Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Будзе весела! Падсумоўваем чаканні ад новага сезона MotoGP, які пачынаецца ў бліжэйшы ўік-энд

Будзе весела! Падсумоўваем чаканні ад новага сезона MotoGP, які пачынаецца ў бліжэйшы ўік-энд

7 сакавіка, 19:19
Будзе весела! Падсумоўваем чаканні ад новага сезона MotoGP, які пачынаецца ў бліжэйшы ўік-энд

Фота: motogp.com

Юбілейны семдзесят пяты сезон чэмпіянату свету па шашыйна-кальцавых мотагонках стартуе заўтра ў Катары. І ўжо зараз зразумела, што нічога не зразумела. Але мы ўсё ж паспрабуем зразумець хоць штосьці.

Гэтае прэв’ю адрозніваецца ад аналагічнага пра Формулу 1. Я вырашыў не разбіраць падрабязна шанцы кожнага з гоншчыкаў кожнай каманды на поспех. Таму што, у адрозненні ад усё той жа Формулы 1, у чэмпіянаце MotoGP (які, дарэчы, фактычна ёсць двухколавай Формулай 1) перамагаць могуць многія, што мы бачылі летась.

Замест гэтага я засяродзіўся на цікавых, на маю думку, пераменах і тэндэнцыях, якія будуць уплываць на развіццё падзей сёлета. І паспрабаваў знайсці адказы на некалькі пытанняў. Але ці маю я рацыю, мы яшчэ пабачым. На, шчасце, чакаць засталося нядоўга, і вельмі хутка мы ўжо будзем падсумоўваць Гран Пры Катара. А пра ўсе важныя навіны не толькі MotoGP раскажа таксама Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Ці працягнецца ў сезоне-2024 дуэль Франчэска Баньяі і Хорхе Марціна?

Я адразу б дадаў сюды і такое пытанне: хто гэтым разам умяшаецца ў спрэчку двухразовага і дзейнага чэмпіёна свету з заводскай Ducati Lenovo Team і яго канкурэнта з каманды-сатэліту Prima Pramac Racing. Таму што ў 2023-м MotoGP часам нагадваў монасерыю Ducati – нядзельныя гонкі і суботнія спрынты выйгравалі прадстаўнікі і Gresini Racing, і Mooney VR46 Racing Team. Марка Безэкі, які выступае за апошні калектыў, дык наогул на некаторы час захапіў лідарства ў чэмпіянаце і доўга быў сярод фаварытаў.

Канечне, час ад часу шанцавала і гоншчыкам Red Bull KTM Factory Racing і Aprilia Racing, але галоўныя разборкі ўсё роўна ішлі паміж райдэрамі на матацыклах з Балоньі. Як і ў выпадку з Формулай 1, перадсезонныя тэсты – гэта дакладна не лепшы арыентыр, а ўласныя адчуванні кажуць мне, што Пэка з Марцінарам ізноў неаднаразова скрыжуюць шпагі і, як і ў мінулым годзе, будуць біцца да апошняга.

А калі перастане часта памыляцца і траўміравацца напарнік Баньяі Энеа Басціаніні, шанцы прымерыць чэмпіёнскую карону з’явяцца і ў яго. Італьянец так здзівіў усіх у 2022 годзе, і такія надзеі ўскладаліся на яго ў 2023-м, што неверагодна балюча было назіраць яго адсутнасць на некалькіх этапах пасля аварыі на першым жа ў Партугаліі у якой ён, дарэчы, не быў вінаватым.

Увагі заслугоўвае і новы напарнік Марціна Франка Марбідэлі, які замяніў Жоана Міра, які ў сваю чаргу перайшоў у LCR Honda. Італьянцу не шанцавала пару апошніх гадоў у заводскай Ямахе, але ж мы памятаем, як ён у 2020-м бліснуў у сатэлітным калектыве Petronas Yamaha SRT, стаўшы віцэ-чэмпіёнам побач акурат з Фабіа Куартарара, які ў наступным годзе ўжо ў вялікай Ямахе замяніў Валянціна Росі і адразу стаў чэмпіёнам.

Франка выступіў тады невыразна, а ў заводскую каманду патрапіў не ў лепшыя для яе часы, і бліснуць па-сапраўднаму не здолеў нават Эль Д’ябла. І ад таго, як Марбідэлі асвоіцца з новай для сябе і новай наогул тэхнікай – Ducati Desmosedici GP24, залежыць будзе многае. Абы толькі Морбі паспяхова залячыў свае траўмы пасля падзення на тэстах у Парцімане.

Ці пабачым мы далейшы прагрэс KTM і Aprilia?

Што ў чэмпіянаце свету не дамінуе адна каманда – гэта выдатна. Але яшчэ лепей было б, каб не дамінаваў адзін вытворца, а ў сезоне-2023 менавіта так і было. Пераважная большасць заездаў была выйграная на матацыклах Ducati, хоць і некалькімі рознымі гоншчыкамі.

Што на постсезонных тэстах у Валенсіі летась, што на перадсезонных у Малайзіі і Катары сёлета ў прынцыпе нядрэнна выглядалі і прадстаўнікі заводскіх KTM і Апрыліі. Але яшчэ раз нагадваю, што рэальнае становішча тэсты не адлюстроўваюць, і карціна ў сапраўдных гонках можа моцна адрознівацца.

Тым не менш мы ў праве чакаць новых і, можа быць, больш гучных поспехаў і ад аўстрыйскага калектыву, і ад італьянскага. Склады ў абодвух моцныя – адпаведна, Брэд Біндэр з Джэкам Мілерам і Алейш Эспаргара з Маверыкам Віньялесам. І тыя, і тыя выдатна матываваныя і неаднаразова даказвалі, што здольныя перамагаць.

Да таго ж, з гэтага году ў заводскай Апрыліі з’явіўся сатэліт – новая каманда Trackhouse Racing, за якую будуць выступаць дасведчаны Мігель Алівейра і Рауль Фернандэс, у якога за плячыма ўжо два сезоны ў прэм’ер-катэгорыі. Калі яны і не будуць прэтэндаваць на вышэйшыя пазіцыі, то неабходнай інфармацыяй Апрылію забяспечаць дакладна, што дапаможа ў дапрацоўцы байкаў RS-GP.

Хаця ў гэтым сезоне ўсё будзе залежыць найперш ад эфектыўнасці працы канструктарскіх штабоў абедзвюх каманд у міжсезонні. І нават прынцып «не нашкодзь» ужо сам па сабе можа аказацца плённым для кожнай.

Ці пабачым мы нарэшце адраджэнне Ямахі і Хонды?

Можна не быць фанатам канкрэтных гоншчыкаў і каманд, але калі былыя пераможцы правальваюцца і доўга не могуць вярнуцца на страчаныя вышыні, сумна робіцца ўсім. Прыхільнікі Формулы 1, і не толькі Ferrari або Mercedes не дадуць схлусіць. Ёсць аналаг і ў MotoGP – заводскі калектыў Monster Energy Yamaha MotoGP.

Зараз цяжка паверыць, што ў 2021 годзе яго гоншчык Фабіа Куартарара выйграў чэмпіёнскі тытул, а ў наступным сезоне хоць і стаў другім, але доўга не даваў спакою канкурэнту з Ducati Франчэска Баньяі. Але ў 2023-м заводскую Ямаху нібы падмянілі – Куартарара толькі тры разы ледзь дабраўся да подыума, а Франка Марбідэлі, які пасярэдзіне сезона-2021 замяніў Маверыка Віньялеса, што пайшоў са скандалам, з заводскім YZR-M1 агульнай мовы так і не знайшоў.

Прычын некаторага заняпаду многа: і пэўная нерашучасць канструктарскага штабу, што замінала развіццю матацыкла, тады як канкурэнты дзейнічалі больш смела, і пераход з шын Bridgestone на Michelin, і уніфікацыя кіруючай электронікі, якую пачаў пастаўляць даўні партнёр аднаго з галоўных канкурэнтаў, Ducati, кампанія Magneti Marelli, і праблемы з надзейнасцю рухавікоў праз промах аднаго з дастаўнікаў.

А перамога Куартарара ў 2021 годзе ўвяла ў зман вышэйшае кіраўніцтва Ямахі, якое вырашыла, што цяпер заводская каманда дакладна вярнулася на колішнія вяршыні. Аднак нядаўні прыход еўрапейскіх інжынераў, якія прывыклі дзейнічаць смялей і аператыўней рэагаваць на заўвагі з боку гоншчыкаў, быццам бы пачалі выпраўляць сітуацыю, і на перадсезонных тэстах той жа Куартарара адзначыў заўважны прагрэс.

Заводская каманда Repsol Honda Team таксама японская, і падыход у ёй вызнаецца падобны. Хаця ёсць там і свая спецыфіка, дакладней была, і завуць яе Марк Маркес. Шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі доўгі час быў адзіным, хто мог управіцца з наровістым RC213V, але і ён у пэўны момант, відаць, падыйшоў да ўласнай мяжы, і ў пачатку сезона-2020 праз жудаснае падзенне ледзь наогул не завяршыў сваю кар’еру.

Пасля вяртання ў сядло іспанец нават выйграў некалькі гонак, але чым далей, тым болей разумеў, што ў заводскай Хондзе ён дабіўся ўсяго, што было магчыма. І ў 2024-м перайшоў у Gresini Racing, дзе перасеў на Ducati (пра гэта гаворка пойдзе асобная). Ці здолеюць рэалізаваць патэнцыял японскага байка Лука Марыні і Хоан Мір? Калі ў Хондзе не зменяць падыход да развіцця машыны – адназначна не. Прынамсі, у гэтым годзе я б не чакаў нейкіх цудаў, хаця пэўны прагрэс мы, магчыма, пабачым.

А вось у Ямахі ёсць шанцы калі не вярнуцца ў групу лідараў чэмпіянату свету, то хаця б наблізіцца да яе. Што Куартарара, што яго новы напарнік Алекс Рынс перамагаць умеюць, і, атрымаўшы матацыклы, адпаведныя ўласнаму ўзроўню, узровень гэты прадэманструюць хутка.

Як сябе пакажа ў новай камандзе Марк Маркес?

Калі я даведаўся пра тое, што іспанец пакідае заводскую Хонду, мне захацелася параўнаць гэта з тым, што быццам бы Льюіс Хэмілтан пакідае Mercedes. Тады я яшчэ не ведаў, што сяміразовы чэмпіён Формулы 1 якраз такі крок і задумаў, але ў выпадку з шасціразовым чэмпіёнам MotoGP аналогія атрымалася амаль што дакладная. Амаль, таму што брытанец пераходзіць з заводскага калектыву ў таксама заводскі, тады як іспанец накіраваўся ў сатэлітны Gresini Racing.

Але, як і ў Хэмілтана, тэхніка ў Марка будзе італьянскай, і гэта і ёсць галоўная, напэўна, інтрыга новага сезона – як Маркес паедзе на ёй. Матацыклы Ducati быццам бы зарэкамендавалі сябе як больш універсальныя. Перамагаць на іх могуць гоншчыкі не толькі заводскай каманды, і той жа Басціаніні ў 2022 годзе неаднаразова бліскаў у складзе менавіта Gresini. А летась лакальных поспехаў, абараняючы тыя ж колеры, дабіваўся і малодшы брат Марка Алекс, з якім яны ізноў сталі яшчэ і напарнікамі.

Натуральна, шасціразоваму чэмпіёну спатрэбіцца пэўны час на адаптацыю, але ўжо перадсезонныя тэсты ў тым жа Катары паказалі, што Марк адчувае сябе як мінімум не горш, чым у Хондзе. Канечне, як і ў выпадку з Формулай 1, рабіць нейкія прагнозы, грунтуючыся толькі на выніках тэстаў, нельга, але калі б мелі месца сур’ёзныя праблемы, яны былі б бачныя адразу.

Так што наконт Марка Маркеса я захоўваю асцярожны аптымізм. Калі Desmosedici не будзе катапультаваць яго з сябе гэтак жа часта, як тое рабіў RC213V, абвастраючы старыя траўмы іспанца, як мінімум зарабляць ачкі ён будзе рэгулярна. І нават подыумы тады будуць цалкам рэальнымі, а стабільнасць у MotoGP каштуе дорага і можа дапамагчы нават стаць чэмпіёнам, што мы бачылі на прыкладах Нікі Хэйдэна і Хоана Міра. Шчыра зычу поспехаў абодвум Маркесам.

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты