Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пятая перамога чэмпіёна. Алекс Палоў даволі нечакана выйграў этап IndyCar у Індыянапалісе

Пятая перамога чэмпіёна. Алекс Палоў даволі нечакана выйграў этап IndyCar у Індыянапалісе

Пятая перамога чэмпіёна. Алекс Палоў даволі нечакана выйграў этап IndyCar у Індыянапалісе

Фота: indycar.com

Тым, хто з амерыканскай формульнай серыяй знаёмы слаба, гэта можа падацца дзіўным, але на самой справе нічога дзіўнага тут няма. Канкурэнцыя ў IndyCar высокая, і чэмпіёны тут не выйграюць амаль усе гонкі, як у Формуле 1. Вось і Алекс Палоў, чэмпіён 2021 года, у мінулы ўік-энд у Індыянапалісе адсвяткаваў толькі пяты трыумф.

Мінулай ноччу свой чарговы трыумф адсвяткавалі ўкраінскія сілы супрацьпаветранай абароны, якія адбілі ракетную атаку расійскіх фашыстаў. На жаль, нашы суседзі працягваюць гінуць ад агрэсіі і комплексаў звар’яцелага дыктатара, а беларусы – пакутаваць ад яго мясцовага гаўляйтэра. Апошні, аднак, можа ў любы момант пазбавіць свет ад сябе, што наблізіць вызваленне адразу двух народаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Любому з гоншчыкаў далёка да любога з байцоў Узброеных сіл Украіны, але мы ўсё роўна іх паважаем і радуемся поспехам тых з іх, хто бліскае не надта часта. Пілот Chip Ganassi Racing Алекс Палоў у серыі IndyCar апошні зрабіў гэта на фінальным этапе мінулага сезона на трасе Лагуна Сэка, і то была яго ўсяго толькі чацвёртая перамога. Пятую ён атрымаў у мінулую суботу ў Індыянапалісе.

Галоўным фаварытам этапу на трасе так званага еўрапейскага тыпу (не авальнай), аднак, быў гоншчык Rahal Letterman Lanigan Racing Крысціан Лундгаард. Датчанін стартаваў з поўл-пазіцыі і выкарыстоўваў стандартную стратэгію са стартам на стандартным, болей жорсткім камплекце шын. А вось Палоў пачынаў гонку з трэцяй пазіцыі, затое на мяккай гуме, і абагнаў Лундгаарда ўжо на першым кругу ў звязцы дванаццатага і трынаццатага паваротаў.

Нарасціць перавагу аператыўна іспанцу хутка перашкодзілі партнёры па Dale Coyne Racing Дэвід Малукас і Стынг Рэй Роб, якія сутыкнуліся ў сёмым павароце і выклікалі аўтамабіль бяспекі. Аднак на рэстарце на шостым кругу Палоў усё роўна пачаў адрывацца ад Лундгаарда і за наступныя шэсць кругоў ад’ехаў ад яго на пяць секунд.

На самога Крысціана пры гэтым ззаду насядаў канкурэнт з Arrow McLaren Александэр Росі, але ад амерыканца ён адбіўся і пачаў набліжацца да Палоў. Цуда на гэтым этапе не адбылося – мяккія шыны на балідзе Алекса пачалі зношвацца раней, і на васямнаццатым кругу ён адправіўся на першы піт-стоп. Лундгаард наведаў боксы двума кругамі пазней і вярнуўся на трасу ўжо на мяккіх шынах у дзвюх секундах за Палоў. Каб наблізіцца да яго на адлегласць атакі, датчаніну спатрэбілася ўсяго пара кругоў, і на дваццаць чацвёртым на тармажэнні перад сёмым паваротам ён абагнаў Алекса.

Лідарам Крысціан пры гэтым, аднак, не стаў – наперадзе застаўся яго партнёр па камандзе Грэм Рэйхал. І гэта стала праблемай для Лундгаарда, які не атрымаў поўнай перавагі ад сваіх шын, застаўшыся ў брудным паветры да трыццаць першага круга, на якім Рэйхал адправіўся на піт-стоп. І ўжо Палоў пачаў набліжацца да пілота RLL, да саракавога круга скараціўшы адрыў усяго да паловы секунды.

У выніку пасля другога піт-стопа, на якім Алекс атрымаў яшчэ адзін камплект мяккіх шын, на трасу ён вярнуўся перад Лундгаардам, які наведаў боксы крыху раней. Палоў, праўда, апынуўся ў сітуацыі, падобнай на тую, у якой да гэтага быў Крысціан – ён губляў час за яшчэ адным прадстаўніком Arrow McLaren Патрысіа О’Вордам. Прайшоў мексіканца ён толькі на сорак пятым кругу, але ў самым пачатку сорак шостага, у першым павароце, гэта зрабіў і Лундгаард, і іх дуэль працягнулася.

Праўда, да свайго фінальнага піт-стопа на пяцьдзясят дзявятым кругу датчанін адстаў ад іспанца на дзесяць секунд, тады як адразу пасля папярэдняга прыпынку паміж імі было 1,7 секунды. Таму калі Палоў атрымаў нарэшце камплект асноўных болей жорсткіх шын кругам пазней, перавагу перад сваім галоўным канкурэнтам ён захаваў. Пры гэтым Лундгаард яшчэ да піт-стопа прапусціў наперад О’Ворда, а за дзесяць кругоў да фінішу яго прайшоў і Росі. Крысціану прыйшлося задаволіцца чацвёртым месцам.

Палоў жа дзякуючы сваёй перамозе са 174-ма ачкамі стаў першым і ў турнірнай табліцы. О’Ворд, у якога 168 ачкоў, застаўся другім, а цяпер ужо былы лідар серыі і партнёр Палоў па камандзе Маркус Эрыксан, які гэтым разам фінішаваў толькі восьмым, апусціўся на трэцюю пазіцыю і мае 155 балаў.

Наступнай гонкай IndyCar стануць якраз знакамітыя 500 міль Індыянапаліса. Этап на авале пройдзе на наступных выхадных, 26-28 мая, хаця першыя трэніроўкі мусяць пачацца ўжо ў бліжэйшыя дні. Першая, якая мела адбыцца ў аўторак, аднак, была адмененая праз моцны дождж. Хаця ўсім нам сумна найперш праз адмену Гран Пры Эміліі-Раманьі Формулы 1. Мацнейшая паводка ў гэтым рэгіёне Італіі не дазволіла бяспечна правесці этап у Імале, таму чакаем наступнага тыдню і Гран Пры Манака.

Іншыя пасты блога

Усе пасты