Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/6 гадзін стабільнасці. Этап WEC на трасе Спа-Франкаршам прайшоў так, як і чакалася – пры дамінаванні Таёты

6 гадзін стабільнасці. Этап WEC на трасе Спа-Франкаршам прайшоў так, як і чакалася – пры дамінаванні Таёты

агляд

6 гадзін стабільнасці. Этап WEC на трасе Спа-Франкаршам прайшоў так, як і чакалася – пры дамінаванні Таёты

Фота: fiawec.com

На самой справе, не зусім пры дамінаванні, бо пачалася гонка бельгійскага этапу даволі цікава. Але скончылася яна ўсё роўна традыцыйна – дублем экіпажаў каманды Toyota. Такая вось дакучлівая стабільнасць.

За амаль паўтары гады вайна ва Украіне не проста надакучыла ўсяму свету, а стаміла яго. Найперш, канечне, саміх украінцаў, якім прыходзіцца плаціць сваімі жыццямі за імперскія комплексы звар’яцелага дыктатара. Аднак ён сваёй агрэсіяй супраць суседзяў толькі наблізіў канчатковы развал сваёй імперыі, а таксама падзенне сваё ўласнае і свайго калгаснага паслугача. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Амаль бясконцыя перамогі Таёты ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць таксама надакучылі многім, але ад іх хаця б ніхто не гіне. Слова «стабільнасць» для беларусаў даўно стала амаль што лаянкай, дый у дачыненні да гонак такую характарыстыку цяжка назваць станоўчай. Хацелася б якраз непрадказальнасці і вастрыні, але маем тое, што маем. З’яўленне ў WEC катэгорый гіперкараў і прыраўнаваных да іх прататыпаў LMDh справу пакуль заўважна не змяніла.

Этап у Спа традыцыйна лічыцца генеральнай рэпетыцыяй перад Ле Манам. Дарэчы, любімая ўсімі гоншчыкамі траса застанецца ў календары сусветнага чэмпіянату прататыпаў і Еўрапейскай серыі Ле Ман як мінімум да 2028 года. І калі канкурэнты Таёты ў WEC падцягнуцца да яе ўзроўню, а ў Формуле 1 захаваецца цяперашняе становішча, апошняя яшчэ пазайздросціць, калі яе кіраўніцтва адмовіцца ад Гран Пры Бельгіі.

І гонка 6 гадзін Спа, якая праходзіла ў мінулую суботу, незалежна ад яе вынікаў, усё ж дала надзею на лепшае. А яе пачатак дык увогуле натхніў быў нават скептыкаў кшталту аўтара гэтага артыкулу. Так, Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыя Лопес з сёмага экіпажа Таёты стартавалі з поўлу. Але стартавалі яны на сліках, тады як трасу перад самым стартам намачыў дождж.

Сітуацыю пагоршыла яшчэ і тое, што з гэтага года ў WEC забароненыя грэлкі для шын, і падняць іх тэмпературу да рабочай нават на сухім асфальце бывае цяжка (па гэтай прычыне, дарэчы, прагрэўных кругоў у чэмпіянаце свету цяпер два). Таму не дзіўна, што як толькі заезд стартаваў у баявым рэжыме, сёмы гіперкар Toyota GR010 пачаў губляць адну пазіцыю за адной, а на першых двух апынуліся экіпажы Ferrari – пяцідзясяты ў складзе Антоніа Фуока, Мігеля Маліны і Нікласа Нільсэна, і пяцьдзесят першы, у якім выступаюць Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймс Калада і Антоніа Джавінацы.

Абедзве італьянскія машыны на стартавы адрэзак былі абутыя ў дажджавыя шыны. Але дождж не быў моцным і не зацягнуўся надоўга, траса пакрысе падсыхала, і сёмая Таёта пачала даволі хутка адыгрывацца. Восьмай, якой кіруюць Себасцьен Буэмі, Брэндан Хартлі і Рыючы Хіракава, у гэтым сэнсе было лягчэй і цяжэй адначасова.

Цяжэй, таму што ў кваліфікацыі Хартлі машыну разбіў у павароце Raidillon. Часу экіпаж не паказаў, і стартаваў апошнім не проста ў сваёй катэгорыі, а ў абсалюце. А лягчэй, таму што рэальных супернікаў у Буэмі, які быў за стырном на першым адрэзку, не было, і ён якраз прарываўся наверх.

Ужо да сканчэння першай траціны гонкі сёмы экіпаж дабраўся да першай тройкі, а потым паспяхова падняўся і на другую пазіцыю. Тады як у Ferrari AF Corse ізноў выявіўся дэфіцыт гоначнага тэмпу адносна японскіх канкурэнтаў. Экіпажы італьянскай каманды ў асноўным спаборнічалі з канкурэнтамі з Porsche і Cadillac.

Амерыканскі калектыў гэтым разам выставіў дзве машыны – да другога экіпажа ў складзе Эрла Бамбера, Алекса Ліна і Рычарда Вэстбрука на чорна-сінім прататыпе V-Series.R далучыўся трэці, які склалі Себасцьен Бурдэ, Рэнгер ван дэр Зандэ і Джэйк Эйткен. Ім дастаўся чорна-жоўты аўтамабіль, але пакіраваць ім паспеў толькі ван дэр Зандэ. Нідэрландзец бліжэй да канца другой гадзіны гонкі праз праблемы са стырнавым кіраваннем патрапіў у сур’ёзную аварыю ў павароце Eau Rouge. Машына была разбітая моцна, але сам гоншчык, на шчасце, не пацярпеў.

Не меней крыўдна было пяцідзясятаму экіпажу Ferrari, калі крыху болей, чым за паўтары гадзіны да сканчэння часу гонкі Антоніа Фуока патрапіў у аварыю, толькі пакінуўшы піт-лэйн пасля чарговага планавага прыпынку. Прычынай, хутчэй за ўсё, сталі якраз халодныя шыны – пілот проста не ўтрымаў прататып на спуску да Eau Rouge.

П’еру Гуідзі, Калада і Джавінацы подыум таксама не быў гарантаваны – канкурэнты з Porsche Penske Motorsport былі на ўзроўні з імі па хуткасці. Па надзейнасці, праўда, толькі часткова, і шостая машына Кэвіна Эстрэ, Андрэ Лотэрэра і Лоўрэнса Вантора праз механічныя праблемы спынілася на галоўнай прамой у пачатку трэцяй гадзіны гонкі.

А вось пяты экіпаж у складзе Дэйна Кэмерана, Міхаэля Крыстэнсэна і Фрэдэрыка Макавецкі шанцы на подыум меў, але на апошнім кругу Калада здзейсніў удалую атаку, якая прынесла яму і яго калегам трэцяе месца. Дарэчы, прадстаўнікі і Ferrari, і Porsche здолелі фінішаваць ў адным кругу з пераможцамі, якімі чакана сталі Конвэй, Кабаяшы і Лопес, што ўжо нядрэнна. Буэмі, Хартлі і Хіракава занялі другое месца.

Катэгорыя LMP2 ізноў заслужыла авацыі – вось дзе барацьба ішла калі не да апошняга круга, то да апошняй гадзіны дакладна. Усё магло б скончыцца і перамогай уладальнікаў поўлу з дваццаць трэцяга экіпажа каманды United Autosports – Джошуа Пірсана, Тома Бломквіста і Олівера Джарвіса. Але іх зусім крыху, але перайгралі па тактыцы канкурэнты з сорак першага экіпажа Team WRT – Руі Андрадэ, Роберт Кубіца і Луі Дэлетраз, якія і фінішавалі першымі ў класе.

Добра выступалі і мелі шанцы на подыум і Дорыан Пан, Міка Барталоці і Данііл Квят з шэсцьдзесят трэцяга экіпажа Prema Racing. Але італьянец у сваю змену дапусціў крыўднае парушэнне пад аўтамабілем бяспекі (магчыма, зарана пайшоў на абгон), за што ўжо расіяніну прыйшлося адбываць штраф stop&go у пару хвілін. Іх экіпаж у выніку замкнуў у LMP2 першую дзясятку. А першую тройку – трыццаць чацвёрты экіпаж Inter Europol Competition у складзе Якуба Смехоўскага, Фабіа Шэрэра і Альберта Косты. Для іх гэты подыум стаў першым у чэмпіянаце свету.

Цікава было і ў катэгорыі LMGTE Am, дзе з поўлу стартавалі Ахмад Аль-Харці, Майкл Дзінан і Чарлі Іствуд з дваццаць пятага экіпажа ORT by TF Sport. Яны і лідзіравалі даволі доўгі час, пакуль не адхапілі штрафны праезд па піт-лэйне, за тое што раней на выездзе з яго пасля піт-стопу адзін з іх перасек белую лінію.

Хуткасць у іх Aston Martin Vantage AMR, аднак, нікуды не дзелася, і ім зусім нямнога не хапіла, каб заняць другое месца. Бэну Кіцінгу, Нікаласу Варонэ і Нікі Катсбургу з трыццаць трэцяга экіпажа Corvette Racing, якім яно і дасталася, Аль-Харці, Дзінан і Іствуд саступілі на фінішы ўсяго 0,249 секунды.

А Лілу Ваду, разам з якой у восемдзесят трэцім экіпажы Richard Mille AF Corse выступаюць Луіс Перэс-Кампанк і Алесіа Равэра, стала першай жанчынай, якая перамагла ў LMGTE Am. На старце гонкі Ferrari 488 GTE Evo французска-аргенцінска-італьянскага трыа размяшчалася толькі на пятай пазіцыі, аднак затым гоншчыкі правялі выдатныя адрэзкі, што тычыцца і Лілу.

Пасля трох этапаў WEC у чэмпіянаце свету, які, нагадаю, разыгрываецца толькі ў катэгорыі гіперкараў, працягваюць лідзіраваць Хартлі, Хіракава і Буэмі, у якіх 71 ачко. Лопес, Кабаяшы і Конвэй саступаюць ім пяць балаў і займаюць другую пазіцыю. На трэцяй з 42-ма ачкамі Фуока, Маліна і Нільсэн. У заліку вытворцаў першая Toyota, у якой 90 балаў, Ferrari з 57-ю захоўвае другую пазіцыю, Porsche, маючы 42 ачкі і на два апярэджваючы Cadillac, замыкае першую тройку.

Лідарства Таёты, відавочна, не натхняе яе канкурэнтаў, аднак ім можа і пашчасціць на наступным этапе, якім і стане гонка 24 гадзіны Ле Мана, падчас якой здарыцца можа што заўгодна і на якой нават фаварыты не застрахаваныя ад непрыемнасцей. Сам сутачны марафон пройдзе 10-11 чэрвеня, а гоначны тыдзень пачнецца ўжо 5 чэрвеня, у панядзелак.

Іншыя пасты блога

Усе пасты