Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Адыёзны Булыга зноў усплыў у белфутболе: мае намер гуляць за «Оршу», а замест «Бэнтлі» ездзіць на «Лінкальне»

Адыёзны Булыга зноў усплыў у белфутболе: мае намер гуляць за «Оршу», а замест «Бэнтлі» ездзіць на «Лінкальне»

Даведаліся, чым ён займаецца яшчэ.

Аўтар — bytribuna com
11 красавіка, 20:00
Адыёзны Булыга зноў усплыў у белфутболе: мае намер гуляць за «Оршу», а замест «Бэнтлі» ездзіць на «Лінкальне»

У пачатку красавіка з’явілася інфармацыя, што 44-гадовы экс-форвард зборнай Беларусі Віталь Булыга заяўлены на сезон першай лігі за «Оршу» з Д2. Хаця прафесійную кар’еру ён завяршыў яшчэ пасля сезона-2016 у «Белшыне», у якой дапамагаў рабіць «маштабны праект», які аказаўся пшыкам.

Для чаго Булыгу першая ліга? І чым увогуле ён сёння займаецца? Разбіралася «Трыбуна».

«Орша» афіцыйна не аб’яўляла пра падпісанне Булыгі, ды і ў пратаколе першага матча сезона Д2 супраць «Тарпеда-БелАЗ-2» такога прозвішча не значылася. Але інсайды не хлусяць – Булыга сапраўды трапіў у клубную заяўку на 2024-ы. Прычым у статусе аматара – гэта значыць без кантракту. У Д2 такое цалкам рэальна. Аднак пакуль, паводле нашых звестак, Булыгі не было ні на адной трэніроўцы «Оршы».

Чаму Булыга хаця б на паперы вярнуўся ў першую лігу і менавіта ў аршанскі клуб? Па звестках нашых крыніц, усё гэта – жаданне самога форварда, які мэтанакіравана імкнуўся ў каманду. Але пра прычыны такой ініцыятывы Булыгі не могуць расказаць нават людзі з яго атачэння. Мы ж адзначым, што галоўны трэнер «Оршы» – мясцовая легенда, 40-гадовы Мікалай Кітаеў, які знаёмы з Булыгам з даўніх часоў, калі яшчэ гуляў за дубль «Дняпра». Кітаеў расказваў, што калі сыходзіў з Магілёва ў Оршу, для яго «на развітанне Віталь і іншыя хлопцы сабралі дзве сумкі экіпіроўкі», а яшчэ дзяліўся, што Булыга «любiў хуткую язду – у яго быў зялёны «мерс», ён заўсёды ездзіў на базу з хуткасцю большай за 200 км/г».

Наогул цяперашняе жыццё Булыгі трывала злучанае з футболам. У свае 44 гады ён, як кажуць нашыя суразмоўцы, трымае сябе ў выдатнай форме.

– Яму толькі дай волю і магчымасць пагуляць. Сам шукае магчымасці пабегаць, паганяць мяч на любым узроўні. Не найграўся за сваё жыццё, падобна, – распавёў «Трыбуне» адзін са знаёмых з Булыгам людзей з белфутбола.

Пры цяперашнім узроўні белфутбола ў цэлым і Д2 у прыватнасці Булыга цалкам здольны рэальна дапамагчы «Оршы». Ну ці ў крайнім выпадку ўспомніць былое на словах – там было некалькі крутых выпадкаў.

Пасля заканчэння кар’еры Булыга паспеў разам з іншым экс-футбалістам зборнай Беларусі Дзянісам Коўбам пакіраваць футбольнай школай у Мінску, папрацаваў на розных пасадах у мінскім «Дынама», «Тамбове», «Кубані». З 2022-га Булыга працуе трэнерам у мiнскім філіяле школы маскоўскага «Дынама». Сярод калег экс-футбаліста на гэтым месцы значацца экс-гульцы ЧБ Алег Шкабара, Аляксандр Багайчук, Віталь Шапятоўскі. Сам Булыга расказваў, што з дзецьмі 2011 і 2012 гадоў нараджэння займаецца «для душы, таму што падабаецца поркацца з хлопцамі, бачыць іх прагрэс». Як кажуць нашыя суразмоўцы, усё застаецца па-ранейшаму, і мяняць працу Булыга не збіраецца – а заадно ён праводзіць індывідуальныя трэніроўкі ў Мінску з дзецьмі розных узростаў і дарослымі аматарамі.

Апроч гэтага, Булыга актыўна гуляе сам. У прыватнасці, пастаянна ўдзельнічае ў турнірах у складзе каманды расійскага ТАА «Белгарадская будаўнічая кампанія». Яна праводзіць свой штогадовы турнір, у 2022-м за каманду «БСК» гулялі трэнеры мясцовага прафесійнага «Салюта» – але трафей узяла ветэранская каманда магілёўскага «Дняпра» з Булыгам у складзе. Пасля гэтага экс-футбаліст стаў гуляць ужо за «БСК» – і, напрыклад, у ліпені 2023-га з ёй выйграў турнір у Магілёве, а за расiян выступалі з Булыгам легенды «Дняпра» Яўген Капаў і Уладзімір Шунейка.

У лютым 2024-га Булыгу прызналі найлепшым гульцом «БСК» у чарговым турніры кампаніі, дзе сярод супернікаў былі каманды з акупаваных Расiяй украінскіх Данецка і Луганска. Дарэчы, фармат быў 45+ – чаму Булыга наогул там удзельнічаў, засталося загадкай. З пацешнага – у 2023-м каманда «БСК» удзельнічала ў турніры «Прыгажуны на ўсе 100» – для тых, хто важыць 100 і больш кілаграмаў. Праўда, ці гуляў Булыга хаця б па-за конкурсам – не паведамлялася.

У верасні 2023 года пра «падпісанне» Булыгі таксама абвясціла DMedia – праект рэжымнага «мінспорту» пад расiйскую аматарскую медыялігу. Раней экс-футбаліст гуляў у гэтым турніры за расiйскія каманды.

Праўда, уліўся ў DMedia Булыга нядаўна. Затое шчыльна: трэніроўкі праходзяць тры разы на тыдзень на штучным полі АБФФ, і экс-футбаліст іх практычна не прапускае. Пры гэтым, як апісаў адзін з нашых суразмоўцаў, Булыга, «можна сказаць, на агульным фоне – проста Бог». Экс-футбаліст ужо згуляў некалькі матчаў за рэжымную каманду, забіў некалькі мячоў – і, кажуць, крыўдзіўся, калі яго адпраўлялі на замену. У DMedia паспелі заявіць, што за «Оршу» Булыга можа згуляць, толькі «калі гэта не будзе перашкаджаць» удзелу ў расійскім пацешным турніры.

Засталася ў Булыгі і любоў да машын. Былы ўладальнік Bentley Continental GT цяпер ездзіць на іншым, але не менш прадстаўніцкім аўто – вялікім карычневым Linkoln Continental. У Беларусі аўтамабіль такой маркі 2018 года выпуску можна купіць цяпер за 34,5 тысячы долараў – праўда, па словах нашых суразмоўцаў, у Булыгі «машына старэйшая, але выглядае прэзентабельна».

Чым Булыга зарабляе? У рэестры ІП Беларусі ёсць поўны цёзка экс-футбаліста, які займаецца рознічным гандлем, але нашы суразмоўцы запэўнілі, што гэта простае супадзенне. Грошы да экс-футбаліста прыходзяць толькі за трэніроўкі ў школе і індывідуальна – плюс у Булыгі ёсць назапашванні, створаныя за гады ў футболе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты