Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лундгаард збрыў вусы! Датчанін выканаў сваё абяцанне пасля перамогі на этапе IndyCar у Таронта

Лундгаард збрыў вусы! Датчанін выканаў сваё абяцанне пасля перамогі на этапе IndyCar у Таронта

Лундгаард збрыў вусы! Датчанін выканаў сваё абяцанне пасля перамогі на этапе IndyCar у Таронта

Фота: indycar.com

Другі поўл у сваёй кар’еры ў заакіянскай формульнай серыі пілот Rahal Letterman Lanigan Racing канвертаваў у мінулую нядзелю ў першую перамогу. Але выдатна выступіў у гонцы і лідар турнірнай табліцы Алекс Палоў.

Лепшым, што можа зладзіць цывілізаваны свет апроч гонак, ёсць безумоўная ваенная дапамога Украіне і выратаванне свету ад звар’яцелага расійскага дыктатара. Ён вырашыў не толькі знішчыць Украіну, але і справакаваць голад у краінах, якія рызыкуюць застацца без украінскага збожжа. І гэта ўжо бяда ўсяго свету, а не толькі ўкраінцаў, як і злачынствы дыктатара, што апанаваў беларусаў, ёсць бядой не толькі беларусаў. Абодва народы неабходна ўратаваць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Прыклад цывілізаваныя краіны могуць браць з маленькай Даніі, якая не толькі дапамагае Украіне, але і выхавала шмат таленавітых гоншчыкаў. Адзін з іх нават перамог у мінулы ўік-энд на этапе серыі IndyCar на гарадской трасе ў Таронта. Поспех Крысціана Лундгаарда пры гэтым быў падвоеным – стартаваў пілот Rahal Letterman Lanigan Racing з поўлу. Ён практычна ўсю гонку правёў чыста і ўпэўнена кантраляваў сітуацыю, хаця вырашаць нечаканыя тактычныя задачы яго камандзе таксама прыйшлося.

Падкідвалі тыя задачы ў асноўным шматлікія нейтралізацыі гонкі пасля здарэнняў на трасе, кшталту таго, што адбылося ў хвасце пелатона на выхадзе з першага павароту на першым жа кругу. У ім тым ці іншым чынам паўдзельнічалі сем чалавек, і маршалам спатрэбіўся пэўны час, каб разгрэбці завал, які ўтварыўся ў выніку.

На рэстарце на дзясятым кругу Лундгаард, зрэшты, лідарства захаваў і за наступныя некалькі кругоў ад’ехаў ад свайго галоўнага пераследніка, гоншчыка Team Penske Скота МакЛафліна на чатыры секунды. Піт-стоп на дзевятнаццатым кругу чакана адкінуў Крысціана даволі далёка назад, дый вярнуўшыся на трасу, ён апынуўся ў шчыльным трафіку. Але як толькі дарога перад датчанінам расчысцілася, ён тут жа рэалізаваў перавагу, што далі яму свежыя шыны, і хутка вярнуў сабе лідарства.

Каму было цяжка, дык гэта лідару сезона з Chip Ganassi Racing Алексу Палоў. Кваліфікацыю напярэдадні іспанец праваліў і стартаваў толькі дзясятым, аднак прарываўся ён эфектыўна. У прыватнасці, пасля прыкладна траціны дыстанцыі Алекс эфектным манеўрам, ледзь не ў дрыфце, апярэдзіў у пятым павароце свайго канкурэнта з Andretti Autosport Рамэна Гражана. Французскі экс-пілот Формулы 1 адплаціў Палоў вельмі нечаканым чынам – на сорак другім кругу ў дзясятым павароце ён… разбіў свой балід!

Пры чым тут Палоў? А проста на рэстарце пасля перыяду нейтралізацыі, што выклікала якая ўжо па ліку няўдача Гражана ў гэтым годзе, Алекс стаў ахвярай неасцярожнасці яшчэ аднаго прадстаўніка Andretti Кайла Кірквуда, які ў адзінаццатым павароце падпіхнуў ззаду і развярнуў машыну пілота Meyer Shank Racing Эліа Кастранэвеша. Аб яго і аб сцяну адначасова і прыйшлося тармазіць Палоў, які ў выніку не толькі страціў некалькі пазіцый, але і пашкодзіў не пярэдняе антыкрыло нават, а ўвесь насавы абцякальнік.

Прыйшлося Алексу астатнюю частку дыстанцыі пераадольваць на падбітай машыне. Антыкрыло часам хісталася так, што, здавалася, вось-вось адваліцца, і пілот Chip Ganassi Racing застанецца наогул без ачкоў. Пашкоджаная дэталь замінала Палоў і запавольвала яго, таму калі на шэсцьдзесят другім кругу Лундгаард атакаваў яго, прарываючыся пасля фінальнага піт-стопа, супрацьпаставіць датчаніну ў іспанца не знайшлося чаго. Толькі для разумення: Крысціан пры гэтым фактычна вярнуў сабе лідарства ў гонцы, а Алекс перамясціўся ўсяго толькі на другую пазіцыю.

Другім ён і фінішаваў, а трэцім адмашку клецістым сцягам атрымаў пілот Andretti Herta Autosport with Curb-Agajanian Колтан Херта. Лундгаард атрымаў заслужаную першую перамогу ў IndyCar і, як і абяцаў некалі раней, пазбавіўся з гэтай нагоды сваіх вусікаў. Я б на яго месцы не абяцаў нічога новага, раптам яго поспех у Таронта будзе першым са шматлікіх?

Сітуацыя ў чэмпіянаце пасля дзясятага этапу істотна не змянілася. Палоў, у якога ўжо 417 ачкоў, толькі яшчэ замацаваў сваё лідарства. Яго партнёр па камандзе Скот Дзіксан, які ў Таронта фінішаваў чацвёртым, захаваў другую пазіцыю, але адстае якраз на сто сямнаццаць балаў. Трэцюю пазіцыю захоўвае Джозэф Ньюгардэн, у якога 291 бал. Амерыканец з Penske ў апошняй гонцы заняў пятае месца.

У гэтыя выхадныя серыя IndyCar правядзе адразу два этапы, якія пройдуць на авале Iowa Speedway.

Іншыя пасты блога

Усе пасты