Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Пасля няўдачы ў Суперкубку Кавальчук асабіста разнёс «Дынама». Яго паслухалі, выправіліся – і перамаглі БАТЭ!

Пасля няўдачы ў Суперкубку Кавальчук асабіста разнёс «Дынама». Яго паслухалі, выправіліся – і перамаглі БАТЭ!

Сакрэт поспеху ад лукашыста.

Аўтар — bytribuna com
7 сакавіка, 18:00
3
Пасля няўдачы ў Суперкубку Кавальчук асабіста разнёс «Дынама». Яго паслухалі, выправіліся – і перамаглі БАТЭ!

У суботу 2 сакавіка мінскае «Дынама» прайграла «Тарпеда-БелАЗ» матч за Суперкубак. Асноўны час скончыўся з лікам 0:0, а ў серыі пенальці больш удачлівымі аказаліся аўтазаводцы 4:3. Два ўдары з «кропкі» пацягнуў выхаванец мінчукоў Цімафей Юрасаў, які цяпер выступае за Жодзіна.

Галоўны трэнер «бела-блакітных» Вадзім Скрыпчанка, па словах абаронцы Максіма Швяцова, у распранальні заклікаў падапечных забыць няўдачу, але зрабіць гэта аказалася не так і проста.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання «Дынама» адправілася з Салігорска, дзе праходзіў матч, у Мінск, каб ужо на наступны дзень пачаць падрыхтоўку да чвэрцьфіналу Кубка Беларусі супраць БАТЭ. У нядзелю каманда правяла аднаўленчы трэнінг на «Дынама-Юні», але пасля яго заканчэння не выправілася па дамах, а атрымала загад зʼявіцца на стадыён «Дынама». Аказалася, што так званаму міністру спорту Сяргею Кавальчуку вельмі карціць падзяліцца сваімі высновамі пасля матча за Суперкубак.

Гульцоў, трэнераў і нават кіраўнікоў клуба сабралі ў канферэнц-зале стадыёна «Дынама». Кавальчук прыехаў адзін, без сваіх намеснікаў, і зладзіў камандзе разнос. Чыноўнік адразу стаў прадʼяўляць прэтэнзіі за страчаны трафей. На думку лукашыста, «Дынама» не паказала ні якаснага футбола, ні цікавай гульні. Гэта падштурхнула яго да высновы, што ў «Дынама» на сёння проста няма калектыву.

Куратар клуба ад рэжыму, які ўплываў на трансферную палітыку і гэтай зімой, не рабіў ніякай скідкі на тое, што некаторыя ключавыя выканаўцы, чыя дапамога ў заваёве золата-2023 была вельмі істотнай, знайшлі новыя варыянты працягу карʼеры. Не абышлося без пагроз. Кавальчук паабяцаў, што калі «Дынама» працягне так гуляць і далей, то варта чакаць «жорсткіх мер». Пры гэтым чынуша не канкрэтызаваў, што мае на ўвазе – ўразанне заробкаў, кадравыя рашэнні ці нешта яшчэ.

Сход доўжыўся дзве гадзіны. І, па сутнасці, гэта быў маналог псеўдаміністра. Ніхто не адважыўся яму пярэчыць ці задаваць пытанні.

Падчас стэндапа Кавальчук назваў адну з галоўных, на яго думку, прычын няўдачы ў матчы з Жодзіна. Шчыры лукашыст папракнуў дынамаўцаў у тым, што яны недастаткова натхнёна выконвалі рэжымны гімн перад гульнёй за Суперкубак. Па яго назіраннях, тарпедаўцы спявалі лепей, укладваючы больш эмоцый. Бядовы чыноўнік выказаў здагадку, што калі б гульцы «Дынама» былі больш патрыятычнымі, калі б таксама спявалі ўсе разам, то гэта дадало б калектыву жадання выкладвацца на поле, згуртавала б і наблізіла да перамогі.

Адзначым, што футбалісты «Дынама» і блізка не прадэманстравалі таго ўзроўню патрыятызму, якога чакаў ад іх Кавальчук. Па-сапраўднаму ў Салігорску стараўся толькі капітан Сяргей Паліцевіч. Арцём Быкаў сарамліва варушыў вуснамі, а некаторыя нават ленаваліся раскрываць рот. Гэта ўсё зафіксавала тэлетрансляцыя.

Пасля сходу каманда разʼехалася. 6 сакавіка яна правяла сустрэчу з БАТЭ ў чвэрцьфінале Кубка на стадыёне ФК «Мінск». І, як відаць па трансляцыі, навучанне лукашыста дало эфект. Практычна ўсё «Дынама» спявала гімн рэжыму, і толькі расійскі нападаючы Павел Мялёшын, які прыехаў у арэнду з маскоўскага «Спартака», стаяў з закрытым ротам, але яму можна.

У выніку «Дынама» перамагло 1:0. Магчыма, Вадзіму Скрыпчанку варта задумацца пра дадатковыя трэнінгі па вакальным майстэрстве, калі гэта працуе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты