Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/На канікулы з пераможным настроем. Франчэска Баньяя выйграў Гран Пры Нідэрландаў

На канікулы з пераможным настроем. Франчэска Баньяя выйграў Гран Пры Нідэрландаў

26 чэрвеня, 18:23
На канікулы з пераможным настроем. Франчэска Баньяя выйграў Гран Пры Нідэрландаў

Фота: motogp.com

Дзейсны чэмпіён свету MotoGP нарэшце здабыў стабільнасць і не проста перастаў (часова, прынамсі) губляць ачкі, а пачаў іх стабільна набіраць. Этап у Асэне, што адбыўся ў мінулы ўік-энд, італьянец з завадской каманды Ducati наогул завяршыў перамогай.

У мінулыя выхадныя многія таксама з захапленнем сачылі за падзеямі ў Расіі. Там, праўда, зло пайшло на зло, станоўчых персанажаў у канфлікце ПВК «Вагнер» з расійскай арміяй не было, дый скончылася ўсё не так, як нам бы хацелася. Затое гэта адназначна адыграла на карысць Украіне, якая зараз змагаецца з расійска-фашысцкімі захопнікамі, і наблізіла яе перамогу. А заадно – і, нягледзячы ні на што, вызваленне і нашай зямлі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У MotoGP ніхто ні з кім не ваяваў і не збіраўся, аднак да перамог ахвочыя многія ўдзельнікі чэмпіянату свету. Найперш гэта тычыцца цяперашняга ўладальніка кароны Франчэска Баньяі, якому на папярэдніх этапах шанцавала далёка не заўсёды. Аднак гоншчык Ducati Lenovo Team сабраўся і перастаў памыляцца на роўным месцы, што дазволіла яму вярнуць страчанае было лідарства ў турнірнай табліцы.

Праўда, і канкурэнты Пэка не спяць у шапку, што тыднем раней у Германіі даказаў гоншчык Prima Pramac Racing Хорхе Марцін і аб чым ужо ў Асэне нагадаў нядаўні лідар чэмпіянату з Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі. Менавіта ён выйграў кваліфікацыю Гран Пры Нідэрландаў, а потым і суботні спрынт. На старце кароткага заезду, зрэшты, малады італьянец страціў адразу дзве пазіцыі – спачатку яго абагнаў Баньяя, а потым і канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Team Брэд Біндэр, які выдатна стрэліў з пятай пазіцыі.

Аднак ужо на наступным кругу Безэкі паспяхова атакаваў Біндэра, а на чацвёртым – і Банью. Пасля гэтага Марка ўпэўнена кантраляваў сітуацыю да самага фінішу, першым атрымаўшы адмашку клецістым сцягам. Баньяя задаволіўся другім месцам, а трэцяе заняў… Ну, Біндэр на самой справе скончыў спрынт следам за лідарам чэмпіянату, але амаль адразу быў пакараны трохсекундным штрафам за парушэнне меж трасы, што разам адкінула яго на пятае месца.

Трэцім у выніку стаў той, пра каго мы нават забыцца паспелі – чэмпіён 2021 года Фабіа Куартарара. Кваліфікацыя ў Асэне стала для гоншчыка Monster Energy Yamaha MotoGP лепшай у сезоне – ён заваяваў чацвёртую пазіцыю і потым проста не памыляўся. На жаль, паўтарыць ці хаця б замацаваць поспех у нядзелю ў Эль Д’ябла не атрымалася – на старце француз адкаціўся на дванаццатую пазіцыю, а пазней упаў, прыбраўшы яшчэ і свайго суайчынніка з Pramac Жоана Зарка.

Падалі ў нядзелю, зрэшты, многія, а шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі з Repsol Honda Team Марк Маркес рабіў гэта і раней па ходу ўік-энда, дадаўшы да сваіх старых траўм яшчэ і пералом рабра. Таму на старт нядзельнай гонкі іспанец, які ў спрынце заняў сямнаццатае месца, проста не выйшаў.

З тых жа, хто ўсё ж стартаваў, не фінішавалі сямёра, у тым ліку гоншчык Aprilia Racing Маверык Віньялес, чый напарнік Алейш Эспаргара нечакана заняў трэцяе месца. Нечакана, бо фізічна трэцім ізноў фінішаваў Біндэр, якога ізноў аштрафавалі за дакладна такое ж парушэнне і ў дакладна тым жа месцы, што і днём раней. Гэтым разам, праўда, паўднёваафрыканец страціў толькі адно месца.

Пры гэтым стартаваў Брэд зноў выдатна, адразу захапіўшы лідарства. Некалькі кругоў, за якія з барацьбы праз падзенне выбыў і яго напарнік Джэк Мілер, Біндэр кантраляваў сітуацыю, і толькі на чацвёртым прапусціў наперад Баньяю. Супрацьстаянне з Безэкі выйшла болей працяглым – яго гоншчык KTM стрымліваў ажно да сямнаццатага круга, калі італьянец усё ж здзейсніў паспяховы абгон. Выйсці на адлегласць атакі на Баньяю Марка не паспеў, заняўшы другое месца.

Бліжэйшым да Баньяі, які замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце і ў якога ўжо 194 ачкі, застаўся, аднак, Марцін. Хорхе фінішаваў шостым у спрынце і пятым у нядзельнай гонцы і адстае ад Пэка на 35 балаў. Але Безэкі яму саступае ўсяго адзін. Prima Pramac Racing захоўвае першую пазіцыю ў камандным заліку, маючы 268 ачкоў і на дванаццаць апярэджваючы Mooney VR46 Racing Team – свайго бліжэйшага пераследніка. Ducati Lenovo Team з 222-ма ачкамі па-ранейшаму на трэцяй пазіцыі.

Пасля Гран Пры Нідэрландаў чэмпіянат MotoGP сыходзіць на летні адпачынак, які працягнецца да першага жнівеньскага ўік-энду, калі на трасе Сільверстоўн пройдзе Гран Пры Вялікабрытаніі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты