Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Яшчэ адзін чалавек дажджу? Макс Ферстапен лёгка выйграў хатні Гран Пры Нідэрландаў і на мокрай трасе

Яшчэ адзін чалавек дажджу? Макс Ферстапен лёгка выйграў хатні Гран Пры Нідэрландаў і на мокрай трасе

Яшчэ адзін чалавек дажджу? Макс Ферстапен лёгка выйграў хатні Гран Пры Нідэрландаў і на мокрай трасе

Фота: formula1.com

Дождж робіць гонкі цікавейшымі, але ў размове пра Формулу 1 цяпер прыходзіцца кожны раз агаворвацца: двухразовы і дзейсны чэмпіён свету Макс Ферстапен усё роўна перамагае. Вось і ўчора ў Зандварце ён быў практычна недасяжным для пераследнікаў, якія ў асноўным спрабавалі не нарабіць памылак. Зрэшты, бліснулі і некаторыя з іх.

Мы віншуем украінцаў з відавочнымі і важнымі поспехамі іх герояў на фронце. Вызваленне ўкраінскай зямлі ад расійска-фашысцкіх захопнікаў важна не толькі для самой Украіны, а для ўсяго цывілізаванага свету. Знішчэнне агрэсара наблізіць вызваленне і беларусаў, якія стаміліся ад мясцовага ўзурпатара і заслужылі свабоду. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Нідэрландам можна толькі шчыра падзякаваць за дапамогу Украіне, ну а тое, што адзін іх грамадзянін зараз дамінуе ў Формуле 1 і без праблем выйграў учора хатні Гран Пры – не іх віна. Тым больш што гонка ў Зандварце выйшла не такой ўжо і сумнай, дзякуючы ў тым ліку нябеснай канцылярыі. Дождж не запаволіў Макса Ферстапена, але пелатон перакалаціў істотна.

У падвядзенні прамежкавых вынікаў сезону я наўмысна ўстрымаўся ад глабальных прагнозаў адносна другой яго часткі. Усё роўна было зразумела, што на сёння ў чэмпіянаце свету ёсць Red Bull з Ферстапенам і ўсе астатнія. Чырвоныя Быкі дужыя настолькі, што я нават забыўся пра тое, што яны таксама незавадская каманда, і Williams, атрымліваецца, толькі другая лепшая з такіх.

Калектыў з Гроўва на Гран Пры Нідэрландаў, дарэчы, прыемна здзівіў, як і McLaren, што я ў згаданым рэв’ю прадбачыў. У пятніцу, калі ў Зандварце было суха, хуткімі былі пілоты абодвух брытанскіх каманд. Ланда Норыс нават узначаліў пратакол другой сесіі свабодных заездаў, а Алекс Албан паказаў тады трэці час.

Тварам у гразь ніхто з іх не ўдарыў і ў суботу, калі пачаліся дажджы, і хаця паўтарыць свае вынікі не атрымалася ні ў таго, ні ў таго, выступілі абодва усё роўна выдатна: Албан раздзяліў другі шэраг з пілотам Mercedes Джорджам Расэлам, а Норыс – першы з Ферстапенам. Макс чакана выйграў поўл, праехаўшы ўжо пад канец кваліфікацыі на сліках, і даў зразумець, што назаўтра галоўным прэтэндэнтам на перамогу ўсё роўна будзе ён.

Напарнік Албана па Williams Логан Сарджэнт, вядома, сярод такіх прэтэндэнтаў не быў, але ў кваліфікацыі выступіў нядрэнна, упершыню прабіўшыся ў фінальны сегмент. У якім, праўда, патрапіў у аварыю, і стартаваў толькі дзясятым. На жаль, па-сапраўднаму бліснуць у нядзелю ў амерыканца не атрымалася – адмовы гідраўлікі і ўзмацняльніка стырна на шаснаццатым кругу прывялі да яшчэ адной аварыі.

Алекс, праўда, на той момант быў ужо далёка ад подыумных пазіцый. Дождж, што пачаўся на другім кругу і хутка скончыўся, здорава ператасаваў пелатон. Таму ж Ферстапену прыйшлося наведваць боксы двойчы, каб перайсці спачатку на прамежкавыя шыны, а потым на слікі Soft, аднак лідарам у выніку застаўся менавіта любімец пераважнай большасці гледачоў на трыбунах.

А вось за спінай у нідэрландца адбыліся важныя перамены – яго напарнік па камандзе Серхіа Перэс прарваўся з сёмай пазіцыі на другую, кароткі час пабыўшы нават лідарам, а пілот Astan Martin Фернанда Алонса перамясціўся з пятай пазіцыі на трэцюю. Паміж мексіканцам і іспанцам і адбылося галоўнае супрацьстаянне гонкі.

Свае пазіцыі абодва захоўвалі да шэсцьдзесят першага круга, на якім ізноў пачаўся дождж, і гэтым разам моцны і працяглы. Чэка на мокрай трасе памыліўся і вылецеў у першым павароце. Ён нават крануўся адбойніка кармой сваёй машыны, але не пашкодзіў яе, прапусціўшы, аднак, Алонса. Хаця не гэта было яго галоўнай непрыемнасцю, і нават не чырвоныя сцягі, якімі гонка была спыненая пасля таго, як у тым жа першым павароце разбіў машыну пілот Alfa Romeo Гуаньюй Джоў.

Ферстапен, дарэчы, зрабіў піт-стоп раней і вярнуўся на трасу лідарам, а вось акурат перад Перэсам на выездзе з піт-лэйна загарэўся чырвоны сігнал святлафора. На шчасце мексіканца, на рэстарце, які адбыўся праз сорак тры хвіліны, суддзі размясцілі пілотаў па стане на круг, папярэдні таму, на якім заезд быў спынены, і Серхіа вярнуўся на трэцюю пазіцыю. Але хутка высветлілася, што на піт-лэйне Чэка перавысіў хуткасць, за што атрымаў пяць штрафных секунд.

Да фінішу і так заставалася ўсяго-нічога, а першыя два кругі пілоты правялі за аўтамабілем бяспекі. Абавязковым было выкарыстанне прамежкавых шын, і DRS была забароненая. Адпаведна, Перэс быў пазбаўлены магчымасці не толькі атакаваць Алонса, але і адарвацца за тры кругі ад пілота Alpine П’ера Гаслі, які гонку пачынаў наогул дванаццатым, але разам з камандай выдатна зарыентаваўся ў складаных умовах і заслужана падняўся на ніжнюю ступень подыуму замест Перэса. Алонса заняў другое месца, а Ферстапен у трэці раз запар перамог на сваім хатнім Гран Пры, у адзінаццаты ў гэтым сезоне і ў дзявяты запар, зраўняўшыся па апошняму паказчыку з Себасцьянам Фетэлем.

Што ж да тых, каго на подыуме многія чакалі ў першую чаргу, то Норыс фінішаваў толькі сёмым, а Албан – восьмым. І калі для Алекса і Williams і такі вынік можна лічыць выдатным, то ад Ланда і McLaren мы ўжо чакаем чагосьці большага. Кароткая і адносна павольная траса ў Зандварце спрыяла абодвум, але дождж спутаў ім усе карты. Як і Мерсэдэсу, які памыліўся са стратэгіяй для Расэла. Сямнаццатым Джордж на фінішы, праўда, стаў па іншай прычыне – у барацьбе з Норысам ён пракалоў шыну.

Наўрад ці можна казаць, што Гран Пры Нідэрландаў сабе ў актыў можа занесці Ferrari. Хуткасці для барацьбы за подыум ні Шарлю Леклеру, ні Карласу Сайнсу, якія стартавалі дзявятым і шостым адпаведна, не хапіла. Пры гэтым іспанец на апошніх кругах толькі цудам стрымаў напарніка Расэла і сяміразовага чэмпіёна Льюіса Хэмілтана і фінішаваў пятым, тады як манэгаск праз пашкоджанае днішча наогул сышоў з дыстанцыі яшчэ на дзявятым кругу.

Яшчэ больш складаным этап у Зандварце выйшаў для каманды AlphaTauri, якая ў пятніцу засталася без Даніэля Рыкарда. Аўстраліец, сутыкнуўшыся з машынай свайго суайчынніка і зменшчыка ў McLaren Оскара Піастры, зламаў левую ручыцу.

Учора ў Барселоне Дэну была праведзеная аперацыя, якая прайшла паспяхова, але калі ён вернецца ў лад, сказаць цяжка. Магчыма ён прапусціць не толькі наступны этап у Італіі, але і Гран Пры Сінгапура, і малады новазеландзец Ліам Лоўсан, які яго замяняе, атрымае яшчэ два шанцы. Першым ён скарыстаўся даволі нядрэнна, фінішаваўшы ў дэбютнай гонцы трынаццатым.

Становішча ў чэмпіянаце пасля Гран Пры Нідэрландаў істотна не памянялася. Ферстапен як адрываўся ад усіх астатніх, так і працягвае адрывацца, цяпер з 339-цю ачкамі. Перэс, у якога 201 бал, застаецца другім, а Алонса, які мае 168, трэцім. Red Bull узначальвае Кубак канструктараў, маючы ўжо 540 ачкоў, Mercedes мае 255 балаў і захоўвае другую пазіцыю, Aston Martin, саступаючы яму сорак ачкоў, замыкае першую тройку.

Ужо ў пятніцу ўдзельнікі чэмпіянату свету, якія засталіся ў ладзе, выедуць на трэніроўкі ў Храме Хуткасці ў Монцы, дзе будзе праходзіць Гран Пры Італіі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты