Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Палоў абазначыў намер. Іспанец перамог на этапе серыі IndyCar у Дэтройце

Палоў абазначыў намер. Іспанец перамог на этапе серыі IndyCar у Дэтройце

Палоў абазначыў намер. Іспанец перамог на этапе серыі IndyCar у Дэтройце

Фота: indycar.com

Аўтамабільная сталіца ЗША прымала гонкі і раней, але формульная серыя IndyCar у мінулыя выхадныя прыехала туды на абсалютна новую гарадскую трасу. Крытыцы яе падверг і Алекс Палоў, што не перашкодзіла яму атрымаць ужо другую перамогу ў сезоне.

На гэтым тыдні Украіне расійска-фашысцкімі акупантамі была нанесеная новая траўма. Падрыў дамбы Кахоўскага вадасховішча прывёў да маштабнай экалагічнай катастрофы, наступствы якой адчуе ўвесь свет. Лепшае, што ён можа зрабіць – гэта дапамагчы Украіне атрымаць ваенную перамогу над агрэсарам. Яна дапаможа вызваліць ад акупацыі і беларускую зямлю, якая таксама стане бяспечнай для суседзяў і ўтульнай для нас. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

ЗША далёка ад Украіны, але і там разумеюць важнасць поспеху ўкраінцаў у іх змаганні. Геаграфічная аддаленасць ад Еўропы не перашкаджае таксама паспяхова выступаць там еўрапейскім гоншчыкам. Іх шмат, напрыклад, у чэмпіянаце спорткараў IMSA, а таксама ў формульнай серыі IndyCar, якая ў мінулы ўік-энд правяла ў Дэтройце сёмы этап свайго сезона.

Этап прайшоў на новай вулічнай трасе даўжынёй 1,645 мілі (2 647 метраў), якую многія, у тым ліку Алекс Палоў, лідар турнірнай табліцы, назвалі занадта цеснай і кароткай для індыкараўскіх балідаў. Ну і счаплення на так распаўсюджаным у Амерыцы бетонным пакрыцці яўна не хапала. Аднак менавіта пілот выйграў на ёй і поўл у суботу, і гонку ў нядзелю. Фаварытам ён быў увесь этап, хаця ў нядзелю выклік яму кінуў і пакуль што дзейсны чэмпіён з Team Penske Уіл Паўэр.

Аўстраліец пры гэтым стартаваў дванаццатым, але ўжо да дзясятага круга прарваўся на пятую пазіцыю. А на дваццаць другім, абагнаўшы канкурэнта з Andretti Autosport Рамэна Гражана, стаў галоўным пераследнікам Палоў. Уіл перасядзеў Алекса на трасе, адправіўшыся на піт-стоп на трыццаць чацвёртым кругу (іспанец зрабіў гэта чатырма кругамі раней). Той, зрэшты, усё роўна апынуўся ў выніку наперадзе, але затым на яго машыне задурыла электроніка скрыні перадач, што дазволіла Паўэру нарэшце падабрацца да яго на адлегласць атакі.

Правёў яе Паўэр на чарговым рэстарце ў трэцім павароце на пяцьдзесят сёмым кругу. У яго была перавага ў мяккіх шынах, тады як Палоў той адрэзак праводзіў на асноўным і болей жорсткім камплекце. Аднак затым ужо Алекс прымусіў гуму працаваць, і ў тым жа трэцім павароце ўжо ён атакаваў Уіла, вярнуўшы сабе лідарства ў гонцы. Калі да фінішу было дваццаць кругоў, перавага пілота Chip Ganassi Racing складаў ужо шэсць секунд, але тут шанцы з’явіліся ізноў у Паўэра.

Пачалося ўсё з аварыі Гражана – француз якраз тады разбіў аб сцяну свой балід, ужо ў трэці раз за сезон, потым на рэстарце з адбойнікам сустрэўся гоншчык Dale Coyne Racing with HMD Motorsports Дэвід Малукас. На рэальную барацьбу пасля ўсіх гэтых падзей ва ўдзельнікаў гонкі засталося дзесяць кругоў, і таму, толькі пабачыўшы зялёныя сцягі, на тармажэнні перад шпількай Паўэр пайшоў у чарговую атаку. Праўда, не толькі не абагнаў Палоў, а яшчэ і быў падбіты ззаду партнёрам Алекса па камандзе Скотам Дзіксанам.

Пры гэтым на машыне аўстралійца спрацавала сістэма anti-stall, якая прадухіляе глушэнне рухавіка. Праз гэта Паўэр прапусціў яшчэ і пілота Arrow McLaren Александра Росі, аднак праз кароткі час лёс даў яму апошні шанец. Сутыкненне Стынга Рэя Роба з Dale Coyne Racing with RWR і Санціна Феручы з A.J. Foyt Enterprises прывяла да новай нейтралізацыі гонкі, і непасродна на яе пасля рэстарту засталося ўсяго пяць кругоў.

Дагнаць Палоў Паўэр не паспеў, а вось другую пазіцыю сабе вярнуў, апярэдзіўшы Росі ў чацвёртым павароце. Амерыканцу пры гэтым прыйшлося адбівацца яшчэ і ад свайго шведскага партнёра па камандзе Фелікса Розэнквіста, які раней абагнаў Дзіксана, але прапусціў і яго, і новазеландскага ветэрана IndyCar, задаволіўшыся толькі пятым месцам.

Розэнквіст заняў трэцяе, Паўэр фінішаваў другім, ну а Палоў стаў пакуль што адзіным у бягучым сезоне двухразовым пераможцам. Алекс замацаваў сваё лідарства, у яго ўжо 273 ачкі супраць 222-х у яго партнёра па камандзе Маркуса Эрыксана, які ў Дэтройце фінішаваў дзявятым. Швед пры гэтым на адну пазіцыю апярэдзіў пераможца папярэдняга этапу, гонкі 500 міль Індыянапаліса, Джозэфа Ньюгардэна, але амерыканец з Penske цяпер замыкае першую тройку чэмпіянату, у яго 203 балы.

Наступны этап IndyCar пройдзе ўжо на ўсім вядомай трасе так званага еўрапейскага тыпу Роўд-Амерыка ў Вісконсіне 16-18 чэрвеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты