Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Зборная Беларусі «хатнія» матчы сёння прымае за мяжой – і гэта істотныя выдаткі. Толькі гляньце, колькі пацягнула сустрэча з Чарнагорыяй

Зборная Беларусі «хатнія» матчы сёння прымае за мяжой – і гэта істотныя выдаткі. Толькі гляньце, колькі пацягнула сустрэча з Чарнагорыяй

Саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне дорага каштуе белфутболу.

Аўтар — bytribuna com
28 сакавіка, 06:29
Зборная Беларусі «хатнія» матчы сёння прымае за мяжой – і гэта істотныя выдаткі. Толькі гляньце, колькі пацягнула сустрэча з Чарнагорыяй

З сакавіка 2022 года зборная Беларусі ўсе свае дамашнія матчы вымушана праводзіць на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае праз вайну ва Украіне, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Апроч рэпутацыйных страт гэта прывяло і да дадатковых выдаткаў з боку АБФФ. Першы намеснік старшыні федэрацыі Андрэй Васілевіч нядаўна наўпрост заявіў, што праз санкцыі даводзіцца сурʼёзна траціцца. А якія канкрэтныя лічбы? «Трыбуна» расказвае, колькі было выдаткавана на нядаўнія таварыскія матчы зборнай Беларусі супраць Чарнагорыі і Мальты, адзін з якіх нібыта быў хатнім.

Якія траты і паступленні запланаваныя ў АБФФ на 2024-ы?

На канферэнцыі АБФФ 14 сакавіка быў прыняты бюджэт арганізацыі на 2024 год. Па ім расходная частка запланаваная ў памеры 39,3 млн рублёў (12,167 млн долараў па цяперашнім курсе), даходная – 39,9 млн рублёў (12,3 млн долараў).

Па нашых звестках, самай значнай часткай даходу будзе фінансавая дапамога УЕФА/ФІФА – крыху больш за 22 млн рублёў (прыблізна 7 млн долараў). Далей ідуць паступленні ад продажу правоў на трансляцыі матчаў (9 млн рублёў), рэкламныя паслугі, дапамога спонсараў і гэтак далей. А вось што да выдаткаў, то сярод іх самы вялікі пункт – забеспячэнне жыццядзейнасці мужчынскай зборнай Беларусі. На гэта ў 2024 годзе (калектыў правядзе некалькі таварыскіх матчаў і гульні Лігі нацый) выдаткуюць каля 7,7 млн рублёў (крыху менш за 2,5 млн долараў). На жаночую зборную закладзеныя выдаткі ў памеры 2 млн рублёў. Праўда, каманда і матчаў правядзе менш. На моладзевую зборную плануецца патраціць толькі 1,5 млн рублёў, то бок менш за 500 тысяч долараў.

А колькі ўжо патрачана на зборную ў 2024-м?

Першым для каманды Карласа Алоса ў 2024 годзе стаў матч з Чарнагорыяй, прайшоў ён у Анталлі 21 сакавіка, аднак у Турцыю беларуская дэлегацыя адправілася яшчэ 18-га чысла. Уся дэлегацыя, уключна з футбалістамі і трэнерска-адміністрацыйным штабам, налічвала 43 чалавекі. Пералёт ажыццяўляўся рэгулярным рэйсам па маршруце Мінск – Стамбул – Анталля, за што было заплачана каля 84 тысяч рублёў (25,5 тысяч долараў).

Калектыў пасяліўся ў пяцізоркавым гатэлі Rixos, гульцы жылі ў двухмесных нумарах. У гатэль каманда заехала позна ўвечары 18 сакавіка, а выехала 23-га. За амаль тыднёвае пражыванне АБФФ выклала каля 100 тысяч рублёў (амаль 30,5 тысяч долараў) за ўсіх.

Немалых выдаткаў запатрабавала арэнда стадыёна «Мардан». Праз тое, што зборная Беларусі была намінальным гаспадаром, менавіта ёй давялося аплаціць і арэнду арэны, і забеспячэнне аховы, і паслугі суддзяў. У выніку набегла сума ў раёне 95 тысяч рублёў, а гэта амаль 30 тысяч долараў.

У выніку толькі ваяж у Турцыю, які прынёс камандзе Алоса паражэнне, каштаваў АБФФ амаль 86 тысяч долараў.

Далей – спарынг з Мальтай. У гэтую краіну зборная прыбыла 23 сакавіка, дабіраючыся праз Стамбул. Колькі было выдаткавана на тое, каб даляцець да месца правядзення другога «таварняку», мы не ведаем, але адзначым, што агульныя выдаткі на пералёты з Турцыі да Мальты, а затым з Мальты ў Мінск у выніку склалі прыкладна 130 тысяч рублёў (амаль 40 тысяч долараў). Дэлегацыя – усё тыя ж 43 чалавекі.

На Мальце зборная прабыла з 23 па 27 сакавіка. Таварняк з мясцовай «нацыяналкай» прайшоў 26-га і скончыўся з лікам 0:0. Жыў калектыў у пяцізоркавым гатэлі Corinthia Palace у горадзе Атард (футбалісты зноў занялі двухмесныя нумары). Па нашых звестках, за пражыванне ў гасцініцы ў рэжыме «ўсё ўключана» АБФФ выклала каля 150 тысяч рублёў на ўсю дэлегацыю, а гэта па цяперашнім курсе 45 тысячы долараў.

Затое выпалі выдаткі на правядзенне матча (стадыён, суддзі, ахова) – гэтым ужо займаліся гаспадары. Вынік: ваяж на Мальту каштаваў федэрацыі амаль у 85 тысяч долараў.

Нескладана палічыць, што за ўвесь збор (з 18 па 27 сакавіка), які ўключаў пералёты па маршруце Беларусь – Турцыя – Мальта – Беларусь, пражыванне ў дзвюх краінах, арэнда стадыёна ў Анталлі, каштаваў федэрацыі футбола 170 тысяч долараў. Гэтыя грошы ўзяты з бюджэту АБФФ, і УЕФА іх дадаткова ніяк не кампенсуе.

Столькі каштуюць два таварыскія матчы за мяжой, адзін з якіх нібы хатні. Увосень калектыў Алоса правядзе гульні Лігі нацый. Паводле нашых звестак, прымаць супернікаў Беларусь будзе ў Будапэшце, а там за арэнду стадыёна плануецца заплаціць 87 тысяч долараў (выкарыстанне поля напярэдадні сустрэчы для трэнінгаў, а таксама ў дзень матча, арэнда электронных рэкламных шчытоў, праца персаналу стадыёна, выдаткі на дзяжурства машын хуткай дапамогі, МНС і г.д.). Плюс трэба зноў улічваць пералёты і пражыванне ў гасцініцы. Так што выдаткі чакаюцца істотныя.

Аднак за ўдзел у Лізе нацый АБФФ атрымае ад УЕФА немалую суму ў выглядзе «выплат салідарнасці». Цяпер гэта каля 1 млн 350 тысяч долараў. Праўда, грошы паступяць толькі ў наступным годзе і яны будуць закладзены ўжо ў новы бюджэт. Калі ж калектыў зойме першы радок у групе, бюджэт федэрацыі папоўніцца яшчэ на 1 млн 350 тысяч долараў. За фініш на іншых месцах у квартэце дадатковыя ўзнагароды не належаць.

Колькі каштуе згуляць у Беларусі?

Тут розніца вельмі істотная. Калі зборная Беларусі гуляла на Радзіме, то значная частка выдаткаў з АБФФ здымалася. Футбалісты і трэнеры жылі ў тэхцэнтры федэрацыі, харчаваліся там жа, трэнаваліся на палях каля тэхцэнтра, то бок не трэба было думаць, колькі аддаць грошай за гасцініцу, за пералёты.

Адзіная трата – арэнда стадыёна. Напрыклад, арэна «Дынама» ў сталіцы пад правядзенне матча каштуе 18 тысяч рублёў (5,5 тысяч долараў) плюс выдаткі на судзейства. Аднак пры гэтым АБФФ можа і зарабіць на хатнім матчы – на продажы квіткоў і рэкламе.

Фота: abff.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты