Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Шматлікія абгоны і дзіўныя экаактывісты на этапах Формулы Е ў Берліне

Шматлікія абгоны і дзіўныя экаактывісты на этапах Формулы Е ў Берліне

24 красавіка 2023, 16:02
Шматлікія абгоны і дзіўныя экаактывісты на этапах Формулы Е ў Берліне

Фота: Formula E

Абгонаў шмат не бывае, і гонкі электрычнай Формулы на тэрыторыі былога аэрапорту Тэмпельхоф у сталіцы Германіі ў мінулыя выхадныя былі на іх багатымі. У суботняй восем гоншчыкаў болей за дваццаць разоў змянілі адзін аднаго толькі на першай пазіцыі, а нядзельная запомнілася яшчэ і незразумелай акцыяй тых, хто называе сябе абаронцамі навакольнага асяроддзя.

Самым жа, бадай, незразумелым было то, што ў лютым мінулага года зрабілі тыя, хто называе сябе барацьбітамі з фашыстамі і абаронцамі рускамоўнага насельніцтва ва Украіне. Не задаволіўшыся тым, што яе не атрымалася разваліць у 2014-м, яны пайшлі на суседні народ паўнавартаснай вайной, якая працягваецца і зараз. Але тым самым яны паскорылі развал сваёй імперыі і вызваленне ўсіх народаў, якія яна няволіць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Акцыя актывістаў арганізацыі Last Generation («Апошняе пакаленне») перад стартам нядзельнай гонкі Формулы Е ў Берліне на гэтым фоне была бяскрыўднай – некалькі чалавек проста пералезлі цераз агароджу і паспрабавалі ўсесціся на трасе. Такім чынам яны хацелі, па іх словах, падаць сігнал трывогі, бо чалавецтва, на іх думку, на поўным газе нясецца ў кліматычнае пекла. Тое, што Формула Е якраз дэкларуе сваю экалагічнасць і заклапочанасць зберажэннем прыроды, іх чамусьці не засмуціла. Экаактывісты такія экаактывісты.

Старт гонкі, дарэчы, быў адкладзены ўсяго на шэсць-сем хвілін, служба бяспекі на трасе спрацавала аператыўна, парушальнікі былі выдаленыя з гоначнага палатна і перададзеныя берлінскай паліцыі. Падчас заезду гоншчыкам ніхто не перашкаджаў, і гэта добра, таму што заезд гэты выдаўся на славу. І гэта была адносна спакойная нядзельная гонка, а ў суботняй наогул дзеялася сапраўдная феерыя.

З поўлу ў ёй стартаваў пілот Envision Racing Себасцьен Буэмі, які разам з Брэнданам Хартлі і Рыа Хіракавай тыднем раней прынёс перамогу завадскому калектыву Таёты на этапе WEC у Парцімане. Поўл гэты, дарэчы, стаў для швейцарца шаснаццатым, што ёсць рэкордным паказчыкам у Формуле Е. Аднак пасля таго, як агні стартавага святлафору пагаслі, у першы паварот лідарам увайшоў ужо гоншчык каманды Nio 333 Racing Дэн Ціктум, які кваліфікаваўся чацвёртым.

І панеслася! Па-першае, многія пілоты з групы лідараў ужо на самых першых кругах вырашылі актываваць рэжым атакі ў першы раз, прычым амаль кожны дадатковыя 50 кВт атрымаў усяго на дзве хвіліны. А па-другое, пазіцыямі пілоты абменьваліся і ў вочнай барацьбе.

Пасля першай хвалі праездаў па зоне актывацыі рэжыму атакі, зрэшты, сітуацыя вярнулася да пэўнага статусу-кво – Ціктум вярнуўся на першую пазіцыю, Буэмі ішоў другім, а следам за імі размясціўся прадстаўнік Jaguar TCS Racing Сэм Бёрд, які з другой пазіцыі гонку пачынаў. Спакой, аднак, захоўваўся надоўга, бо неўзабаве гоншчыкі пачалі актываваць рэжым атакі ў другі раз, і першымі гэта зрабілі на восьмым кругу якраз Ціктум з Буэмі.

Але напарнік Ціктума Серхіа Сэтэ-Камара і пілот NEOM McLaren Рэнэ Раст перашкодзілі і рэалізаваць перавагу ў хуткасці, сутыкнуўшыся на дзясятым кругу, праз што на трасу ў першы раз выехаў аўтамабіль бяспекі. А напарнік Бёрда Мітчэл Эванс на рэстарце прарваўся на першую пазіцыю і са стандартнымі 300-мі кілаватамі.

Толькі на дваццатым кругу пэйс-кар ізноў узначаліў пелатон, бо на папярэднім сутыкнуліся ўжо Ціктум і дзейсны чэмпіён Формулы Е з DS Penske Стофель Вандорн, які раней таксама пабыў лідарам гонкі. Брытанец «завёз» бельгійца ў сцяну, абодва сышлі са зламанымі падвескамі, але працягнулі высвятляць адносіны ўжо па-за трасай, на шчасце, без рукапрыкладства. Дый было відаць, што Дэн і сам разумеў, што ў гэтай сітуацыі праўда на баку апанента.

Пасля рэстарту аднавілася барацьба за лідарства. Спачатку Эванс, адправіўшыся па дадатковую магутнасць, прапусціў наперад Буэмі, потым абагнаў яго, а пазней прапусціў ізноў, і не толькі яго, але і Бёрда. І на дваццаць дзявятым кругу ўжо брытанец узначаліў гонку, скарыстаўшыся памаркай Буэмі. Аднак на апошніх кругах ужо швейцарац правёў удалую атаку і вярнуў сабе лідарства.

Бёрд, зрэшты, не адстаў, і на трыццаць восьмым кругу ізноў паспрабаваў абагнаць Буэмі, але гэта ў яго не атрымалася. І, як гэта часам здараецца ў гонках, у барацьбе двух перамогу атрымаў трэці, і Эванс спачатку пакінуў ззаду напарніка, а ў пачатку наступнага круга – і Себасцьена, пасля чаго пачаў адрывацца дзякуючы таму, што раней зэканоміў энергію ў батарэі свайго баліду.

Барацьба ж за другую пазіцыю працягнулася ледзь не да самага фінішу, і тут таксама сваю ролю адыграла энергетычная эфектыўнасць. Так, Буэмі паставіў у суботняй гонцы ў Берліне рэкорд Формулы Е – 500 кругоў лідзіравання за ўсю кар’еру ў электрагонках. Але лідзіраванне ў іх мае адваротны бок – расход энергіі ўзрастае, бо няма аэрадынамічных ценяў ад супернікаў. Вось і Себасцьен у ранейшых фазах гонкі зрасходаваў замнога зараду, і на апошнім кругу, не маючы магчымасці эфектыўна абараняцца, прапусціў не толькі Бёрда, але і канкурэнта з Maserati MSG Racing Максіміліана Гюнтэра, задаволіўшыся чацвёртым месцам.

Сцэнарый нядзельнай гонкі быў ужо зусім іншым, і справа не ў дзівацтвах экаактывістаў. Абгонаў таксама хапала, хоць да рэкордных ста дзевяноста днём раней не дайшло. Усе карты змяшаў дождж, які намачыў трасу перад кваліфікацыяй. У выніку на першым стартавым шэрагу апынуліся гоншчыкі ABT Cupra Робін Фрайнс і Ніка Мюлер (поўл дастаўся нідэрландцу). На старце абодва захавалі пазіцыі, але ўжо на трэцім праехаліся па зоне актывацыі рэжыму атакі, адкаціўшыся крыху назад.

У лідары выйшаў пілот DS Penske Жан-Эрык Вернь. Француз хутка таксама адправіўся на актывацыю, але і канкурэнты рабілі гэта ізноў хваляй, таму ў выніку ён вярнуўся на першую пазіцыю. Яго галоўным пераследнікам быў Буэмі, і ўжо ён праз некалькі кругоў выйшаў на першую пазіцыю. І таксама ненадоўга, бо на пятнаццатым кругу першыя дзве пазіцыі акупіравалі гоншчыкі TAG Heuer Porsche – лідар чэмпіянату Паскаль Верляйн і Антоніу Фелікс да Кошта адпаведна.

Буэмі апынуўся і ззаду Верня, а на дваццаць першым кругу ў таўханіне зламаў пярэдняе антыкрыло сваёй машыны і вымушаны быў адправіцца ў боксы. Жан-Эрык жа двума кругамі раней абагнаў да Кошту, а хутка – і Верляйна. Толькі праз некалькі кругоў наспеў час і Верню адправіцца на актывацыю рэжыму атакі, у выніку чаго на лідарскай пазіцыі апынуўся ўжо напарнік Буэмі па Envision Нік Кэсідзі.

На другую здолеў прарвацца пілот Avalanche Andretti Джэйк Дэніс, тады як Вернь апынуўся толькі трэцім. Гоншчыкі Porsche да таго моманту ўжо паспелі адкаціцца назад і цяпер адбіваліся ад Эванса. Крыху больш пашанцавала да Кошце, якога Мітч быў абышоў, але ненадоўга. Партугалец хутка абагнаў спачатку новазеландца, потым напарніка, пасля чаго пачаў ціснуць на Верня.

Тактыка партугальца мела поспех – на дваццаць сёмым кругу ён абагнаў Жана-Эрыка, але той адказаў праз чатыры кругі, калі вярнуў сабе трэцюю пазіцыю. На ёй француз гонку і скончыў, тады як да Кошту абагнаў яшчэ і Эванс. Дэніс фінішаваў другім, ну а Кэсідзі атрымаў першую ў сезоне перамогу.

Верляйну, які захаваў лідарства ў чэмпіянаце і мае 100 ачкоў, Нік саступае ўсяго чатыры, займаючы другую пазіцыю. На трэцюю падняўся Вернь, у якога 81 бал, на адзін болей, чым у Дэніса. Porsche захоўвае лідарства ў камандным заліку, маючы 168 ачкоў. Envision і Jaguar захавалі другую і трэцюю пазіцыі адпаведна, у іх 153 і 138 ачкоў.

Сезон Формулы Е працягнецца ў Манака, дзе 6 мая пройдзе апошні ў гэтым годзе адзіночны этап.

Іншыя пасты блога

Усе пасты