Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Натхнёны Палоў і расчараваны Херта. Іспанец перамог на этапе IndyCar у Элхарт-Лэйк, а амерыканец мог перамагчы

Натхнёны Палоў і расчараваны Херта. Іспанец перамог на этапе IndyCar у Элхарт-Лэйк, а амерыканец мог перамагчы

22 чэрвеня, 14:17
Натхнёны Палоў і расчараваны Херта. Іспанец перамог на этапе IndyCar у Элхарт-Лэйк, а амерыканец мог перамагчы

Фота: indycar.com

У амерыканскай формульнай серыі IndyCar атрымаць дзве запар перамогі надзвычай складана, але ў лідара турнірнай табліцы Алекса Палоў гэта атрымалася. Гоншчык Chip Ganassi Racing выйграў гонку на трасе Роўд Амерыка, хаця спачатку здавалася, што гэта мусіць зрабіць яго канкурэнт з Andretti Autosport with Curb-Agajanian Колтан Херта.

Сэр Уінстан Чэрчыль сказаў некалі, што галоўны ўрок гісторыі ў тым, што чалавецтва ненавучанае, а Бернард Шоў – што ніхто не здабывае з гісторыі ўрокаў. І сёння сусветная бюракратыя баіцца рашучых дзеянняў, каб спыніць кровапраліцце ва Украіне, баіцца справакаваць агрэсара, не разумеючы, што справакаваць яго можа якраз нерашучасць. За гэтую нерашучасць сваімі жыццямі плацяць украінцы, якія мужна б’юць ворага, і раней ці пазней даб’юць яго, чым дапамогуць вызваліцца і сваім суседзям. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У ЗША ў гэтым сэнсе пакуль што лепей атрымліваецца быць перадавой тэхнічнай дзяржавай, чым лідарам свабоднага свету. І гонкі праводзіць ім таксама ўдаецца лепей, што было заўважна на Гран Пры Сонсіа – восьмым этапе сезона IndyCar, што прайшоў на трасе Роўд Амерыка ў Элхарт-Лэйк, штат Вісконсін, у мінулыя выхадныя. Падзей падчас заезду хапала – сама канфігурацыя аўтадрому, здаецца, спрыяла гэтаму.

Асабіста мне Роўд Амерыку хочацца параўнаць са Спа-Франкаршам. Нават канфігурацыяй дзве трасы няўлоўна нечым падобныя, а па працягласці дык наогул блізкія – бельгійская сямікіламетровая, а даўжыня амерыканскай складае чатыры мілі, а гэта шэсць з паловай кіламетраў. І здаралася на іх шмат чаго.

Узяць хаця б сутыкненне на вялікай хуткасці дзейснага чэмпіёна Уіла Паўэра і Скота Дзіксана падчас свабоднай практыцы ў суботу. Пацярпелым у гэтым выпадку быў аўстраліец, які сваю незадаволенасць паказваў новазеландцу (які, насамрэч, таксама аўстраліец) жэстамі і ледзь бойку з ім не ўчыніў. Многа неадназначных сітуацый было і ў гонцы, але тут усё скончылася мірна.

Мірна, але крыўдна для некаторых удзельнікаў. Вось той жа Колтан Херта стартаваў з поўлу, і доўгі час кантраляваў сітуацыю. І нават пасля таго як Алекс Палоў, які ў пачатку гонкі абагнаў пілота Arrow McLaren Патрысіа О’Ворда, падняўшыся на другую пазіцыю, выйшаў у лідары пасля піт-стопу, Херта абагнаў яго на трыццатым кругу. Але наколькі хуткім амерыканец быў на мяккіх шынах, настолькі ж павольным ён стаў, калі на апошнім піт-стопе за пятнаццаць кругоў да канца перайшоў на асноўны жорсткі тып.

Лідарам пасля хвалі наведванняў боксаў пілот Andretti Autosport застаўся, але Палоў хутка набліжаўся і абагнаў яго ў першым павароце за сем кругоў да фінішу. Хутка пасля гэтага Херта саступіў пазіцыю і Ньюгардэну, які раней абагнаў О’Ворда, а потым і самому Патрысіа, і згаданаму вышэй Дзіксану, задаволіўшыся ў выніку толькі пятым месцам.

Ньюгардэн і О’Ворд фінішавалі другім і трэцім адпаведна, а ў чэмпіянаце пасля Гран Пры Сонсіа засталіся трэцім і чацвёртым. Мексіканец мае 226 балаў (столькі ж у Дзіксана), амерыканец – 243, у абодвух ёсць магчымасць паспрачацца найперш з Маркусам Эрыксанам за другую пазіцыю, якую ён з 250-цю ачкамі і займае. Швед, які з’яўляецца партнёрам Палоў па камандзе, на Роўд Амерыцы фінішаваў шостым. Што ж да самога Алекса, то ён упэўнена лідзіруе, маючы ўжо 324 ачкі.

У Элхарт-Лэйк сезон IndyCar амаль дасягнуў сваёй сярэдзіны, таму шанцы Палоў на заваяванне чэмпіёнскай кароны даволі вялікія. Тым не менш у амерыканскай формульнай серыі можа здарыцца што заўгодна, і ў Мід-Агаё, дзе 30 чэрвеня – 2 ліпеня пройдзе наступны этап, пашанцаваць можа і каму-небудзь іншаму.

Іншыя пасты блога

Усе пасты