Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Ззяў у Брэсце, у БАТЭ прыйшоў, каб даказваць, але не трапляе нават у заяўку. Што адбываецца з Шасцюком?

Ззяў у Брэсце, у БАТЭ прыйшоў, каб даказваць, але не трапляе нават у заяўку. Што адбываецца з Шасцюком?

Клуб прапаноўваў форварду зрэзаць заробак, па гульні – вялікія пытанні.

Аўтар — bytribuna com
18 сакавіка, 17:29
Ззяў у Брэсце, у БАТЭ прыйшоў, каб даказваць, але не трапляе нават у заяўку. Што адбываецца з Шасцюком?

Форвард Аляксандр Шасцюк у свае 21 ужо паспеў пабыць і талентам з перспектывай, і расчараваннем, якое прыехала на перазагрузку ў БАТЭ. Атрымліваецца пакуль не вельмі: у мінулым сезоне быў на падхваце, а ў гэтым пасля трох хвілін у кубкавым матчы з «Дынама» перастаў трапляць у заяўку. Ігар Крывушэнка ўжо двойчы патлумачыў (раз, два), што нападнік прайграе канкурэнцыю, а проста так трымаць яго на лаўцы няма сэнсу.

Што здарылася з Шасцюком? Няўжо ён настолькі слабы? Паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі.

Што паказаў у БАТЭ ў 2023-м?

Пакуль зусім непрацяглая карʼера Аляксандра Шасцюка на дарослым узроўні пакідае змяшаныя ўражанні. Двойчы ў Брэсце выхаванец мясцовага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі выбіваў за «Дынама» па чатыры мячы ў чэмпіянаце – нібыта і някепска з улікам узросту (у 2021-м яшчэ было тры асісты, у 2022-м – адзін). Паміж гэтым ён паспрабаваў стаць легіянерам, але праваліўся і ў Расіі (Ніжні Ноўгарад), і ў Латвіі (РФШ). Зразумела, чаму БАТЭ падабраў гульца ў студзені 2023-га. Але таксама зразумела і тое, што з гэтай задумы пакуль нічога не атрымліваецца.

Шасцюк разглядаў БАТЭ як магчымасць даказаць сваю прыдатнасць і «зʼехаць яшчэ раз [за мяжу], і круцей, чым у Расію і Латвію». Тагачасны галоўны трэнер брэсцкага «Дынама» Ігар Крывушэнка называў сыход Шасцюка стратай. Сёння спецыяліст выказваецца зусім інакш.

Першы трэнер Шасцюка Сяргей Грыб параўноўваў падапечнага з Раманам Васілюком па галявым чуцці і ўменні выбіраць пазіцыю.

-- Ён проста вельмі накіраваны на вароты. Бывалі такія моманты, што, здавалася, ужо мяч страчаны, усё загуляна, але Саша ўсё роўна ўмудраўся вярнуць мяч і працягнуць атаку, ён заўсёды хацеў забіваць. Пры гэтым наогул не сказаць, што гэта гулец фланга – я яго бачыў выключна ў цэнтры нападу. Вельмі моцна вылучаўся галявым чуццём: заўсёды ведаў, дзе ў тым ці іншым эпізодзе трэба знаходзіцца, куды прыляціць мяч. Я яго нават параўноўваў з Ромам Васілюком – менавіта па галявым нюху, па выбары пазіцыі. Я ж сам пагуляў з Васілюком, – казаў Грыб.

Але ў Барысаве цэнтрфорвард асноўным пакуль так і не стаў. Кірыл Альшэўскі часцей давяраў больш эфектыўным Дзянісу Лапцеву і Дзмітрыю Анцілеўскаму, хоць Шастюк заставаўся стабільным гульцом ратацыі. Усяго ён згуляў за БАТЭ ў 33 матчах ва ўсіх турнірах, прычым толькі шэсць разоў выйшаў у старце, а поўныя матчы праводзіў толькі ў Кубку з «Нёманам» (120 хвілін) і з «Астраўцом» (90). У сярэднім Шасцюку адводзілі 24 хвіліны на поле. За сезон-2023 нападнік вызначыўся пяццю галамі і дзвюма перадачамі. Самай прадуктыўнай для яго стала гасцявая гульня чэмпіянату супраць «Белшыны»: БАТЭ перамог 3:0, а Шасцюк набраў 1+1 (адзнакі 2,36 і 3,05 адпаведна).

Правальным атрымаўся выезд у родны Брэст. Шасцюк выйшаў на поле на 59-й хвіліне замест Дзяніса Лапцева пры ліку 2:1 на карысць БАТЭ, праз шэсць хвілін атрымаў першае папярэджанне, калі выйшаў са сценкі пры розыгрыш штрафнога, а на 72-й атрымаў другую жоўтую за фол на брамнікаў дынамаўцаў (адзнака 3,50). Зрэшты, Барысаў утрымаў перавагу.

А яшчэ быў нерэалізаваны пенальці ў матчы з брэсцкім «Дынама» ў другім коле (БАТЭ перамог 4:0). Як аказалася, узяўшыся выконваць удар, форвард парушыў устаноўку Альшэўскага, які прызначыў штатным пенальцістам Валерыя Грамыку. За гэта прыляцелі дысцыплінарныя спагнанні: пропуск наступнай гульні, штраф і пакупка для каманды «Кола-Колы».

Адзначым таксама, што за год віртуальны трансферны кошт Шасцюка прыстойна ўпаў. Па ацэнцы «Трансфермаркт», у канцы восені 2022-го гулец каштаваў 250 тысяч еўра, а ў снежні 2023-го гэты паказнік апусціўся да 150 тысяч.

Чаму знік са складу цяпер?

Асноўныя канкурэнты Шасцюка – Лапцеў і Анцілеўскі – у міжсезонне пакінулі БАТЭ, а вось у яго самога кантракт дзейнічае да канца 2024-га. Па звестках «Трыбуны», у міжсезонне кіраўніцтва клуба прапаноўвала нападніку перагледзець умовы і пайсці на паніжэнне заробку. Аргументы да такога кроку – узровень гульні і ККД не адпавядае тым грашам, якія футбаліст атрымліваў цягам сезона (каля 2 тысяч долараў у месяц). Аднак футбаліст адказаў адмовай, і гэта, паводле звестак нашых крыніц, у нейкай ступені паўплывала на стаўленне да яго з боку трэнерскага штаба, які прыслухоўваецца да меркавання Андрэя Капскага.

Тым не менш у міжсезонне Шасцюку давалі магчымасці пацвердзіць свае прэтэнзіі на стартавы склад, аднак спарынгі складаліся няўдала. Крывушэнка даваў гульцу практыку ў розных абʼёмах амаль ва ўсіх матчах (у 8 з 10), але ў актыве – толькі адзін галявы пас у пераможным матчы з прадстаўніком Д3 «Цэнтрам футбола» на турніры «Белазавец».

– Шчыра, Шасцюк не вельмі моцна і добра глядзеўся ў тых матчах, у якіх выходзіў на поле. Практычна ў кожным атрымліваў гульнявую практыку, аднак не забіваў, хаця і меў моманты. Слаба чапляўся за мяч, рухі крыху хаатычныя. Пры гэтым, што цікава, у яго быў адзін з найлепшых паказнікаў тэстаў на трываласць ва ўсёй камандзе. Тым не менш тое, што патрабуецца ад цэнтральнага нападніка – забіваць, ісці ў атаку, чапляцца за мяч, змагацца наперадзе – гэтага ці не было ўвогуле, ці атрымлівалася вельмі слаба, – падзяліўся сваімі назіраннямі адзін са спецыялістаў, які сачыў за форвардам зімой.

Як вынік – у пачатку сезона Крывушэнка аддае перавагу ў цэнтры нападу зусім іншым цэнтрфорвардам: навічку Андрэю Панюкову і барысаўскаму выхаванцу Аляксандру Шведчыкаву.

– Вось да Панюкова, напрыклад, мяч ліпне, ён яго ўмее трымаць пры сабе. А ў Шасцюка наадварот – мяч увесь час адскоквае. Яшчэ праблема ў тым, што Шасцюк выходзіць на поле з мэтай забіць. Так, гэта скіраванасць на вароты, але такое імкненне гуляе злы жарт – шмат хаосу наперадзе, лішнія рухі. У Панюкова і таго ж Шведчыкава ўсё спакайней, больш размерана, што ў выніку і перарастае ў галы, – разважае яшчэ адзін спецыяліст, які назірае за гульнямі БАТЭ.

Пакуль выніковасць барысаўскай атакі не выклікае вялікіх пытанняў. Панюкоў адзначыўся двума асістамі ў матчы ў адказ з «Дынама» ў Кубку, а «Мінску» забіў сам. Шведчыкаў супраць «Дынама» і забіў, і асіставаў Алегу Нікафарэнку.

Ну а Шасцюк сёлета атрымаў толькі тры хвіліны: у першым кубкавым матчы з «Дынама» пры змене тактычнага малюнка выйшаў на 87-й хвіліне замест апорніка Уладзіслава Русенчыка і нічым адзначыцца на паспеў.

– У яго добрая хуткасць, досыць шпаркі хлопец, але абыходжанне з мячом не на самым высокім узроўні. Гэта калі мякка сказаць. Так, старанны футбаліст, працуе на трэнінгах, небезуважны, але па асноўных паказніках цэнтральнага нападніка ўсё ж справядліва прайграе канкурэнцыю і Панюкову, і Шведчыкаву. Так што трэнерскія рашэнні па справе. Адзінае, дзіўна, што Шасцюк нават у заяўку не трапляе. Але, відаць, у Крывушэнкі сваё бачанне наконт футбаліста, – падзяліўся меркаваннем адзін з футбольных спецыялістаў.

Фота: fcbate.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты