Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Віцебск» падпісаў гульца, які дапамог яму патрапіць у «вышку», выступаючы за суперніка

«Віцебск» падпісаў гульца, які дапамог яму патрапіць у «вышку», выступаючы за суперніка

У гэтым годзе легіянера ўжо падпісвала «Славія».

Аўтар — Pam-pam
7 лютага, 06:23
2
«Віцебск» падпісаў гульца, які дапамог яму патрапіць у «вышку», выступаючы за суперніка

Бронзавы прызёр першай лігі «Віцебск», які заваяваў пуцёўку ў беларускую эліту праз стыкі з «Энергетыкам-БДУ», паволі запаўняе свой ростар. Клуб падоўжыў супрацу з 25-гадовым нападнікам Яўгенам Красновым, 21-гадовым паўабаронцам Янам Скібскім, а таксама 29-гадовым форвардам Русланам Цэверавым.

Сярод навічкоў каманды ўжо ёсць паўабаронца Дзмітрый Гірс, які выступаў у мінулым сезоне за «Слуцк». Менавіта ён забіў найлепшы мяч ЧБ-2023 – гэта сапраўды было моцна.

Вярнуўся ў каманду абаронца Мікіта Навумаў – мінулы год ён правёў у казахстанскім «Кызыл-Жары». Ну а яшчэ да «Віцебска» далучыўся таджыкістанскі абаронца Вепа Жумаеў (дарэчы, за ўсімі трансферамі клубаў можна сачыць у адмысловых раздзелах «Трыбуны» – выглядае гэта, як на скрыне ніжэй).

23-гадовы туркменістанскі гулец збіраецца правесці ў Беларусі свой пяты сезон – у ліпені 2020-га ён перабраўся з ашхабадскага «Капетдага» у рагачоўскі «Дняпро», які пазней назавецца «Макслайнам» і будзе змагацца за вышэйшую лігу, а тады яшчэ проста выступаў у Д3. Жумаеў стаў першым міжнародным трансферам у гісторыі клуба.

У красавіку 2021-га Жумаеў перайшоў у гомельскі «Лакаматыў», дзе сумяшчаў футбол з вучобай на энергетычным факультэце ў тэхнічным універсітэце. У першы сезон за чыгуначнікаў абаронца правёў 33 матчы першай лігі, забіў 1 мяч і аддаў 2 галявыя перадачы. Тады гомельская каманда завяршыла сезон на 6-м месцы.

Улетку 2022-га абаронца атрымаў выклік у зборную Туркменіста U-23 для ўдзелу ў моладзевым Кубку Азіі (галевым пасам дапамог перамагчы Іран і патрапіць камандзе ў чвэрцьфінал, а агулам узяў удзел у чатырох матчах). Крыху больш, чым праз год, ён быў запрошаны ў галоўную каманду сваёй краіны (у лістападзе-2023 правёў поўны матч кваліфікацыі чэмпіянату свету супраць Ганконга, 2:2).

У свой другі сезон у Гомелі гулец правёў 21 матч, у якіх адзначыўся 1 мячом і 1 выніковай перадачай.

У сакавіку 2023-га Жумаеў падпісаў кантракт з «Энергетыкам-БДУ», на той момант яшчэ дзейным срэбным прызёрам чэмпіянату Беларусі. Але так было нядоўга. Неўзабаве клуб пакаралі за махінацыі свайго топ-менеджара Анатоля Юрэвіча, які нібыта прадаваў чэмпіёнства «Шахцёру».

У форме «студэнтаў» легіянер паўдзельнічаў у 28 матчах чэмпіяната і вызначыўся 2 галамі і 1 галявой перадачай. Спярша з пенальці засмуціў «Нёман», хоць гэта і не дапамагло перамагчы (1:3).

Другі мяч дастаўся «Славіі» – ізноў жа з кропкі. Той удар стаў пераможным (3:1).

Па выніках сезона «Энергетык», пазбаўлены ў чэмпіянаце 20 пунктаў, фінішаваў 14-м і адправіўся гуляць стыкавыя сустрэчы за права захаваць элітную прапіску з «Віцебскам».

У першым матчы супернікі не выявілі наймацнейшага (0:0), а ў сустрэчы ў адказ лік быў адкрыты ўжо на сёмай хвіліне – Руслан Цевераў рэалізаваў пенальці, які быў прызначаны за кантакт у штрафной «студэнтаў». Жумаеў высока выскачыў і ўрэзаўся ў спіну капітану «Віцебску» Яну Скібскаму. Сам абаронца адрэагаваў на свісток Сяргея Сцяцурына ўсмешкай.

Некаторыя ў тым моманце ўгледзелі памылку арбітра. Тым не менш гол з пенальці, якім скарыстаўся Цевераў, стаў адзіным у той сустрэчы і дазволіў «Віцебску» вярнуцца ў «вышку» праз год пасля вылету. «Энергетык-БДУ» адправіўся на паніжэнне пасля пяці сезонаў у эліце.

У міжсезонне Жумаеў прыцягнуў увагу «Славіі» і нават падпісаў кантракт з камандай у сярэдзіне студзеня, але ўжо праз тры тыдні стала вядома, што туркменістанец пакідае клуб. Нібыта падпісаннем абаронцы з траўмай застаўся незадаволены галоўны трэнер мазырчукоў Іван Біёнчык. Таму было прынятае рашэнне растацца з легіянерам.

А вось «Віцебск», мяркуючы па ўсім, траўма гульца хвалюе не так моцна – 5 лютага клуб аб'явіў пра падпісанне. Там ужо добра знаёмыя са здольнасцямі футбаліста.

Іншыя пасты блога

Усе пасты