Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Стала вядома, чаму рэжымны бізнесмен хоча закрыць футбольны праект – праз канфлікт з босам АБФФ

Стала вядома, чаму рэжымны бізнесмен хоча закрыць футбольны праект – праз канфлікт з босам АБФФ

Аляксандр Зайцаў не першы раз палохае федэрацыю.

Аўтар — bytribuna com
1 лютага, 20:33
3
Стала вядома, чаму рэжымны бізнесмен хоча закрыць футбольны праект – праз канфлікт з босам АБФФ

31 студзеня «Трыбуна» паведаміла, што праект бізнесмена Аляксандра Зайцава «Цэнтр развіцця футбола», які ўключае акадэмію ў Брэсце і яе філіялы ў некалькіх гарадах Беларусі, а таксама каманду, якая па выніках сезона-2023 прабілася з Д3 у Д2, знаходзіцца на мяжы закрыцця. Крыху пазней стала вядома, што ФК «Цэнтр футбола» накіраваў у федэрацыю футбола ліст аб зняцці калектыву з чэмпіянату Першай лігі. Акрамя таго, здымаюцца са сваіх спаборніцтваў і дзіцячыя каманды.

Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – свет!» разбіраўся ў сітуацыі. «Трыбуна» перадрукоўвае тэкст.

Яшчэ нядаўна праект жыў спакойным жыццём. Летам 2023-га паведамлялася, што Аляксандр Зайцаў, які ў свой час стаяў за брэсцкімі клубамі вышэйшай лігі «Дынама» і «Рух», але адмовіўся ад іх, працягвае фінансаваць «Цэнтр развіцця футбола», дзе стаўка рабілася на развіццё дзяцей і моладзі. Ва ўласнасць гэтай структуры перайшла брэсцкая футбольная Акадэмія са сваімі філіяламі. Каб выхаванцы маглі развівацца, была заяўлена свая каманда ў трэці дывізіён на сезон-2023. Там клуб, нягледзячы на малады склад, не затрымаўся – па выніках чэмпіянату стаў трэцім і ў канцы года адправіў афіцыйны ліст у АБФФ, каб пацвердзіць намер удзельнічаць Д2.

Але сёння, здаецца, праект блізкі да закрыцця, пры гэтым каманда «Цэнтра футбола» фармальна працягвае рыхтавацца да ўдзелу ў Д2. Пачаўшы перадсезонку з таварняку супраць «Хвалі» (1:1), каманда працягнула зіму турнірам «Белазавец». У Жодзіне калектыў ужо згуляў з топамі вышэйшай лігі – і выглядаў не безнадзейна: 29 студзеня саступіў «Нёману» 1:2, а праз два дні з такім жа лікам прайграў «Тарпеда-БелАЗ». Абодва мячы за каманду Вячаслава Грыгарава ў Жодзіне забіў Ілля Цішураў. 2 лютага брэстаўчане правядуць апошнюю сустрэчу турніру з БАТЭ.

Магчыма, гэта будзе і апошняя гульня ў гісторыі калектыва.

Усё ідзе да таго, што на гэтым падрыхтоўка да сезона будзе скончана. Федэрацыя сапраўды ўжо папярэджаная, што «Цэнтр футбола» не мае намеру выходзіць на старт ні ў першай лізе, ні дзе-небудзь яшчэ.

Што адбылося?

Паводле нашай інфармацыі, некаторы час таму ў Аляксандра Зайцава і старшыні АБФФ Мікалая Шарснёва адбылася размова, і завяршылася яна, як кажуць нашыя крыніцы, сурʼёзным канфліктам. Зайцаў паставіў Шарснёва перад фактам, што здымае каманду «Цэнтр футбола» з чэмпіянату Д2 і ўвогуле закрывае праект. Падставай для рашэння сталі рознагалоссі вакол каманды АБФФ U-17.

У новым сезоне ў Д2 плануецца заявіць каманду АБФФ U-17. З такой ідэяй выступіла федэрацыя напрыканцы мінулага года. Галоўная мэта – стварэнне базавага клуба юнацкай зборнай, каб хлопцы, гуляючы супраць больш сурʼёзных супернікаў на больш высокім узроўні, рыхтаваліся да міжнародных турніраў, у прыватнасці, да кваліфікацый чэмпіянату Еўропы.

Менавіта гэта ідэя не спадабалася Зайцаву. Па задуме АБФФ, у камандзе 17-годак мусяць быць сабраныя наймацнейшыя гульцы з футбольных акадэмій і школ Беларусі, каб, уласна, нагульвацца для зборнай. Планавалі забіраць футбалістаў і ў «Цэнтра футбола» – Зайцаў, па сутнасці, быў пастаўлены перад фактам: «у інтарэсах развіцця дзіцяча-юнацкага футбола Беларусі» ён павінен на бясплатнай аснове перадаваць камандзе АБФФ U-17 гульцоў пэўнага па ўзросту.

Футбалістаў ва ўзросце не старэйшых за 17 гадоў дастаткова ў «Цэнтры футбола»: абаронцам Яўгену Радзькову, Уладзіславу Кібаку, Арцёму Акатаву, паўабаронцам Даніілу Песняку, Глебу Мішыну і Івану Сычыку па 16 гадоў. Ёсць гульцы, якім і па 15 гадоў, ёсць і 17-гадовыя. Увогуле, прэтэндэнтаў на перавод у каманду АБФФ U-17 хапае. Тым больш некаторыя прадстаўнікі «Цэнтра футбола» ужо і так прыцягваліся ў юнацкую зборную.

Зайцаў з такім падыходам не пагадзіўся. Па звестках нашых крыніц, рэжымны бізнесмен хацеў, каб маладыя выхаванцы паварыліся ў першай лізе ў складзе каманды «Цэнтр футбола» пад кіраўніцтвам Грыгарава, каб вырас шанец зарабіць на продажы гульцоў. Рэформы АБФФ зрываюць гэты план.

У выніку Зайцаў прыгразіў Шарснёву, што здыме каманду і закрые праект. Праз некалькі дзён за пагрозамі рушылі дзеянні. Паводле нашых звестак, у брэсцкай Акадэміі ўжо абʼяўлена трэнерам і гульцам, што калектывы дзіцяча-юнацкіх узростаў здымаюцца з рэспубліканскіх спаборніцтваў. Якая будучыня чакае настаўнікаў як акадэміі, так і клуба, які меў намер гуляць у Д2, – пытанне. Што будзе ў цэлым з праектам? Ці знікне ён у прынцыпе або, магчыма, Зайцаў перадасць яго іншым людзям? Нашыя суразмоўцы, знаёмыя са справамі ў брэсцкім футболе, не могуць нават выказаць меркаванне, якой будзе развязка гэтай гісторыі.

Па нашай інфармацыі, 5 лютага ў брэсцкай Акадэміі пройдзе збор кіраўнікоў, дзе і будзе агучанае канчатковае рашэнне пра лёс праекту.

Каб разабрацца ў сітуацыі, тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – свет!» звяртаўся да дырэктара «Цэнтра футбола» Антона Карманава. Прачытаўшы пытанні, функцыянер не даў ніякага адказу.

Таксама мы спрабавалі звязацца з Зайцавым. Аднак і тут пытанні і тэлефанаванні засталіся без рэакцыі.

Зайцаў не першы раз бадаецца з АБФФ

Гэта не першы раз, калі рэжымны бізнесмен канфліктуе з кіраўніцтвам АБФФ. У 2021 годзе, зʼяўляючыся ўладальнікам «Руху», Зайцаў меў намер добраахвотна выйсці з выканкама федэрацыі. Падставай паслужыла несправядлівае, на яго думку, судзейскае рашэнне ў матчы з мінскім «Дынама» – супернікі на той момант змагаліся за прамежкавую бронзу вышкі. Арбітр Сяргей Краснікаў на 30-й хвіліне пакінуў «Рух» у меншасці, выдаліўшы Аляксея Вакуліча, а сталічная каманда перамагла з лікам 3:1. Пры гэтым Зайцаў прасіў тагачаснага старшыню федэрацыі Уладзіміра Базанава не прызначаць Краснікава на матч, бо нібыта меў звесткі аб прадузятасці суддзі ў адносінах да «Руху». У АБФФ гэты сігнал праігнаравалі.

Праўда, самому выйсці з выканкама нельга, рэжымны бізнесмен фармальна заставаўся ў ім да вясны 2023-га, пакуль да ўлады не прыйшоў Шарснёў і ўжо пры ім не быў сфармаваны новы склад органа.

Яшчэ раней Зайцаў скандаліў праз кейс Савіцкага. Брэсцкае «Дынама» думала, што бясплатна падпісала футбаліста, а выявілася, што «Нёман» мае права на грашовую кампенсацыю. Яе памер варʼіраваўся ад 211 тысяч долараў да 400 тысяч. Зайцаў казаў пра тое, што з яго «па-пацанску хочуць зняць грошы». Плаціць ён не збіраўся, а ў якасці забойнага аргументу вясной 2019-га сігналізаваў федэрацыі Сяргея Румаса пра гатоўнасць зняць каманду з чэмпіянату Беларусі і заявіць яе ў які-небудзь іншы турнір. Як варыянт тады фігуравала Польшча. Тая вайна скончылася для Зайцава капітуляцыяй, але не толькі. Клуб застаўся ў ЧБ, кіраўнік пагадзіўся заплаціць 265 тысяч долараў, якія з яго патрабавалі, пры гэтым брэсцкае «Дынама» стала чэмпіёнам, у тым ліку пры дапамозе Савіцкага.

Фота: fcenter.by

 

Іншыя пасты блога

Усе пасты