Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першы подыум Доктара і іншыя падзеі другога этапу серыі GT World Challenge Europe у Брэндс-Хэтчы

Першы подыум Доктара і іншыя падзеі другога этапу серыі GT World Challenge Europe у Брэндс-Хэтчы

Першы подыум Доктара і іншыя падзеі другога этапу серыі GT World Challenge Europe у Брэндс-Хэтчы

У Валянціна Росі толькі ў прэм’ер-катэгорыі MotoGP сем чэмпіёнскіх тытулаў, а вось у GT World Challenge Europe ён зараз праводзіць толькі другі сезон. Але ў мінулы ўік-энд ён са сваім напарнікам па сорак шостым (ну а якім жа яшчэ!) экіпажы Team WRT Максімам Мартанам дабіўся і першага заўважнага поспеху на чатырохколавай тэхніцы. Хаця этап на трасе Брэндс-Хэтч запомніўся не толькі гэтым.

Толькі дасягненнямі мінулага і застаецца ганарыцца звар’яцеламу расійскаму дыктатару, які праз свае зайздрасць і закамплексаванасць у мінулым годзе пайшоў вайной на Украіну. Сёння яго войска рыхтуецца заняць болей выгадныя пазіцыі, магчыма нават па-за ўкраінскай зямлёй, а ў ёй займае нават зараз. Вызваленне Украіны наблізіць і вызваленне Беларусі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

За злачынствы сваёй дзяржавы расійскія гоншчыкі на міжнароднай арэне цяпер вымушаныя выступаць пад чужымі сцягамі або пад нейтральнымі, як удзельнік серыі GT World Challenge Europe Цімур Багуслаўскі. Але гэты факт не перашкаджае яму разам з яго напарнікам па восемдзесят восьмым экіпажы Akkodis ASP Team Рафаэле Марчэла перамагаць. І ў першай гонцы другога этапу гэтага сезона ўдача ўсміхнулася расійска-швейцарскаму дуэту на Mercedes-AMG GT3.

Лепшымі Багуслаўскі і Марчэла сталі і ў першай кваліфікацыі, а ў гонцы Рафаэле выдатна правёў першы адрэзак, таму Цімуру трэба было проста не нарабіць памылак. Гэта было не так і проста, улічваючы ўціск з боку саракавой Audi R8 LMS Evo II GT3 каманды Tresor Orange 1, якой кіравалі Маціа Друдзі і Рыкарда Фелер.

Першы з іх гонку пачынаў і ўжо на старце адыграў адну пазіцыю, падняўшыся на трэцюю, а памылка на піт-стопе каманды Emil Frey Racing пры абслугоўванні шэсцьдзесят дзявятай Ferrari 296 GT3 Альберта Косты і Цьеры Вермюлена дазволіла экіпажу Tresor Orange 1 фінішаваць другімі. Коста і Вермюлен адкаціліся на чацвёртую пазіцыю, а замкнулі першую тройку, таксама скарыстаўшыся іх непрыемнасцю, гоншчыкі на трыццаць другім BMW M4 GT3 каманды Team WRT Шарль Віртс і Дрыс Вантор.

Перад другой гонкай Багуслаўскаму і Марчэла пашанцавала значна меней – яны кваліфікаваліся толькі дзевятнаццатымі. Хаця іх прарыў на шостае месца ўсё роўна заслугоўвае высокай адзнакі. Галоўнымі ж героямі сталі Друдзі і Фелер, якім таксама прыйшлося прарывацца, але з сёмай пазіцыі. Абганяць на Брэндс-Хэтчы практычна няма дзе, дый гонкі фармату Sprint працягваюцца ўсяго адну гадзіну, яшчэ і аўтамабілямі бяспекі часта нейтралізуюцца. Аднак у Tresor Orange 1 заклікалі Фелера на піт-стоп, як толькі акно для гэтага адчынілася.

Якраз аўтамабіль бяспекі, дарэчы, сапсаваў планы дваццаць сёмага экіпажа Sainteloc Junior Team, які стартаваў з поўлу. Гонку пачынаў Крыстафер Міс, які некаторы час упэўнена лідзіраваў, але нейтралізацыя заезду пэйс-карам на дваццатай хвіліне нейтралізавала і яго перавагу. А яго французскі напарнік Грэгуар Дэмусцье ў сваю змену нарабіў памылак і адкаціўся ажно на васямнаццатую пазіцыю.

Саракавы ж экіпаж пасля хвалі піт-стопаў захапіў упэўненае лідарства, якое Друдзі захаваў да самага фінішу і атрымаў з Фелерам перамогу. Ну і сорак шосты экіпаж Team WRT, які стартаваў з пятай пазіцыі, выдатна правёў гонку. Мартан спачатку прарваўся на трэцюю пазіцыю, а Росі потым удалася падняцца на другую. Трэцімі фінішавалі ізноў Віртс і Вантор.

Пасля другога этапу серыі ў турнірнай табліцы адбыліся заўважныя змены. На першую пазіцыю ў камандным заліку выйшаў калектыў Tresor Attempto Racing, у якога 28,5 бала. Akkodis ASP Team з 23,5 ачка на другой пазіцыі, трэцюю, маючы 21,5 ачка, займаюць Team WRT. Друдзі і Фелер захапілі лідарства ў заліку пілотаў, у іх 38,5 ачка. Вантор і Віртс другія з 27-мю баламі, што ўсяго на адзін болей, чым у пераможцаў першага этапу ў Монцы Марка Вітмана, Філіпа Энга і Ніка Йелалі, якія ў ўдзельнічаюць толькі ў Кубку Endurance і ў Брэндс-Хэтч не прыехалі.

Якраз у фармаце Endurance і пройдзе 2-4 чэрвеня трэці этап гэтага сезона серыі GT World Challenge Europe. Яго прыме траса Поль Рыкар у Францыі, на якой адбудзецца 1 000-кіламетровая (шасцігадзінная) гонка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты