Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першы хэт-трык чэмпіёна. Топрак Разгатліоглу дамінаваў на этапе сусветнага Супербайка ў Донінгтане

Першы хэт-трык чэмпіёна. Топрак Разгатліоглу дамінаваў на этапе сусветнага Супербайка ў Донінгтане

Выглядае дзіўна, але раней дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка Топрак Разгатліоглу ніколі не выйграваў усе тры гонкі ўік-энду. У мінулы на трасе Донінгтан Парк турэцкі гоншчык завадской каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSBK нарэшце гэта зрабіў.

21 ліпеня 2022, 23:34
Першы хэт-трык чэмпіёна. Топрак Разгатліоглу дамінаваў на этапе сусветнага Супербайка ў Донінгтане

Фота: worldsbk.com

Выглядае дзіўна, але раней дзейсны чэмпіён сусветнага Супербайка Топрак Разгатліоглу ніколі не выйграваў усе тры гонкі ўік-энду. У мінулы на трасе Донінгтан Парк турэцкі гоншчык завадской каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSBK нарэшце гэта зрабіў.

Самае дзіўнае ў свеце – гэта перакананасць рускага фашызму, што ён можа супрацьстаяць усяму свету і развівацца самастойна ў ізаляцыі. Менавіта ўсяму свету, а не адной Украіне, на якую ён напаў у лютым, ён цяпер і супрацьстаіць. Але за памылкі свету расплачваецца жыццямі сваіх грамадзян найперш Украіна.

 Ужо амаль паўгода яе народ аказвае гераічны супраціў варожай навале. Украінцы страчваюць сваіх родных і блізкіх, у тым ліку дзяцей, але не збіраюцца скарацца і падпарадкоўвацца закамплексаванаму вар’яту. Свабода, якую яны сабе здабылі, з усімі яе складанасцямі лепей за гібенне ў саўковай імперыі.

Гэта выдатна разумеюць і сумленныя беларусы, якія зараз моляцца за ўкраінцаў, незалежна ад ступені сваёй рэлігійнасці. Перамога нашых паўднёвых суседзяў пакіне бездапаможнай і тутэйшую калгасную дыктатуру. Вызваленне ўкраінскай зямлі паспрыяе і вызваленню беларускай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Знакамітыя беспілотнікі «Байрактар» Украіне пастаўляе Турцыя, і таму ўжо за гэта варта заўзець за Топрака Разгатліоглу ў сусветным Супербайке. І яго фанаты ў мінулыя выхадныя расчараваныя не былі! Прадэманстраваць свой талент гоншчыку Ямахі ўдалася на адной з лепшых у свеце трас – Донінгтан Парку.

І хай у кваліфікацыі хутчэйшым стаў Джонатан Рэй, які на гэтым тыдні працягнуў свае адносіны з Kawasaki Racing Team WorldSBK, на перамогу ён на хатнім этапе амаль не прэтэндаваў. Разгатліоглу суботнюю гонку пачынаў трэцім, але захапіў лідарства ўжо на старце, пакінуўшы Рэя разбірацца з лідарам сезона Альвара Баўцістай, які таксама яшчэ напярэдадні брытанскага этапу працягнуў кантракт з Aruba.it Racing-Ducati.

Іх спрэчка за другую пазіцыю працягвалася да шаснаццатага круга, на якім Баўціста ўпаў апошнім павароце і сышоў з дыстанцыі. Таму другое месца дасталася Рэю адносна лёгка. Трэцяе заняў яго напарнік і суайчыннік Алекс Лоўс, які доўгі час спаборнічаў з яшчэ адным брытанцам Скотам Рэдзінгам з BMW Motorrad WorldSBK Team. Аднак яму доўга чакаць подыумнага фінішу ў новай камандзе не прыйшлося – трэцяе месца Рэдзінг заняў у ранішнім нядзельным суперпоўл спрынце.

Ззаду ў Скота застаўся ў тым ліку Баўціста. Іспанец прыйшоў да фінішу чацвёртым, але гэтым разам хаця б прыйшоў. Брытанца, які раней паспеў ізноў пабадацца з Лоўсам, Альвара прапусціў наперад на апошнім кругу. Рэй, як і днём раней, задаволіўся трэцім месцам, хаця Разгатліоглу, які лідарства захапіў таксама яшчэ на старце, Джонатан адпусціў не надта далёка – крыху болей чым на секунду.

А ў фінальным заездзе ўік-энду шасціразовы чэмпіён WSBK дык наогул даволі доўга насядаў на турка. І толькі на чатырнаццатым кругу Топрак пачаў ад’язджаць. Цікава, дарэчы, што акурат перад гэтым, праязджаючы на галоўнай прамой міма сваіх боксаў, ён пабачыў у руках свайго гоначнага інжынера палічку з надпісам «TC2». Верагодна, гоншчыка заклікалі перавесці ў адпаведны рэжым сістэму трэкшн-кантроля.

Калі так, то парада была слушнай, таму што хутка пасля гэтага Рэй быў заклапочаны ўжо не атакамі на Разгатліоглу, а абаронай ад Баўцісты. Якая працягвалася да дзевятнаццатага круга, калі іспанец у перадапошнім павароце трасы ўсё ж абагнаў брытанца і заняў другое месца. Рэй фінішаваў трэцім.

Трайная перамога Разгатліоглу дазволіла яму наблізіцца да Джонатана і Альвара ў чэмпіянаце, у якім Топрак мае 203 ачкі і застаецца на трэцяй пазіцыі. Рэй з 229 баламі застаўся другім, а Баўціста, у якога 246 ачкоў, захаваў лідарства. Сярод вытворцаў, маючы 257 балаў, лідзіруе Ducati. Kawasaki мае 242 ачкі і захоўвае другую пазіцыю і на дзевяць балаў апярэджвае Ямаху, якая замыкае першую тройку.

Сезон сусветнага Супербайка працягнецца 29-31 ліпеня ў чэшскім Мосце.

Іншыя пасты блога

Усе пасты