Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Дзе сёння Эду і іншыя бразільцы, якіх помняць у «Дынама», «Гомелі», «Партызане» і іншых клубах

Дзе сёння Эду і іншыя бразільцы, якіх помняць у «Дынама», «Гомелі», «Партызане» і іншых клубах

Вераць у Бога, трэнуюць, водзяць грузавік.

Аўтар — bytribuna com
8 красавіка, 07:00
Дзе сёння Эду і іншыя бразільцы, якіх помняць у «Дынама», «Гомелі», «Партызане» і іншых клубах

За ўсю гісторыю чэмпіянату Беларусі па футболе ў ім засвяцілася каля чатырох дзясяткаў бразільцаў. Расказваем, чым займаюцца самыя яркія з іх. Яны і ззялі на полі, і ўражвалі асабістымі гісторыямі, і нават расчароўвалі.

Эду Марэйра, 49 гадоў, нападнік

Як гуляў у Беларусі: 145 матчаў (40 галоў + 21 перадача) за «Тарпеда-СКА» і «Дынама» Мінск

Дагэтуль правёў больш за ўсіх бразільцаў матчаў у ЧБ, двойчы трапляў у спіс 22 найлепшых гульцоў чэмпіянату, аўтар 900-га гола мінскага «Дынама» ў нацыянальным першынстве. Да 2012-га з 37 галамі быў самым выніковым легіянерам вышэйшай лігі, пакуль яго не абышоў Рэнан Брэсан. Быў улюбёнцам дынамаўскіх фанатаў. Разумеў па-руску. Розныя людзі называлі яго наймацнейшым замежнікам у белчэмпіянаце.

Дзе сёння. Сышоўшы з «Дынама» пасля сезона-2008, абвясціў пра завяршэнне карʼеры, але ў ліпені-2011 падпісаўся з «Сантакрузенсе», які выступаў у адной з найнізкіх ліг Бразіліі. Тамака правёў паўгода і завязаў канчаткова. Цяпер трэнуе аматараў у Бразіліі, часам гуляе сам, займаецца дабрачыннасцю, а асноўнае месца працы – Міжнародная царква чатырохбаковага Евангелля ў бразільскім горадзе Уберландыя, штат Мінас-Жэрайс.

Рафаэль Ледэсма, 41 год, паўабаронца

Як гуляў у Беларусі: 84 матчы (18+12) за МТЗ-РІПА/«Партызан», «Дынама» (Менск) і «Віцебск»

Здавалася, што мае лішнюю вагу і павольна бегае, але пры гэтым валодаў выдатнай тэхнікай і ўменнем прабіць і здалёк, і са штрафных. Дадаваў на поле азарту. У Беларусь прыехаў з жонкай-літоўкай, а зʼехаў нібыта праз сямейныя праблемы.

Дзе сёння. Завяршыў карʼеру ў ліпені 2021-га (пасля Беларусі пагуляў на Мальце і ў Літве). З сакавіка 2024-га працуе дзіцячым трэнерам у акадэміі ФК «Бразілейра» ў Каўнасе і, па некаторай інфармацыі, таксама звязаны з продажам біядабавак для спартсменаў.

Нікалас Сеалін, 37, нападнік

Як гуляў у Беларусі: 90 матчаў (23+11) за «Дарыду», «Партызан» і «Нёман»

Прыехаў у Беларусь 19-гадовым, а яго першым прафесійным клубам стала «Дарыда», з якой у чэмпіянаце-2006 выбіў 6+2 (тады ўжо ў трэцім матчы зрабіў дубль у вароты мінскага «Дынама»). Партнёр па «Дарыдзе» Іван Дзенісевіч адзначаў у легіянеры пластычнасць і тэхніку – маўляў, чалавек вырас на пляжы. Па факце, менавіта ў нашай вышэйшай лізе правёў найлепшыя гады (выдаў пару нядрэнных сезонаў за МТЗ-РІПА, а вось у «Нёмане» двойчы спрабаваўся няўдала). Яшчэ гуляў у Венгрыі, у тым ліку ў эліце, і ў глыбокім італьянскім міноры. У Беларусі знайшоў сабе жонку, але потым недзе яе згубіў, і сёння выхоўвае дзяцей з іншай жанчынай.

Дзе сёння. Завяршыў карʼеру ў ліпені 2020-га. Жыве ў Італіі і заняты агенцкай дзейнасцю ў NIAL FOOTBALL AGENCY. Сярод кліентаў агенцтва на сайце Transfermarkt значацца беларусы Мікіта Корзун, Аляксей Лягчылін і Іван Садаўнічы.

Бруна Фурлан, 31 год, нападнік/паўабаронца

Як гуляў у Беларусі: 55 матчаў (18+9) за мінскае «Дынама» і «Віцебск»

У канцы лета-2010 прыехаў у мінскае «Дынама» ў арэнду з бразільскага «Атлетыка Параненсе» і затрымаўся на паўтара сезона. Ужо праз пару месяцаў паўдзельнічаў у разгроме «Партызана» (усяго 5:1), забіўшы першы гол у тым матчы – атрымалася эфектна.

У ЧБ-2011 Фурлан стаў найлепшым бамбардзірам «Дынама» з 11 мячамі (найлепшым у чэмпіянаце аказаўся Брэсан, забіўшы 13). Прычым зрабіў дубль у Барысаве на «Гарадскім» (2:2) у той самай гульні, дзе дынамаўскі брамнік Дзмітрый Гушчанка зламаў форварда барысаўцаў Віталя Радзівонава, і Віктар Ганчарэнка выбягаў на поле.

«Параненсе» сурʼёзна ставіўся да свайго гульца і нават патрабаваў узгадняць лячэнне, калі такая патрэба ўзнікала (у «Дынама» Фурлан перанёс аперацыю, і сцвярджалі яе пасля агляду ў Бразіліі). Форвард амаль усю карʼеру належаў бразільскаму клубу, які пастаянна здаваў яго ў арэнды. Бакі разышліся толькі ў лютым-2018, і амаль адразу легіянер праз сем гадоў ізноў зʼявіўся ў Беларусі. Ён стаў часткай сенсацыйнага «Віцебску», які ледзь не заскочыў у медалі. Здзіўляўся беларускай зіме, умазаў суперніку ў матчы з «Мінскам» і атрымаў чатыры матчы дыскваліфікацыі, аднак на новы кантракт не напрацаваў – і ў 26 завяршыў карʼеру.

Дзе сёння. Пасля заканчэння карʼеры вярнуўся ў Бразілію, гуляў за аматарскія клубы ў родным горадзе Кампу-Грандзі, у верасні 2023-га ажаніўся. Па апошняй інфармацыі працуе вадзіцелем грузавіка ў адной з мясцовых гарадскіх фірм па экспрэс-дастаўцы тавараў.

Леанарда Рамас, 31 год, паўабаронца

Як гуляў у Беларусі: 35 матчаў (6+1) за мінскае «Дынама»

Калі 18-гадовага хаўбека падпісвалі ў чэрвені 2010-га, асабліва акцэнтавалася ўвага на тым, што ён зʼяўляецца выхаванцам дынамаўскай школы ў бразільскім Оўрыньёюсе (так, у Юрыя Чыжа быў і такі пражэкт). Прычым у Беларусі хлопец абʼявіўся годам раней, але ўдзельнічаў толькі ў неафіцыйных матчах. Атрымаў кантракт на пяць гадоў, але ў клубе пратрымаўся толькі два. Забіў крыху, затое ў кожным матчы з яго голам «Дынама» перамагала. Усмешлівы, абаяльны, цікавіўся беларускімі дзяўчатамі. Пасля нашай вышэйшай лігі без асаблівых поспехаў гуляў у Грузіі, Расіі і Ізраілі.

Дзе сёння. У пачатку 2016-га завяршыў карʼеру. Цяпер, па звестках некалькіх крыніц, не мае працы, займаецца сямʼёй, у якой трое дзяцей.

Майкон Каліжуры, 37 гадоў, нападнік

Як гуляў у Беларусі: 55 матчаў (18+2) за «Гомель» і БАТЭ Па маладосці ўдала заляцеў у «Гомель» – наогул, гэта першы прафесійны клуб бразільца. У сезоне-2008 выходзіў на замены, а ў 2009-м шмат у чым пры «пасобніцтве» Брэсана забіў 14 мячоў і стаў найлепшым снайперам вышэйшай лігі (партнёры адзначалі хуткасць, дрыблінг, выканальніцкае майстэрства), пасля чаго на пару гадоў зʼехаў у Польшчу, дзе наогул не пайшло. У Беларусь яго вярнуў БАТЭ ў кампанію да Брэсана, узяўшы ў арэнду, але футбаліст пакутаваў на траўмы, у тым ліку перанёс пералом нагі. Анатоль Капскі называў гэтую супрацу расчараваннем са спартыўнага пункту гледжання, але без асаблівых прэтэнзій – маўляў, бралі ката ў меху, які калісьці паказаў узровень, але грошы выдаткавалі невялікія. Вынік у Барысаве – тры матчы без выніковых дзеянняў.

Дзе сёння. У канцы 2018-га завяршыў карʼеру. Цяпер працуе на Радзіме футбольным і фітнес-трэнерам у акадэміі Arena Yanni у Санта-Эрнесціне (штат Сан-Паўлу).

Жувенал, 44 гады, абаронца

Як гуляў у Беларусі: 110 матчаў (3+8) за мінскае «Дынама», «Нёман» і «Нафтан»

Унікальны гулец праз трагічны інцыдэнт: у 20 гадоў ішоў па вуліцы, калі бандыты з машыны пачалі страляць па кампаніі хлопцаў, якія былі ззаду. Адна з куль патрапіла ў спіну – і Жувенал застаўся без ныркі. Аднак не адмовіўся ад мары стаць футбалістам. Па сезоне правёў у мінскім «Дынама» і «Нафтане», два – у «Нёмане». Вельмі прасякнуўся Беларуссю і па сканчэнні карʼеру збіраўся жыць у нас. Нават была інфармацыя пра тое, што бразілец уладкоўваецца дзіцячым трэнерам у адной з каманд вышэйшай лігі. Каб вывучыць рускую мову, хадзіў на курсы, у Гродне быў капітанам, дынамаўскія заўзятары таксама ставіліся да абаронцы з цеплынёй, а ён праз гады памятаў цёцю Аню, якая хацела яго накарміць на клубнай базе.

Дзе сёння. Пасля завяршэння карʼеры атрымаў адукацыю фітнес-трэнера ва ўніверсітэце Параны ў Бразіліі, але пасля падаўся ў рэлігію – працаваў у баптысцкай царкве ў Віла-Натале ў штаце Сан-Паўлу. Цяпер выкладае ў CBF Academy, створанай у 2016 годзе Бразільскай футбольнай канфедэрацыяй. У Акадэміі атрымліваюць адукацыю ў галіне адміністравання, менеджменту і бізнэсу ў футболе, кіберспорту, футбольных тэхналогій.

Фота: сацсеткі спартсменаў

Іншыя пасты блога

Усе пасты