Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Перамены не спыніць! Перад новым сезонам Формулы 1 паглядзім, у якім кірунку яна развіваецца

Перамены не спыніць! Перад новым сезонам Формулы 1 паглядзім, у якім кірунку яна развіваецца

24 лютага 2023, 18:18
Перамены не спыніць! Перад новым сезонам Формулы 1 паглядзім, у якім кірунку яна развіваецца

Фота: formula1.com і каманд-удзельніц

Мінулы сезон чэмпіянату свету прайшоў ужо па новых тэхнічных правілах. Дзейнічаць ім яшчэ ўсяго тры гады, пасля чаго Каралеўскія аўтагонкі абновяцца яшчэ мацней. Хаця шмат новага нас чакае і ў надыходзячым сезоне.

У гэтыя дні свет адзначае першую і, хочацца верыць, апошнюю гадавіну таго, што, пачаўшыся, змяніла ўвесь свет і Формулу 1 у тым ліку. Нападзенне расійска-фашысцкіх захопнікаў на Украіну прывяло да адмены Гран Пры Расіі, пазбавіла Мікіту Мазепіна месца ў Haas, а саму амерыканскую каманду – тытульнага спонсара.

Найгоршае ж, што да сённяшняга дня гінуць ні ў чым не вінаватыя ўкраінцы. Забіваць іх звар’яцеламу расійскаму дыктатару дапамагае яго паслугач з Беларусі, які раней забіваў беларусаў, а зараз працягвае іх катаваць і кідаць за краты за тое, што яны абралі на выбарах не яго.

Свет абавязаны дапамагчы найперш украінцам, якія мусяць перамагчы і вызваліцца. Але і пра Беларусь забывацца нельга, бо і яе воля і незалежнасць неабходныя ўсім, і толькі яны будуць спрыяць міру і спакою. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

На Формулу 1, на шчасце, ўплывае не толькі ваенная агрэсія неасаўковай імперыі, і адмена гонкі ў Сочы была не адзінай істотнай зменай у 2022 годзе. Хоць і сапраўды заўважнай, і выканаўчы дырэктар чэмпіянату свету Стэфана Даменікалі цалкам выключае вяртанне ў Расію калі б там ні было.

Таму аб тым, наколькі добрай або дрэннай была б гонка на трасе Ігора-Драйв у Санкт-Пецярбургу, куды расійскі этап мусіў быў перабрацца ў гэтым годзе, мы цяпер можам толькі здагадвацца. На шчасце, трэкаў у свеце хапае, і хай у гэтым годзе мы зноў застаёмся без Шанхая (антыкаронавірусныя пратаколы, якія да нядаўніх пор дзейнічалі ў Кітаі, вярнуцца туды Формуле 1), затое ў ЗША нас чакае ажно тры этапы – у дадатак да Гран Пры уласна ЗША ў тэхаскім Осціне і Маямі ўвосень пройдзе Гран Пры яшчэ і Лас-Вэгаса.

Канфігурацыя гарадской трасы ў амерыканскай сталіцы казіно ў гоншчыкаў выклікала супярэчлівыя пачуцці. Аднак будзе цікава паназіраць за тым, як на ёй павядуць сябе машыны з граўнд-эфектам, які ў цэлага шэрагу каманд у мінулым годзе выклікаў моцны галаўны боль у выглядзе вертыкальных хістанняў машын на вялікай хуткасці. Не пашанцавала, у прыватнасці, дзейсным на момант старту мінулага сезона ўладальнікам Кубка канструктараў з Mercedes, якія яшчэ і пралічыліся пры стварэнні баліда W13. Што было далей, мы ўсе выдатна памятаем.

Не забыліся мы і пра надзею, якую на першых этапах падарыла нам каманда Ferrari, найперш высілкамі Шарля Леклера. Надзея тая, праўда, усё адно памерла ад дзіўных, але малаэфектыўных рашэнняў стратэгаў Скудэрыі і ад частых паломак машын з Маранэла. Памыляўся і сам Леклер, тады як дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен выступаў максімальна эфектыўна, а каманда Red Bull гэтак жа эфектыўна вырашала праблемы, з якімі сутыкнулася на першых этапах.

