Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пераменны поспех ветэранаў. Вернь на этапе Формулы Е ў Хайдэрабадзе перамог, а Буэмі застаўся без подыума

Пераменны поспех ветэранаў. Вернь на этапе Формулы Е ў Хайдэрабадзе перамог, а Буэмі застаўся без подыума

17 лютага 2023, 18:11
Пераменны поспех ветэранаў. Вернь на этапе Формулы Е ў Хайдэрабадзе перамог, а Буэмі застаўся без подыума

Фота: Formula E

Адзіны пакуль што двухразовы чэмпіён Формулы Е Жан-Эрык Вернь перарваў сваю беспераможную серыю ў мінулыя выхадныя ў індыйскім Хайдэрабадзе. А вось чэмпіён другога сезона Себасцьен Буэмі атрымаў штраф і пазбавіўся трэцяга месца.

Якімі б прыгожымі ні былі гонкі, мы не павінны забывацца, што расійска-фашысцкія захопнікі працягваюць забіваць украінцаў. Захад абавязаны дапамагчы Украіне, бо яна ратуе акурат яго самога, а не толькі сябе. Яе перамога дапаможа вызваліцца і беларусам, дзякуючы чаму перамогу атрымае ўся чалавечая цывілізацыя. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль звар’яцелы расійскі дыктатар спрабаваў дагнаць Партугалію, наперад ірванула не толькі яна, але і Індыя. Адна з самых буйных краін Азіі некалі прымала Формулу 1, у гэтым годзе ўпершыню прыме чэмпіянат MotoGP, а ў мінулую суботу прыняла Формулу Е, таксама ўпершыню. Праўда, калі каралеўскія аўта- і мотагонкі выкарыстоўвалі і будуць выкарыстоўваць стацыянарную трасу ў сталіцы краіны Дэлі, то электрычная Формула свой этап правяла на гарадской у Хайдэрабадзе.

2 835-метровы трэк быў новым для ўсіх, таму герой гонак у Ад-Дырыі з TAG Heuer Porsche Formula E Team Паскаль Верляйн тут ужо не бліснуў – кваліфікаваўся толькі дзявятым, а потым яшчэ суддзі пазбавілі яго трох пазіцыю за блакіроўку бразільца з Nio 333 Racing Серджыа Сэты Камары. Поўл жа выйграў гоншчык Jaguar TCS Racing Мітчэл Эванс, які наважваўся перамагчы, але гэтым разам усё залежала не толькі ад яго.

На старце-та новазеландзец атаку канкурэнта з DS Penske Жана-Эрыка Верня адбіў, але далёка адарвацца француз яму не даў. І калі Эванс адправіўся на першую актывацыю рэжыму атакі, Вернь выйшаў наперад. Аднак яго самога атакаваў – і паспяхова! – Себасцьен Буэмі, які выступае за Envision Racing. Праўда, швейцарац сам хутка паехаў па дадатковую магутнасць, саступіўшы пазіцыю Верню. Затое Эванса Себасцьен стрымаў ззаду.

Удалася гэта зрабіць і Жану-Эрыку, калі ён сам праехаўся па зоне актывацыі рэжыму атакі. Само па сабе гэта гонку Мітчу не разбурыла – ён застаўся трэцім і хаця б за подыум пазмагацца шанцы меў. Калі б не яго напарнік па камандзе Сэм Бёрд, які на трынаццатым кругу няўдала атакаваў свайго суседа па боксам, але перастараўся і сутыкнуўся з ім, што скончылася для абодвух сходам з дыстанцыі.

Вернь жа падчас актывацыі рэжыму атакі прапусціў Буэмі, але з дадатковымі 50-цю кілаватамі хутка яго апярэдзіў. Як і канкурэнты з Envision Racing і Avalanche Andretti – адпаведна, Нік Кэсідзі і Джэйк Дэніс. Другі з іх, праўда, перад Себасцьенам заставаўся нядоўга, бо сам накіраваўся ў зону актывацыі, а вось за першым было не ўгнацца – разам з Вернем ён адарваўся болей чым на дзве секунды. Сход з дыстанцыі пілота NEOM McLaren Джэйка Х’юза, праз які на трасу ненадоўга выехаў аўтамабіль бяспекі, не надта дапамог Буэмі, і пасля рэстарту ён ізноў адстаў.

А вось паміж Вернем і Кэсідзі распачалася сапраўдная барацьба за перамогу! Прычым новазеландзец за адзінаццаць кругоў да фінішу (з улікам аднаго дададзенага за перыяд нейтралізацыі) быў нібыта ў болей выгадным становішчы – у батарэі яго баліда захавалася на некалькі адсоткаў зараду болей. Аднак Жан-Эрык пісьменна абараняўся, а на тармажэннях крыху аднаўляў запас энергіі, і ўжо на дзясятых далях працэнту ўсё ж утрымаў лідарства і атрымаў перамогу.

Кэсідзі заняў другое месца, а Буэмі фізічна фінішаваў трэцім, аднак яшчэ да пачатку подыумнай цырымоніі атрымаў штраф у 17 секунд за некарэктнае выкарыстанне энергіі, разам праваліўшыся ў пратаколе на пятнаццатае месца. На ніжнюю ж ступень подыуму падняўся ў выніку яшчэ адзін былы чэмпіён Антоніу Фелікс да Кошта, які ў гэтым годзе стаў напарнікам Верляйна.

Паскаль, дарэчы, усё ж такі бліснуў і ў Хайдэрабадзе, здолеўшы фінішаваць чацвёртым! Таму лідарства ў чэмпіянаце, у якім ён мае 80 ачкоў, ён захаваў. Дэніс, нягледзячы на няўдачу ў Індыі, застаўся з 62-ма баламі другім. А вось Вернь адцясніў Буэмі з трэцяй пазіцыі на чацвёртую, хаця ачкоў у іх пароўну – па 31-му.

У камандным заліку на першую пазіцыю ўзняліся Porsche, у якіх 101 ачко. Avalanche Andretti з 78-мю баламі цяпер другія, Envision падняліся на трэцюю пазіцыю і маюць 59 балаў.

Наступны этап гэтага сезона Формулы Е таксама пройдзе на новым месцы – ужо ў наступны ўік-энд яго прыме сталіца Паўднёваафрыканскай Рэспублікі Кейптаўн. Як і ў Індыі, там пройдзе адзіная гонка ў суботу.

Іншыя пасты блога

Усе пасты