Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чацвёрты сезон Extreme E пачаўся цікава і весела. Успамінаем першыя два этапы ў Саудаўскай Аравіі

Чацвёрты сезон Extreme E пачаўся цікава і весела. Успамінаем першыя два этапы ў Саудаўскай Аравіі

Чацвёрты сезон Extreme E пачаўся цікава і весела. Успамінаем першыя два этапы ў Саудаўскай Аравіі

Фота: Extreme E

Здаецца, электрычная пазадарожная гоначная серыя з’явілася ледзь не ўчора, хаця на самой справе існуе яна ўжо чацвёрты год. Свой новы сезон яна пачала ў мінулы ўік-энд у Саудаўскай Аравіі. Заезды выйшлі цікавымі і падзейнымі, а скончыліся два этапы, што галоўнае, зусім не аднолькава.

Extreme E працягвае развівацца, хоць і не без праблем. Перад чацвёртым сезонам, напрыклад, яе пакінула каманда X44 сяміразовага чэмпіёна Формулы 1 Льюіса Хэмілтана. Некаторыя іншыя калектывы, у прынцыпе, засталіся але змянілі спонсараў і назвы, а таксама склады.

Фармат гонак у параўнанні з мінулым сезонам застаўся такім жа: дзве кваліфікацыі з двума заездамі, у кожным удзельнічае чатыры каманды. Лепшыя па выніках кваліфікацый (ачкі за вынікі каманды набіраюць у кожнай) трапляюць у Grand Final, астатнія змагаюцца ў суцяшальным заездзе Redemption Race. Дыстанцыя кожнага заезду складае чатыры кругі з заменай гоншчыка або гоншчыцы (серыя прытрымліваецца прынцыпу гендэрнай роўнасці) пасля двух.

Не змянілася і тэхніка – поўнапрывадныя пазадарожнікі Spark Odyssey 21 з рухавікамі на абедзвюх восях агульнай магутнасцю 400 кВт (544 конскія сілы). Машыны з прасторавай рамай са сталі, легаванай ніёбіем (гэта, калі што, метал, а не лаянка), важаць 1 650 кг і могуць разганяцца да 100 км/г за чатыры з паловай секунды.

Асабліва прызвычаіўся да гэтых монстраў цяпер ужо шасціразовы чэмпіён свету па ралі-кросе, дзе пару апошніх гадоў таксама выкарыстоўваюцца электрамабілі, Йохан Крыстоферсан. Разам са сваёй напарніцай па камандзе чэмпіёна Формулы 1 Ніка Росберга Rosberg X Racing ён з’яўляецца таксама дзейным чэмпіёнам Extreme E, а з Молі Тэйлар стаў чэмпіёнам і першага сезона ў 2021 годзе. Напэўна швед са сваёй суайчынніцай наважваюцца абараніць тытул, што і прадэманстравалі на першым этапе ў суботу.

Хаця старт другога хіта другой кваліфікацыі пачаўся для іх не лепшым чынам. Мікаэла, якая праводзіла першую палову заезду, прапусціла наперад двух супернікаў – Ціма Шайдэра з SUN Minimeal Team і Цімі Хансэна з Andretti Altawkilat. Трэцяй яна ўязджала і ў зону замены гоншчыкаў, і там каманда адпрацавала лепей за канкурэнтаў, што дазволіла адыграць адну пазіцыю.

А Крыстоферсан ужо на выездзе пісьменна скарыстаўся дадатковай магутнасцю – рэжымам Hyperdrive, даступным кожнаму гоншчыку, абагнаў напарніцу Хансэна Каці Манінгс, вырваўся ў лідары і выйграў заезд. А вось Манігс не ўдалася правесці сваю каманду ў фінал, бо Маціас Экстром, які разам з трыумфатаркай «Дакара-2024» Крысцінай Гуцьерэс выступае за NEOM McLaren, выдатна правёў свой адрэзак.

Іспанка стартавала не лепшым чынам і ў першы паварод уваходзіла чацвёртай. Аднак канкурэнтаў далёка не адпусціла, што і дазволіла потым ужо шведу давесці справу да другога месца. Andretti Altawkilat пазней задаволіліся перамогай у Redemption Race.

У фінал таксама прабіліся каманда ACCIONA Sainz XE Team чатырохразовага і дзейнага пераможца «Дакара» Карласа Сайнса-старэйшага ў складзе Лаі Санц і Фрэйзэра МакКонэла, якія ўпэўнена выйгралі першы хіт другой кваліфікацыі, і калектыў E.ON Veloce Racing, за які выступаюць Кэвін Хансэн і Молі Тэйлар.

Поспех ASXE ў асноўным быў абумоўлены выдатным стартам у выканнані МакКонэла. Гоншчык з Ямайкі захапіў лідарства і беспамылкова правёў свой адрэзак, што затым паўтарыла іспанка. А вось Тэйлар прапусціла была ў першым павароце Трэвіса Пастрану, які з Грэй Лідбэтэр прадстаўляе новую каманду LEGACY M.C. Праўда, потым ужо Хансан абагнаў Лідбэтэр і вывеў свой калектыў у вырашальны заезд.

І вось ён выдаўся па-сапраўднаму спякотным! Лідарства на старце захапіў быў Экстром, аднак Крыстоферсану пазней удалася яго апярэдзіць. У зону змены гоншчыкаў шведы ўязджалі ледзь не разам, а дзяўчаты, апынуўшыся ў какпітах, павялі барацьбу яшчэ адчайней.

Гуцьерэс увесь час вісела на заднім бамперы машыны Алін-Катулінскі і ў пэўны момант нават пашкодзіла яго ў кантакце на прызямленні пасля трамліну. Іспанка была яўна хутчэйшай за шведку і неўзабаве абагнала яе. Аднак Мікаэла бліжэй да фінішу правяла выдатную контратаку і перамагла з перавагай у 0,16 секунды перад Крысцінай, бо тая насядала на яе да апошніх метраў.

NEOM McLaren у выніку задаволіліся другім месцам, трэцяе занялі E.ON Veloce Racing, а вось ASXE не пашанцавала – МакКонэл заваліў машыну на бок у адным з паваротаў і не фінішаваў, хаця фармальна яго калектыў стаў чацвёртым па выніках першага этапу. І спаўна адыграўся на другім на наступны дзень.

У другім хіце другой кваліфікацыі Санц з МакКонэлам фінішавалі толькі трэцімі. Аднак дзякуючы перамозе ў першай частцы кваліфікацыі ў сваёй групе яны ўсё роўна прайшлі ў Grand Final. Падобная сітуацыя склалася і ў Veloce, якія былі трэцімі ў першым хіце другой кваліфікацыі, але другое месца ў самым першым кваліфікацыйным заездзе дазволіла ім таксама прайсці ў фінал.

Так што экіпажам NEOM McLaren і LEGACY M.C., якія фінішавалі на другіх пазіцыях у першым і другім хіце другой кваліфікацыі адпаведна, прыйшлося высвятляць адносіны ў Redemption Race. Спрэчка скончылася на карысць Экстрома і Гуцьерэс, якія выйгралі заезд, на 0,69 секунды апярэдзіўшы Пастрану і Лідбэтэр, якія фінішавалі другімі.

Фаварытамі ж другога этапу лічыліся Крыстоферсан з Алін-Катулінскі, выйгралі да гэтага абодва сваіх хіта, першы ў першай кваліфікацыі і другі ў другой. Але на старце фіналу, які праводзіла Мікаэла, у яе ўсё пайшло не так, як трэба. Чацвёртая пазіцыя не была б праблемай, калі б шведка змагла прымусіць свой Odyssey 21 рухацца хутчэй, але яна не змагла.

Чацвёртай Алін-Катулінскі прыбыла і ў зону змены пілотаў, а першым гэта зрабіў МакКонэл, які захапіў лідарства яшчэ на старце. Аднак Цімі Хансэн не адпусціў яго далёка, таму ўжо жаночыя часткі экіпажаў працягнулі шчыльную барацьбу ў другой палове заезду. У Крыстоферсана ж, магчыма, і была б перавага, калі б машынай Veloce наперадзе кіравала Молі Тэйлар, аднак за яе стырном падчас яго змены знаходзіўся яго суайчыннік і даўні знаёмы па сусветным ралі-кросе Кэвін Хансэн, які без праблем абараніў трэцяе месца.

Ну а Лая Санц у сваю чаргу паспяхова абараніла лідарскую пазіцыю ў спрэчцы з Каці Манінгс і прынесла калектыву ASXE перамогу. Хаця аўстралійка, дзеля справядлівасці, зрабіла ўсё, што магла, і на фінішы саступіла іспанцы меней за паўтары секунды. Таму другое месца для каманды Andretti Altawkilat стала цалкам заслужаным.

У Rosberg X Racing жа могуць задаволіцца і лідарствам у чэмпіянаце пасля першых двух этапаў, якое выражаецца 41-м ачком. Праўда, ASXE, якія займаюць другую пазіцыю, адстаюць усяго на два балы. Veloce з 33-ма ачкамі замыкаюць першую тройку.

Чакаць двух наступных этапаў чацвёртага сезону Extreme E давядзецца доўга – яны запланаваныя на 13 і 14 ліпеня, прычым месца іх правядзення пакуль не вызначанае. Вядома толькі, што пройдуць яны недзе ў Еўропе. Аднак гонак да таго моманту пройдзе шмат, і наш блог пра іх абавязкова раскажа, як і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова паведаміць аб усіх важных навінах сусветных чэмпіянатаў. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты