Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Лісаковіча з траўмай галавы пасля п’янай бойкі ўзяў «Нёман»: цікавасць БАТЭ – няпраўда, у Гродне чакаюць аднаўлення

Лісаковіча з траўмай галавы пасля п’янай бойкі ўзяў «Нёман»: цікавасць БАТЭ – няпраўда, у Гродне чакаюць аднаўлення

Раскрываем дэталі.

Аўтар — bytribuna com
16 лютага, 18:00
1
Лісаковіча з траўмай галавы пасля п’янай бойкі ўзяў «Нёман»: цікавасць БАТЭ – няпраўда, у Гродне чакаюць аднаўлення

15 лютага «Нёман» абвясціў, што да каманды далучаецца 21-гадовы паўабаронца Руслан Лісаковіч. Дагавор разлічаны да канца 2024-га. Хоць за некалькі дзён да падпісання была інсайдарская інфармацыя, што Лісаковіч мае праблемы з медаглядам і рызыкуе да лета працягнуць аднаўленне ад памятнай траўмы – у кастрычніку гулец, выпіўшы пасля паражэння 1:6 з маладзёжнай зборнай у Партугаліі, выйшаў у горад, справакаваў бойку і стукнуўся галавой аб асфальт.

Чаму ж у выніку «Нёман» узяў Лісаковіча на кантракт? Даведаліся дэталі сітуацыі.

Лісаковіч пасля траўмы аднаўляўся ў сваім ранейшым клубе – махачкалінскім «Дынама» з расійскага Д2. Там не каралі гульца, ён займаўся па сваёй праграме з дублёрамі, не сыходзячы ў адпачынак, у студзені далучыўся да збору асновы. Але 20 студзеня клуб раптоўна паведаміў пра спыненне супрацоўніцтва з гульцом «у адпаведнасці з інтарэсамі абодвух бакоў».

6 лютага ў прэсе пайшлі звесткі пра цікавасць да Лісаковіча ад «Нёмана». 7 лютага журналіст Уладзіслаў Татур дадаў, што футбаліст трэніруецца з гродзенцамі. А яшчэ заявіў, што гулец таксама цікавы БАТЭ. Зрэшты, паводле нашай інфармацыі, гэта няпраўда: барысаўчане ўвогуле не разглядалі Лісаковіча як патэнцыйнага навiчка.

А вось увага з Гродна сапраўды была прадметнай. Ігар Кавалевіч гатовы быў браць футбаліста без прагляду – трэнер упэўнены, што гулец дапаможа «Нёману» у новым сезоне. Аднак у клубе сумняваліся, ці трэба падпісваць Лiсаковiча. Галоўнай перашкодай былі невыразныя тэрміны аднаўлення пасля траўмы.

Пасля прыбыцця Лісаковіча ў Гродна клубныя ўрачы «Нёмана» правялі паглыблены агляд футбаліста. Вынікі сталі вядомы некалькі дзён таму. Згодна з медыцынскім заключэннем, пры выкананні ўсіх рэкамендацый па аднаўленні паўабаронца зможа вярнуцца да працы ў агульнай групе з паўнавартаснымі нагрузкамі значна раней за лета – у сакавіку-красавіку. Далей пытанне толькі ў наборы аптымальнай формы.

«Нёман» першыя свае афіцыйныя матчы ў 2024-м правядзе 3 і 9 сакавіка ў чвэрцьфінале Кубка супраць «Мінска». Першы тур ЧБ пройдзе ў сярэдзіне сакавіка, другі – у канцы месяца з-за паўзы на матчы зборных. Увогуле, пасля спрыяльнага прагнозу па Лісаковічы ад лекараў у «Нёмане» перасталі сумнявацца і заключылі кантракт з гульцом.

Цяпер паўабаронца працягвае працу ў камандзе, прычым не толькі работае па індывідуальным плане, але і прыцягваецца да трэніровак з асноўным складам. Пакуль без залішняй нагрузкі і цяжкіх практыкаванняў – трэнерскі штаб улічвае стан гульца.

Канкурэнтамі па пазіцыі апорніка ў Лісаковіча ў «Нёмане» з’яўляюцца 34-гадовы Міхаіл Казлоў і 36-гадовы Ігар Кастроў. Апошні далучыўся да каманды ў студзені 2024 года, у мінулым сезоне рэгулярна гуляў у «Славіі» – правёў 26 матчаў (у сярэднім 57 хвілін на полі), зарабіў дзве жоўтыя карткі.

Казлоў прыйшоў у «Нёман» перад сезонам-2023 і правёў у ім 39 матчаў – усе ў стартавым складзе, у сярэднім па 85 хвілін на полі, – атрымаўшы чатыры жоўтыя. Паўабаронца, бясспрэчна, моцна дапамог камандзе ўзяць срэбра ЧБ-2023. Таксама гэта адзін з гульцоў, якія атрымліваюць у «Нёмане» максімальныя для клуба пяць тысяч долараў за месяц.

Казлоў ужо кажа, што з Кавалевічам яны «як сваякі», а таксама папярэджвае, што ў «Нёмане» ёсць «правілы, якіх неабходна прытрымлівацца, жорсткі мужчынскі калектыў». Увогуле, Лісаковічу, чыё прозвішча ў белфутболе – сінонім «складанага характару», яшчэ трэба ўпісацца ў каманду.

Іншыя пасты блога

Усе пасты