Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Двайная перамога. У Портлэндзе Алекс Палоў выйграў і этап IndyCar, і чэмпіёнскі тытул

Двайная перамога. У Портлэндзе Алекс Палоў выйграў і этап IndyCar, і чэмпіёнскі тытул

Двайная перамога. У Портлэндзе Алекс Палоў выйграў і этап IndyCar, і чэмпіёнскі тытул

Фота: indycar.com

Іспанскі пілот Chip Ganassi Racing у мінулы ўік-энд афіцыйна стаў двухразовым чэмпіёнам амерыканскай формульнай серыі. Складнікамі яго поспеху ізноў сталі і хуткасць, і ўдалая стратэгія.

Пераможнай стратэгіі сёння прытрымліваюцца і Ўзброеныя сілы Украіны, якія ўжо больш за паўтары гады супрацьстаяць агрэсіі расійска-фашысцкіх захопнікаў. У іх перамозе зацікаўлены ўвесь свет, таму дапамагаць ім трэба рашуча і безумоўна. Распад імперыі прынясе вызваленне не толькі ўкраінцам, але і беларусам, таму страх гэтага ёсць глупствам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Не ведаю, якія матэрыяльныя бонусы прынясе чэмпіёнства ў IndyCar Алексу Палоў, але маральны пад’ём іспанскі гоншчык дакладна зараз перажывае. Перамог ён за адзін этап да канца сезона, які правёў надзвычай удала. Пры гэтым ён не дамінаваў так, як гэта робіць у Формуле 1 Макс Ферстапен.

Напрыклад, папярэднія шэсць этапаў выйгравалі то Крысціан Лундгаард, то Джозэф Ньюгардэн, то Кайл Кірквуд, то партнёр самога Алекса па Chip Ganassi Racing Скот Дзіксан. Аднак Палоў стабільна набіраў ачкі і не рабіў дурных памылак, таму поспех яго цалкам заслужаны.

Перадапошнюю гонку сезона ў Портлэндзе лідар турнірнай табліцы пачынаў пятым, дарэчы, непасродна за Дзіксанам, які таксама захоўваў матэматычныя шанцы на тытул. Аднак старт лепей правёў якраз Палоў, прарваўшыся на трэцюю пазіцыю, тады як Скот адкаціўся на пятую. Перад будучым двухразовым чэмпіёнам, такім чынам, засталіся толькі пілот Team Penske Скот МакЛафлін і ўладальнік поўла з Rahal Letterman Lanigan Racing Грэм Рэйхал.

Трэцім Алекс заставаўся да першай хвалі піт-стопаў, пасля якой узначаліў гонку. Ненадоўга, праўда, бо камплект мяккіх шын, на якія ён перайшоў з асноўных жорсткіх, хутка знасіўся і перастаў забяспечваць перавагу ў тэмпе, а ў дадатак Палоў захрас за кругавым Стынгам Рэем Робам. Таму на сорак дзявятым кругу ён наведаў сваіх механікаў ізноў, атрымаўшы ад іх камплект асноўнай гумы.

У выніку пасля таго, як усе канкурэнты Алекса зрабілі піт-стопы, ён ізноў апынуўся на першай пазіцыі і ўпэўнена кантраляваў сітуацыю, маючы 10-секундны запас перад бліжэйшым з пераследнікаў. Дый пасля фінальнага прыпынку на васьмідзясятым кругу Палоў застаўся першым, прычым Рэйхала, які на той момант ішоў другім, піт-стоп яшчэ толькі чакаў. Так што фінальная частка гонкі прайшла для пілота Chip Ganassi Racing даволі спакойна, ён давёў яе да перамогі, а заадно і да свайго другога чэмпіёнства ў IndyCar.

Тэарэтычна пад канец заезду пагрозу Палоў уяўляў пілот Arrow McLaren Фелікс Розэнківст. Стартаваў швед толькі адзінаццатым, але пару пазіцый адыграў яшчэ за першую палову дыстанцыі, а ў другой удала скарыстаўся сітуацыяй пасля вылету з трасы гоншчыка Juncos Hollinger Racing Аўгусціна Канапіна. Якраз перад абвяшчэннем нейтралізацыі Фелікс скочыў на піт-лэйн, што дазволіла яму прарвацца на другую пазіцыю, акурат перад Дзіксанам.

Пры гэтым балід Розэнквіста быў абуты ў камплект мяккіх шын, што тэарэтычна давала яму перавагу адносна Палоў. Ключавое слова тут, праўда, «тэарэтычна», што раней было бачна на прыкладзе таго ж Алекса, і на адлегласць атакі да іспанца Фелікс так і не выйшаў. Наадварот, на фінішы гонкі ён адставаў ад Палоў ужо амаль на пяць з паловай секунд і перавагу меў хіба што перад Дзіксанам, які так і фінішаваў трэцім.

У турнірнай жа табліцы новазеландзец застаўся другім і мае цяпер 527 ачкоў супраць 470-ці ў свайго канкурэнта з Penske Джозэфа Ньюгардэна, які ў Портлэндзе фінішаваў пятым, а ў чэмпіянаце па-ранейшаму замыкае першую тройку. Палоў жа мае 618 балаў і можа быць поўнасцю спакойным перад фінальным этапам, які пачынаецца ўжо заўтра на трасе Лагуна-Сэка ў Мантэрэе, штат Каліфорнія.

Іншыя пасты блога

Усе пасты