Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/На чацвёрку з мінусам. Дзейсны чэмпіён свету MotoGP Франчэска Баньяя пачаў другую частку сезона не так, як хацеў бы

На чацвёрку з мінусам. Дзейсны чэмпіён свету MotoGP Франчэска Баньяя пачаў другую частку сезона не так, як хацеў бы

На чацвёрку з мінусам. Дзейсны чэмпіён свету MotoGP Франчэска Баньяя пачаў другую частку сезона не так, як хацеў бы

Фота: motogp.com

Летнія канікулы MotoGP мінулі, і ў мінулы ўік-энд удзельнікі чэмпіянату свету вярнуліся да працы і выйшлі на старт Гран Пры Вялікабрытаніі на трасе Сільверстоўн. Для многіх ён складаўся з узлётаў і падзенняў, як для гоншчыка Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяі. А вось у яго канкурэнта з Aprilia Racing Алейша Эспаргара этап прайшоў значна лепей і скончыўся перамогай іспанца.

Вайна ва Украіне непазбежна скончыцца перамогай Украіны, але ў інтарэсах усяго цывілізаванага свету, каб скончылася яна так як мага хутчэй. Для гэтага патрабуецца больш сапраўдных дзеянняў, а не размоў на форумах. Нашым суседзям патрэбная зброя, а не словы, а іх поспех патрэбны і беларусам, якія таксама чакаюць вызвалення. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гоншчыкі MotoGP у мінулыя выхадныя ізноў пачалі перажываць свае асабістыя драмы. Тыя з іх, хто за больш чым месячную паўзу, што пачалася пасля папярэдняга Гран Пры Нідэрландаў, усё ж такі залячыў свае траўмы, атрыманыя раней па ходу сезона. Прадстаўнік LCR Honda Алекс Рынс, які ў наступным годзе заменіць у складзе Monster Energy Yamaha MotoGP Франка Марбідэлі, напрыклад, не залячыў, таму яго замяняў Ікер Лекуона. Хаця і не ўсе з тых, хто ў ладзе застаўся або вярнуўся ў яго, засталіся цалкам задаволенымі сабой.

Дзейсны чэмпіён Франчэска Баньяя да гэтага максімальную колькасць балаў набраў хіба што на хатнім для яго Гран Пры Італіі, калі выйграў і суботні спрынт, і галоўную гонку ў нядзелю. Да гэтага ж у яго здараліся і падзенні, і проста невыразныя выступленні з фінішамі без ачкоў. Вось і на Сільверстоўне Пэка прыйшлося складана.

Кваліфікацыю, другая частка якой праходзіла на залітай дажджом трасе, Баньяя правёў не так і дрэнна, заняўшы чацвёртую стартавую пазіцыю. Хаця галоўнымі фаварытамі перад спрынтам выглядалі, канечне, гоншчыкі наперадзе: гоншчык Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі, які і заваяваў поўл, былы напарнік Пэка па Ducati, а цяпер прадстаўнік Red Bull KTM Factory Racing Джэк Мілер і Алекс Маркес, які выступае за Gresini Racing.

У прынцыпе, так і атрымалася, і менавіта першая тройка з пачатку гонкі пачала спаборнічаць за лідарства і перамогу. Стартаваў лепей за ўсіх Мілер, які на старце захапіў першую пазіцыю, але ўжо на другім кругу аўстраліец саступіў яе Маркесу, адкаціўшыся спачатку на трэцюю, а потым паступова і на сёмую, на якой і фінішаваў. Але гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з сітуацыяй, у якой апынуўся Баньяя – італьянец скончыў спрынт толькі чатырнаццатым. Назад ён адкаціўся ўжо на старце, а адыграцца затым не здолеў. Магчыма, праз ізноў складаныя надворныя ўмовы – заезд праходзіў па яшчэ сырой трасе.

А вось Алекс Маркес праблем не ведаў і атрымаў перамогу. Канкурэнцыю яму склаў хіба што Безэкі, які да самага фінішу трымаўся побач, але так і застаўся другім. Трэцяе ж месца ў спрынце заняў завадскі гоншчык Апрыліі Маверык Віньялес. Алейш Эспаргара задаволіўся толькі шостым, затое ён вельмі прыгожа адыграўся на наступны дзень, калі яму давялося скрыжаваць шпагі якраз з Баньяяй.

Нядзельная гонка стартавала ўжо посуху, і тут Франчэска перашкод не сустрэў. Мілер ізноў захапіў на старце лідарства, але саступіў яго Баньяі ўжо на другім кругу. Джэк неўзабаве зноў пачаў губляць тэмп, і галоўным супернікам Пэка стаў Безэкі, але заставаўся такім Марка толькі да пятага круга, на якім упаў, спрабуючы ўгнацца за суайчыннікам. Той жа круг, дарэчы, стаў апошнім на брытанскім Гран Пры і для Алекса Маркеса. Датэрмінова, на чатырнаццатым кругу, гонку скончыў і яго старэйшы брат Марк, але гэтым разам шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі хаця б новых траўм не атрымаў.

Пасля таго, як Безэкі выбыў, здавалася, што Баньяя апынуўся ў бяспройгрышнай сітуацыі. Лідзіраваў ён упэўнена, пакуль за сем кругоў да фінішу не распачаўся лёгкі дожджык. Частка ўдзельнікаў гонкі накіравалася ў боксы за запаснымі матацыкламі з дажджавымі гумай і наладамі, але Франчэска застаўся на трасе, як і Алейш Эспрагара, які стартаваў дванаццатым, а цяпер хутка даганяў італьянца.

Не надта працяглая, але прыгожая дуэль паміж імі адбылася на апошнім кругу, калі іспанец атакаваў лідара чэмпіянату ў павароце Copse. Баньяя паспрабаваў выкарыстаць перавагу ў хуткасці на прамой Hangar, але Эспаргара адбіў яго контратаку і фінішаваў першым. Пэка задаволіўся другім месцам, а трэцяе заняў напарнік Мілера па камандзе Брэд Біндэр, які выйшаў пераможцам у дуэлі з канкурэнтам з CryptoDATA RNF Мігелем Алівейрай.

Баньяя ж можа задаволіцца і тым, што з 214-цю ачкамі ён застаўся лідарам чэмпіянату. Гоншчык Prima Pramac Racing Хорхе Марцін, які і ў спрынце на Сільверстоўне, і ў гонцы фінішаваў шостым, мае 173 ачкі і застаецца галоўным пераследнікам Пэка. Безэкі, у якога 167 балаў, застаецца трэцім. Не змяніліся склад і парадак групы лідараў каманднага заліку: Prima Pramac Racing з 295-цю ачкамі на першай пазіцыі, другую, маючы 274 балы, займае Mooney VR46 Racing Team, Ducati Lenovo Team, у якой 242 ачкі, замыкае першую тройку.

Наступным этапам MotoGP стане Гран Пры Аўстрыі, які пройдзе 18-20 жніўня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты