Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Новае месца, новы пераможца. Мітчэл Эванс адсвяткаваў трыумф на этапе Формулы Е ў Сан-Паўлу

Новае месца, новы пераможца. Мітчэл Эванс адсвяткаваў трыумф на этапе Формулы Е ў Сан-Паўлу

29 сакавіка 2023, 16:39
Новае месца, новы пераможца. Мітчэл Эванс адсвяткаваў трыумф на этапе Формулы Е ў Сан-Паўлу

Фота: Formula E

Атрымаць дзве перамогі запар у гэтым сезоне электрычнай формулы атрымалася пакуль што толькі ў Паскаля Верляйна. Але бліснуць у першай у гісторыі чэмпіянату бразільскай гонцы ў яго не атрымалася. Затое атрымалася ў Мітчэла Эванса і каманды Jaguar TCS Racing.

У лютым мінулага года атрымалася бліснуць ва Ўзброеных сіл Украіны, якія здолелі стрымаць навалу расійска-фашысцкіх захопнікаў. Але частка тэрыторыі нашых суседзяў дагэтуль пад акупацыяй, і свет абавязаны дапамагчы ім дабіць ворага. Гэта дапаможа вызваліць і нашу зямлю, якую пры дапамозе калгаснага здрадніка акупіравала тая ж пачвара. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У свой першы сезон Формула Е наведала была і Расію, але цяпер сусветныя гонкі стараюцца трымацца далей ад краіны-агрэсара, і электрычныя баліды ў мінулы ўік-энд упершыню праехаліся па вуліцах Сан-Паўлу. Гэта, канечне, не стацыянарная траса імя Жазэ-Карлуса Пасэ, якая прымае Гран Пры Формулы 1, аднак і на ёй гонка выдалася непрадказальнай.

Пасля кваліфікацыі здавалася, што перавагу мае пілот DS Penske Стофель Вандорн – менавіта ён выйграў поўл. А на старце гонкі адбіў атаку канкурэнта з TAG Heuer Porsche і трыумфатара папярэдняга этапу ў Кейптаўне Антоніу Фелікса да Кошты, які ў сваю чаргу абараніў другую пазіцыю ад будучага пераможца.

Так яны і ехалі першыя кругі, пакуль іх пераследнікі ззаду траплялі ў здарэнні і сыходзілі з дыстанцыі. Хіба што на пятым кругу Вандорн прапусціў да Кошту наперад, калі накіраваўся на актывацыю рэжыму атакі, але хутка бельгіец аднавіў статус-кво.

На сёмым кругу, таксама з дадатковай магутнасцю, чэмпіёна 2020 года абагнаў Эванс, ды яшчэ і пілот Envision Racing Нік Кэсідзі. Аднак на дапамогу партугальцу прыйшоў… гоншчык Nissan Саша Фенестраз, прычым арыгінальным чынам – праз праблемы з машынай ён спыніўся на трасе, і гонка была нейтралізаваная электрамабілем бяспекі. І на рэстарце праз пяць кругоў да Кошта абагнаў спачатку Кэсідзі, а потым і Эванса.

Аднак у Ніка быў актываваны рэжым атакі, і ён вельмі хутка абагнаў і Эванса, і – адным махам перад першым паваротам – да Кошту з Вандорнам. Але хутка адарвацца ад іх у новазеландца не атрымалася – пелатон ізноў узначаліў аўтамабіль бяспекі, на гэты раз праз праблемы ў пілота Avalanche Andretti Джэйка Дэніса. Затое пасля рэстарту ў групе лідараў пачаўся сапраўдны калейдаскоп.

Рэжым атакі актывавала ўся першая чацвёрка, і перастаноўкі ў ёй працягваліся некалькі кругоў, пакуль не памыліўся, не ўпісаўшыся ў паварот, да Кошта. Антоніу Фелікс адкаціўся на сёмую пазіцыю, але ў групе лідараў усё роўна было шчыльна, бо ў яе фактычна ўвайшлі напарнікі, адпаведна, Вандорна і Эванса – Жан-Эрык Вернь і Сэм Бёрд.

Пры гэтым самае выгаднае становішча было ў брытанца – ён здолеў захаваць найбольшую колькасць энергіі, і на апошніх кругах мог атакаваць, не баючыся спыніцца на трасе з «пустой» батарэяй. Тады як Верню з Вандорнам энергію прыйшлося эканоміць, што і дазволіла Бёрду абагнаць іх абодвух.

Тым часам Эванс на трыццаць першым кругу даціснуў Кэсідзі і захапіў лідарства. Спробы контратак з боку Ніка поспехам не ўвянчаліся, і ён застаўся другім. Бёрд, які таксама спрабаваў ціснуць на Ніка, у сваю чаргу быў цалкам задаволены трэцім месцам.

Паскаль Верляйн, якому Самбадром (так бразільцы назвалі вулічную трасу ў Сан-Паўлу) не скарыўся ў кваліфікацыі, стартаваў толькі васямнаццатым. Аднак у гонцы пілот Porsche прарваўся на сёмае месца і з 86-цю ачкамі застаўся лідарам чэмпіянату. Дэніс, нягледзячы на цэлы шэраг гонак без ачкоў, здолеў захаваць другую пазіцыю. У яго 62 ачкі, але ў Кэсідзі, які падняўся на трэці радок, усяго на адзін меней. Дый увогуле ў першай пяцёрцы шчыльна – у Верня 60 балаў, а ў да Кошты – 58.

Porsche працягвае ўпэўнена лідзіраваць сярод каманд і мае 144 ачкі супраць 103-х у Envision, якая займае другую пазіцыю. Jaguar, у якога 83 балы, падняўся на трэцюю, але пераследнікі блізка – у DS Penske 82 ачкі, у Avalanche Andretti – 80.

Наступны ўік-энд Формулы Е складзецца ўжо з двух этапаў. Яны пройдуць 22 і 23 красавіка на тэрыторыі старога аэрапорта Тэмпельхоф у Берліне.

Іншыя пасты блога

Усе пасты