі прадоўжыў брамнік моладзевай зборнай Міхаіл Казакевіч. Застаюцца ў «Дынама» яшчэ два прадстаўнікі беларускай U-21 – абаронца Багдановіч і хаўбек Бурак.

З кім развіталіся

Тры навічкі-абаронцы ў Брэсце не павінны здзіўляць, бо «Дынама» зімой рассталася з вялікай групай футбалістаў абароны. Каманду пакінулі адразу трое цэнтральных абаронцаў, без якіх нельга было ўявіць леташні склад: Аляксандр Пазняк перайшоў у «Арсенал», Арцём Літвякоў – у «Неджмех» (Ліван), а Дзмітрый Зіновіч стаў свабодным агентам. Паўабаронца Дзмітрый Бага пакуль трэнуецца з «Шахцёрам».

З менш знакавых страт зафіксуем сыход абаронцаў Уладзіміра Шчэрбы («Ніва», Д2), Ігара Тыманюка, Яўгена Юдчыца, Арцёма Япрынцава і паўабаронцаў Седрыка Куадзіа і Аляксандра Булычова.

Іншыя пасты блога

Усе пасты