Пры гэтым баліды RB18 ад шкодных скокаў не пакутавалі, прынамсі не так моцна, як некаторыя іншыя. У іх былі іншыя праблемы – лішняя вага, напрыклад, барацьба з якой часткова абумовіла пэўны недахоп надзейнасці ў пачатку сезона. Аднак каманда спецыялістаў на чале з Эдрыанам Ньюі выканала выдатную працу, забяспечыўшы Макса Ферстапена зброяй перамогі. Нідэрландзец узяў свой другі тытул, а Чырвоныя Быкі – свой пяты Кубак канструктараў.

Што будзе ў надыходзячым сезоне? Прагнозы – справа не дужа ўдзячная, але ў тым, што Red Bull і Ферстапен захаваюць сваю хуткасць, можна не сумнявацца. Грашовы і спартыўны штраф (час працы ў аэрадынамічнай трубе для калектыву з Мілтан-Кінса скарочаны на 10 адсоткаў) за перарасход сродкаў у 2021 годзе, на думку шэрагу экспертаў, наўрад ці істотна паўплывае на форму дзейсных чэмпіёнаў.

Нашмат болей будзе залежаць ад таго, якія высновы зрабілі ў Ferrari і Mercedes. Немцы, якія базіруюцца ў англійскім Браклі, ад экстравагантнай канцэпцыі са звышкампактнымі бакавымі пантонамі вырашылі не адмаўляцца, і машына W14 (ужо чорная, а не серабрыстая) ў першапачатковым выглядзе іх захавала. Відавочна, у Срэбраных Стрэлах над памылкамі папрацавалі нейкім іншым чынам.

Гэтак жа, па ўсяму відаць, зрабілі і ў Маранэла, але там у канцы 2022-га адбыліся змены куды маштабнейшыя. Сваю пасаду кіраўніка Ferrari Маціа Бінота пакінуў. Дакладней, калі верыць розным крыніцам, ад яго паслуг адмовілася вышэйшае кіраўніцтва ўсёй кампаніі. Замяніў яго цяпер ужо былы кіраўнік Alfa Romeo Фрэдэрык Васёр. І хай новая машына SF-23 стваралася без яго, падыходы да кіравання ўсім калектывам не меней важныя.

Як справіцца француз – пытанне пакуль адкрытае. Хочацца верыць, што ў яго атрымаецца, і ён падыме Ferrari на сапраўды чэмпіёнскі ўзровень. Хаця многія эксперты казалі пра тое, што ў прынцыпе з пастаўленымі задачамі справіўся і Бінота – у мінулым годзе пілоты Скудэрыі перамагалі. І калі ўжо і варта было мяняць кагосьці, то дакладна не швейцарца. Ну і не варта забывацца, што кіраўнікоў Скудэрыі мяняюць у апошнія гады не так і рэдка, але плён гэта дае не заўсёды.

Так ці інакш інтрыгу хаця б напачатку новага сезона мы маем. Ёсць інтрыгі і доўгатэрміновыя. У прыватнасці – ці дазволяць цяперашнія каманды здзейсніць сваю мару Майклу Андрэці, які хоча прыйсці ў чэмпіянат свету са сваёй камандай у 2026 годзе, калі ў дзеянне ўступіць новы рэгламент на сілавыя ўстаноўкі.

Амерыканец ужо заручыўся падтрымкай канцэрну General Motors, які хоча прасоўваць у Формуле 1 свой брэнд Cadillac. Верагодна, і рухавікі будзе будаваць самастойна, хаця на гэты конт пакуль што плёткі розныя – згадваюцца, напрыклад, магчымасць кліенцкіх адносін з Alpine. Галоўнае ж, каб цяперашнія ўдзельнікі паверылі ў цэннасць новага, таму што для гледачоў відавочна, што яшчэ моцны калектыў будзе карысны для спорту ў цэлым.

Але гэта справа болей аддаленай будучыні. У найбліжэйшай жа – сезон 2023 года, які пачнецца ўжо на наступным тыдні, у першыя вясновыя выхадныя, як у ранейшыя часы. Пачнецца, праўда, не ў Аўстраліі, а ў Бахрэйне, дзе акурат зараз праходзяць адзіныя перадсезонныя тэсты. За ўсімі апошнімі навінамі заклікаем вас сачыць на тэлеграм-канале нашых партнёраў Формула перамогі, які стаў выдатным дапаможнікам і пры падрыхтоўцы гэтага артыкулу. Мы ж цяпер паглядзім, што новага ў кожнай асобнай каманды.

Oracle Red Bull Racing

Першае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (759 ачкоў)

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Макс Ферстапен (Нідэрланды, стартавы нумар 1), чэмпіён 2022 года (454 ачкі), Серхіа Перэс (Мексіка, стартавы нумар 11), трэцяе месца ў 2022 годзе (305 ачкоў). Рэзервовыя пілоты: Ліам Лоўсан (Новая Зеландыя), на асобных этапах Даніэль Рыкарда (Аўстралія).

Кіраўнік: Крысціан Хорнэр

Тэхнічны дырэктар: П’ер Вашэ

Часам кажуць, што заваяваць лідарства прасцей, чым яго ўтрымаць. Аднак нідэрландскі гоншчык аўстрыйскай каманды з базай у англійскім Мілтан-Кінсе Макс Ферстапен чэмпіёнскую адзінку ў мінулым годзе абараніў, нібыта і не напружваючыся – перамог на пятнаццаці Гран Пры з дваццаці двух. Аказалася, што гэта толькі падавалася, што праз праблемы з надзейнасцю у Бахрэйне і Аўстраліі адыграцца будзе немагчыма, і, пачынаючы з Імалы, рэдка хто ўздымаўся на вяршыні подыумаў акрамя пілотаў Red Bull.

У камандзе, натуральна, задаволены і Максам, і Серхіа Перэсам. Пытанне толькі, ці задаволеныя яны адзін адным, улічваючы скандал у Бразіліі, які, верагодна, стаў кульмінацыяй даволі даўняга канфлікту паміж нідэрландцам і мексіканцам. І, хай гэта і не заяўляецца афіцыйна, Чэка ўсё роўна мусіць быць падносчыкам снарадаў для цяпер ужо двухразовага чэмпіёна. Гэта значыць, што калі спатрэбіцца, новую машыну будуць адаптаваць у першую чаргу пад Макса, якому Перэс абавязаны будзе пры неабходнасці дапамагаць і на трасах.

Выглядае, зрэшты, што Серхіа ў прынцыпе такім становішчам задаволены, таму па сваёй ініцыятыве кантракт з камандай, які дзейнічае да канца наступнага года, ён не разарве. Хіба што ён сутыкнецца з нейкімі праблемамі, якія прымусяць зрабіць арганізацыйныя вывады Крысціана Хорнэра і Хельмута Марка, але такі варыянт развіцця падзей у надыходзячым сезоне мне бачыцца малаверагодным. Хутчэй, калі Макс паўторыць мінулагодні поспех, пад канец сезона каманда нават дапаможа якраз яго напарніку стаць віцэ-чэмпіёнам. Дубля-та па выніках сезону Red Bull пакуль на заваёўваў.

Грашовы і спартыўны штрафы, як я адзначаў вышэй, наўрад ці будуць вялікай праблемай для Эдрыана Ньюі і яго падначаленых, дый база для старту ў новым сезоне ў мінулым была створаная добрая. Ну а пераход на сілавыя ўстаноўкі Ford, які вяртаецца ў Формулу 1 у 2026 годзе – справа будучыні. Honda, якая таксама збіраецца вяртацца, як я і прадбачыў, і цяпер шукае новых партнёраў, пакінула Чырвоным Быкам багатую спадчыну. Таму выглядае так, нібыта на руках у іх усе казыры.

Scuderia Ferrari

Другое месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (554 ачкі)

Склад: Шарль Леклер (Манака, стартавы нумар 16), другое месца ў 2022 годзе (308 ачкоў), Карлас Сайнс (Іспанія, стартавы нумар 55), пятае месца ў 2022 годзе (246 ачкоў). Рэзервовыя пілоты: Антоніа Джавінацы (Італія), Роберт Шварцман (Ізраіль).

Кіраўнік: Фрэдэрык Васёр

Тэхнічны дырэктар: Энрыка Кардыле

Да пілотаў Скудэрыі ў мінулым годзе пытанняў амаль не было. Ну, хіба што да Карласа Сайнса, які на першых этапах часцей, чым можна было памыляўся і набіраў мала ачкоў, а то і не набіраў. Зрэшты, памыляўся і Шарль Леклер, які амаль палову сезона быў прэтэндэнтам на тытул. Таму малайцы абодва, свае перамогі ў 2022-м яны цалкам заслужылі. І калі ў Маранэла выправілі свае мінулагоднія хібы, ў надыходзячым сезоне іспанец з манэгаскам змогуць прымусіць Ферстапена і Red Bull нервавацца.

Толькі нервавацца варта было б самой Ferrari. Не, я не стаўлю пад сумнеў прафесіяналізм і кампетэнтнасць Фрэдэрыка Васёра. Толькі паўтаруся, што, на думку некаторых экспертаў, са сваімі абавязкамі добра спраўляўся і Маціа Бінота. Дзеля справядлівасці, існавала і супрацьлеглая думка, і хтосьці казаў пра тое, што выдатны канструктар, якім Маціа і быў спачатку, не абавязкова будзе такім жа выдатным мэнэджарам усёй каманды.

Па некаторых звестках, перамовы з Васёрам вяліся ці не з сярэдзіны мінулага сезона, калі Бінота ўжо падвяргаўся атрылерыйскім атакам з боку крытыкаў. Ізноў жа дзеля справядлівасці, глава каманды насамрэч часам мусіць быць жорсткім у дачыненні да тых, хто памыляецца на роўным месцы. Пра Васёра, дарэчы, кажуць, што ён менавіта такі, і вось вам вынік – днямі на пасадзе галоўнага стратэга Іньякі Руэду, якога таксама крытыкавалі часта, замяніў Равін Джэйн. Але яго прафесіяналізм мы яшчэ маем ацаніць.

Як і паспяховасць працы канструктарскага аддзелу Скудэрыі. Хоць і тут не ўсё проста – адсутнасць заўважнага прагрэсу каманды ў другой палове мінулага года была абумоўленая тым, што італьянцы ўпёрліся ў паталок бюджэту. Таму для іх крытычна важна было пісьменна распарадзіцца даступнымі сродкамі на старце сезона. Яшчэ і таму, што не спалі ў шапку і канкурэнты, у тым ліку з Mercedes, дзе прагнуць рэваншу. І менавіта Срэбраныя Стрэлы пакуль што выглядаюць супернікамі Ferrari.

Mercedes-AMG Petronas Formula One Team

Трэцяе месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (515 ачкоў)

Склад: Льюіс Хэмілтан (Велікабрытанія, стартавы нумар 44), шостае месца ў 2022 годзе (249 ачкоў), Джордж Расэл (Вялікабрытанія, стартавы нумар 63), чацвёртае месца ў 2022 годзе (275 ачкоў). Рэзервовы пілот Мік Шумахер (Германія).

Кіраўнік: Тота Вольф

Тэхнічны дырэктар: Майк Эліат

Раней ці пазней прайграюць нават непераможныя – спытайце ў Red Bull, калі не верыце. У Браклі гэта выдатна разумеюць і так, але сезон-2022 для Срэбраных Стрэлаў стаў ледзяным душам. Праславутае «дэльфінаванне», праблемы на базе са зборам дадзеных у аэрадынамічнай трубе і нейкая таямнічая фундаментальная хіба баліда W13 адкінулі васьміразовых уладальнікаў Кубку канструктараў далёка назад.

Асабліва пакутаваў сяміразовы чэмпіён свету Льюіс Хэмілтан. А вось яго новы напарнік Джордж Расэл, які да гэтага некалькі гадоў правёў у складзе Williams, аказаўся больш падрыхтаваным да цяжкасцей, і яго хутка празвалі Містэрам Сталасцю (або стабільнасцю) – што ні фініш, то амаль заўсёды ў першай пяцёрцы!

Не дзіўна, што менавіта малады брытанец прынёс Мерсэдэсу адзіную ў сезоне перамогу, калі ў Сан-Паўлу выйграў і суботні спрынт, і галоўную нядзельную гонку. І на сённяшні дзень яны з Льюісам утвараюць ці не наймацнейшую пару пілотаў. У пэўнай ступені праблемай для Хэмілтана ёсць яго ўзрост, аднак матывацыі ў яго не меней, чым у Расэла, і на годнай машыне перамагаць здольныя абодва.

Для іх ёсць як мінімум адна добрая навіна: балід W14 не скача, як расійскі салдат, пабачыўшы пральную машыну і ўнітаз. Гэта павышае і камфорт пілотаў, і пошук слушных налад. І я чакаю, што Mercedes у сваю чаргу будзе бліжэйшым супернікам Red Bull, а тады можна сабе ўявіць, што будзе калі на трасах ізноў сустрэнуцца Хэмілтан і Ферстапен. Хіба што ў гэты раз хочацца, каб абышлося без скандалаў.

BWT Alpine F1 Team

Чацвёртае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (173 ачкі)

Склад: Эстэбан Акон (Францыя, стартавы нумар 31), восьмае месца ў 2022 годзе (92 ачкі), П’ер Гаслі (Францыя, стартавы нумар 10), чатырнаццатае месца ў 2022 годзе (23 ачкі)*. Рэзервовы пілот Джэк Дуэн (Аўстралія)

* У складзе AlphaTauri

Кіраўнік: Отмар Сафнаўэр

Тэхнічны дырэктар: Мэт Харман

Як я і прадказваў год таму, французскі калектыў стаў галоўным супернікам McLaren, і выйшаў пераможцам у гэтым лакальным змаганні. Выканаўчаму дырэктару Alpine Ларану Росі напэўна хацелася б большага, улічваючы, што ў Энстоўне ахвяравалі надзейнасцю сілавой устаноўкі дзеля яе магутнасці.

Аднак магутнасці, як і надзейнасці, хапіла толькі для змагання за драўляны медаль па выніках сезона. Істотных зрухаў на сёння я пакуль што не чакаю, і справа не толькі ў тэхніцы. Пры ўсё павазе да П’ера Гаслі, якога Хельмут Марка адпусціў з AlphaTauri, хлопец ён здольны, але пакуль што ўсё ж такі не двухразовы чэмпіён, як Фернанда Алонса, якога ён і замяніў.

Гэта зусім не азначае, што ні ён, ні Эстэбан Акон не змогуць нас здзівіць. Проста і канкурэнты прагнуць рэваншу, як McLaren, або нарэшце гучнага поспеху, як Aston Martin, куды Алонса і пайшоў. І менавіта другі, на мой погляд, будзе болей небяспечным супернікам для Alpine, улічваючы маштабную перабудову, якую каманда з Сільверстоўна перажывае зараз. У McLaren пакуль што занадта амбіцыйных задач перад сабой не ставяць, разумеючы, што іх пераходны перыяд пакуль што не скончаны, аднак там абавязкова паспрабуюць адказаць падначаленым Отмара Сафнаўэра і апярэдзіць іх у надыходзячым сезоне.

McLaren F1 Team

Пятае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (159 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Ланда Норыс (Вялікабрытанія, стартавы нумар 4), сёмае месца ў 2022 годзе (122 ачкі), Оскар Піастры (Аўстралія, стартавы нумар 28), дэбютант. Рэзервовыя пілоты: Стофель Вандорн (Бельгія), Феліпэ Другавіч (Бразілія).

Кіраўнік: Андрэа Стэла

Тэхнічны дырэктар: Джэймс Кі

Пераход на новы рэгламент для каманды з Уокінга выйшаў даволі складаным. Асабліва намучыўся Даніэль Рыкарда, які ў папярэднім сезоне здолеў атрымаць перамогу на Гран Пры Італіі. У выніку з аўстралійцам каманда развіталася, пасля чаго ён вярнуўся ў Red Bull, толькі ўжо на лаву запасных.

Як складзецца дэбютны сезон для яго суайчынніка Оскара Піастры, якога спачатку сваталі ў Alpine, чыім рэзервовым пілотам ён і быў, але ў выніку замяніў Дэна, пакуль што можна толькі гадаць. Подзвігаў ад яго, вядома, не патрабуюць, але годныя спартыўныя вынікі ўсё роўна патрэбныя ўжо зараз.

У McLaren, канечне, ёсць дасведчаны і вельмі талковы Ланда Норыс, які Рыкарда ў мінулым годзе абыграў у адну браму. Аднак ці выцягне ён адзін каманду, калі прагрэс Піастры будзе марудным? Многае, канечне, будзе залежыць ад машыны, аднак сенсацыі, як было адзначана вышэй, чакаць наўрад ці прыходзіцца.

Ну і кіраўніцтва камандай мае вялікае значэнне, а тут адбыліся змены. Пераход Васёра з Alfa Romeo ў Ferrari пацягнуў за сабой і іншыя перастаноўкі, і цяпер ужо былы глава McLaren Андрэас Зайдль пайшоў кіраваць не проста італа-швейцарскім калектывам, а ўсёй Sauber Group. Праўда, новая мятла наўрад ці будзе мясці зусім па-новаму – Андрэа Стэла, які і заняў пасаду Зайдля, у камандзе даўно і з усімі яе працэсамі знаёмы выдатна. І фактар свежага позірку цалкам можа адыграць сваю пазітыўную ролю.

Alfa Romeo F1 Team ORLEN

Шостае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (55 ачкоў)

Матор: Ferrari

Склад: Валтары Ботас (Фінляндыя, стартавы нумар 7), дзясятае месца ў 2022 годзе (49 ачкоў), Гуаньюй Джоў (Кітай, стартавы нумар 24), васямнаццатае месца ў 2022 годзе (6 ачкоў).

Тэхнічны дырэктар: Жан Маншо

Варта адзначыць, што мінулы сезон італа-швейцарскі калектыў правёў у цэлым нядрэнна, заняўшы ўжо не дзявятае месца, а шостае. Зразумела, што скакаць вышэй галавы ў Хінвіле не наважваліся, і ўсе галоўныя поспехі Alfa Romeo высілкамі ў першую чаргу дасведчанага Валтары Ботаса адносяцца да першых этапаў, калі з праблемамі сутыкаліся нават лідары і будучыя чэмпіёны.

Чым далей жа, тым радзей фінскі гоншчык і яго новы напарнік Гуаньюй Джоў траплялі ў Топ-10. І канчатковы вынік каманды адпавядае яе сапраўднаму ўзроўню, які наўрад ці павысіцца ў 2023 годзе. Магчыма, абодва гоншчыкі будуць зарабляць ачкі часцей. Другі сезон Чжоў, дарэчы, стане ў некаторым сэнсе экзаменам для яго, пакажа, чаму кітаец навучыўся акрамя выжывання ў аварыях, як на Гран Пры Вялікабрытаніі.

Паўнавартасна ж замахвацца на Alpine і McLaren зараз не атрымаецца. Вось калі ў 2026 годзе Alfa Romeo пераўтворыцца ў Audi, варыянты развіцця падзей будуць разнастайней.

Пакуль жа Sauber Group выстаўляе сваю каманду ў Формуле 1 пад старой шыльдай і без кіраўніка. Пасада, якая на англійскай мове называецца Team Principal, пасля сыходу Васёра ў Ferrari засталася вакантнай, і кіруючы дырэктар групы кампаній Sauber Алесандра Алуні Браві (на фота вышэй) з’яўляецца ўсяго толькі прадстаўніком калектыву на сустрэчах і перамовах. Наколькі ён залучаны ў працэс кіравання, ацаніць цяжка.

Ці здолее каманда ўтрымацца на дасягнутым узроўні без Васёра – пытанне хутчэй веры, чым прагнозаў. Хочацца верыць, што ўтрымаецца, і гэта будзе сапраўдным экзаменам Фрэдэрыка, адказам на пытанне, ці здольны ён стварыць механізм, які будзе эфектыўна працаваць і без яго. Таму рызыкну выказаць здагадку, што форма Alfa Romeo ў надыходзячым сезоне пакажа нам, чаго варта чакаць ад Ferrari.

Aston Martin Aramco Cognizant Formula One Team

Сёмае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (55 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Лэнс Строл (Канада, стартавы нумар 18), пятнаццатае месца ў 2022 годзе (18 ачкоў), Фернанда Алонса (Іспанія, стартавы нумар 14), дзявятае месца ў 2022 годзе (81 ачко)*. Рэзервовыя пілоты: Стофель Вандорн (Бельгія), Феліпэ Другавіч (Бразілія).

* У складзе Alpine

Кіраўнік: Майк Крак

Тэхнічны дырэктар: Дэн Фэлоўз

Aston Martin перажывае маштабную перабудову, пашырае свае вытворчыя магутнасці. Магчыма, па гэтай прычыне брытанскі калектыў пакуль што выглядае цацкай, якую Лоўрэнс Строл купіў свайму сыну Лэнсу. Бо па гамбургскім ліку, дзе Астаны былі ў 2021 годзе, там яны і засталіся ў 2022-м.

Тым не менш мэты ў Сільверстоўне ставяць амбіцыйныя, і Фернанда Алонса, які раптоўна перабраўся туды з Энстоўна, мусіць у гэтым дапамагчы. І не толькі ён, але і новы тэхнічны дырэктар Дэн Фэлоўз, які раней узначальваў аддзел аэрадынамікі не дзе-небудзь, а ў Red Bull. Паскорыць пабудову новай аэрадынамічнай трубы Aston Martin ён не зможа – яна запрацуе толькі ў наступным годзе. Але досвед такога спецыяліста напэўна будзе карысным для каманды.

Новая машына AMR23, дарэчы, стваралася на чале з ім. На перадсезонных тэстах немагчыма ацаніць рэальную хуткасць, бо, па-першае, ніхто не едзе ў поўную моц, а па-другое, рэгламенту машыны могуць і не адпавядаць – на тое яны і тэсты. Калі ж браць пераадоленую дыстанцыю на момант, калі пішуцца гэтыя радкі (пятніца, дзень), то тут «зялёным» пакуль што няма чым пахваліцца – яны ў аўтсайдэрах.

Таму спрагназую максімальна асцярожна: магчыма, Aston Martin здолее ўмяшацца ў спрэчку Alpine і McLaren. І тут важную ролю можа адыграць Алонса, якога былыя калегі хвалілі за якасную зваротную сувязь, якой ён забяспечваў сваіх ранейшых гоначных інжынераў. Таму не здзіўлюся, што ад этапу да этапу каманда будзе прагрэсаваць. Задача апярэдзіць Alfa Romeo дакладна выглядае пасільнай.

MoneyGram Haas F1 Team

Восьмае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (37 ачкоў)

Матор: Ferrari

Склад: Кэвін Магнусэн (Данія, стартавы нумар 20), трынаццатае месца ў 2022 годзе (25 ачкоў), Ніка Хюлькенберг (Германія, стартавы нумар 27), дваццаць другое месца ў 2022 годзе (0 ачкоў)*. Рэзервовы пілот П’етра Фіціпальдзі (ЗША).

* У складзе Aston Martin

Кіраўнік: Гюнтэр Штайнэр

Тэхнічны дырэктар: Сімонэ Рэста

Каманда, становішча якой перад пачаткам мінулага сезона падавалася ледзь не катастрафічным, у першай гонцы набрала болей ачкоў, чым Red Bull! «Уралкалій», ад спонсарства якога прыйшлося адмовіцца, відаць, усё ж даў дастаткова грошай, каб стварыць аўтамабіль, на якім ужо можна было зарабляць ачкі.

Праўда, і ў Кэвіна Магнусэна, які тэрмінова замяніў звольненага Мікіту Мазепіна і які на мінулагоднім Гран Пры Бахрэйна сенсацыйна заняў пятае месца, атрымлівалася гэта не так ужо і рэгулярна. І яго сенсацыйны поўл у Сан-Паўлу канвертаваўся ўсяго толькі ў восьмае месца ў суботнім спрынце, за якое датчанін атрымаў адзінае ачко. Ну а Мік Шумахер доўга мучыўся, часта трапляў у эфектныя аварыі, як у Саудаўскай Аравіі і Манака, і ачкі зарабіў толькі ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі – усяго дванаццаць за два гады ўдзелу ў чэмпіянаце свету.

У выніку ад паслуг сына сяміразовага чэмпіёна свету Гюнтэр Штайнэр адмовіўся, замяніўшы Міка на яго суайчынніка Ніка Хюлькенберга, які ў мінулым годзе быў рэзервовым пілотам Aston Martin і на першых двух этапах замяняў Себасцьяна Фетэля, які тады прыхварэў. Аднак досвед у Ніка ўсё роўна багаты, і ён здольны будзе выступаць не горш за Магнусэна, калі Haas дасць яму дастаткова хуткую машыну.

А ці дасць? Ёсць надзея. З грашыма ў каманды цяпер быццам бы ўсё ў парадку – амерыканская фінансавая кампанія MoneyGram, якая стала новым тытульным спонсарам Haas, дае іх дастаткова. Гюнтэр Штайнэр заяўляў, што цяпер яго калектыў зможа наблізіцца да столі бюджэту і развіваць балід цягам усяго сезона. Прагрэс у 2022 годзе дае падставы меркаваць, што Alfa Romeo, а то і Aston Martin пакінуць ззаду будзе магчыма.

Scuderia AlphaTauri

Дзявятае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (35 ачкоў)

Матор: Red Bull Powertrains (Honda)

Склад: Юкі Цунода (Японія, стартавы нумар 22), сямнаццатае месца ў 2022 годзе (12 ачкоў), Нік дэ Фрыс (Нідэрланды, стартавы нумар 21), дваццаць першае месца ў 2022 годзе (2 ачкі)*.

* У складзе Williams

Кіраўнік: Франц Тост

Тэхнічны дырэктар: Джодзі Эгітан

У Фаэнцы імкнуцца да большай самастойнасці і меншай залежнасці ад старэйшых таварышаў з Red Bull, куды павінны пастаўляць кадры. Але П’ер Гаслі, які ўжо дайшоў быў да вышэйшай лігі, потым прыняў паніжэнне, а ў выніку наогул апынуўся ў складзе Alpine. І яго можна зразумець, калі ўспомніць хуткасць мінулагодняй машыны. Дакладней, адсутнасць такой.

Юкі Цунода ў дадатак яшчэ і ў аварыі часта трапляў і ў выніку стаў, так бы мовіць, горшым з астатніх – з тых, хто ўдзельнічаў у чэмпіянаце на пастаяннай аснове, апярэдзіўшы толькі гоншчыкаў Williams. І калі ўлічыць, што Хельмут Марка ўвесь час шукае новыя таленты, у тым ліку ў ЗША, як бы японцу не стаць свабодным агентам па выніках надыходзячага сезона.

Атрымліваецца, што Нік дэ Фрыс, які нарэшце атрымаў свой шанец і стаў прызавым пілотам у Формуле 1, дзякуючы ў тым ліку свайму бліскучаму дэбюту на мінулагоднім Гран Пры Італіі ў складзе ўсё той жа каманды Williams, у AlphaTauri прыйшоў у нязручны момант? Ну, па-першае, суайчыннік і сябар Макса Ферстапена нічым асабліва не рызыкуе, і якраз і можа стаць тым талентам, які патрэбны ў Red Bull.

А па-другое, ход тэстаў у Бахрэйне дае надзею на тое, што новая машына ўсё ж такі лепей за старую, і як мінімум не ломіцца. Па пераадоленай дыстанцыі AlphaTauri блізкія да лідараў. Праўда, з хуткасцю пакуль што нічога не зразумела, сапраўдная будзе бачная толькі ў першых гонках.

Аднак мы-та ведаем, што падначаленыя Франца Тоста могуць працаваць і лепей, а ад правалаў, як мы бачылі ў мінулым годзе, не застрахаваныя нават чэмпіёны. Таму стаць ізноў моцным серадняком AlphaTauri цалкам здольныя.

Williams Racing

Дзясятае месца ў Кубку канструктараў у 2022 годзе (8 ачкоў)

Матор: Mercedes

Склад: Алекс Албан (Тайланд, стартавы нумар 23), дзевятнаццатае месца ў 2022 годзе (4 ачкі), Логан Сарджэнт (ЗША, стартавы нумар 2), дэбютант.

Кіраўнік: Джэймс Ваўлз

Цуда не адбылося – калектыў з Гроўва ізноў апошні. Але не з «абаранкамі», бо ачкі ў 2022-м здолелі набраць усе, хто ў складзе Williams выступаў. Больш за ўсё іх у Алекса Албана, удвая болей, чым у Нікаласа Лаціфі, з якім Йост Капіта вырашыў у выніку развітацца. Але каманда развіталася і з самім Йостам, якога на пасадзе кіраўніка каманды замяніў былы стратэг Mercedes Джэймс Ваўлз.

Відаць, з гоначнай стратэгіяй у Williams цяпер будзе поўны парадак. Што, дарэчы, не так ужо і дрэнна, бо якраз стратэгія і дапамагла Албану зарабіць першае ў сезоне і ў новай камандзе ачко ў Аўстраліі. А ў Італіі выявілася, што і хуткасць у некалі чэмпіёнскага калектыву часам з’яўляецца – Нік дэ Фрыс заваяваў ачкі самастойна.

Таму ў асобных гонках Williams можа стрэліць і ў гэтым годзе. Гаворка не пра перамогі, канечне, але трапляць у першыя дзясяткі ў Албана можа атрымацца і часцей. Яго новы напарнік Логан Сарджэнт пакуль што будзе набірацца досведу, і аўтарам сенсацый наўрад ці стане, але прыемна здзівіць шанцы мае.

Большага зараз ад каманды я б не чакаў – працэс яе абнаўлення працягваецца, і крэсла тэхнічнага дырэктара ў яе пакуль што свабоднае. Аднак пэўнага прагрэсу і вяртання бліжэй да сярэдзіны турнірнай табліцы па выніках сезона мы ад Williams чакаць у праве.

Іншыя пасты блога

Усе пасты