Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/І стала весела! Семдзесят пяты сезон MotoGP пачаўся ў Катары з працягу дуэлі Франчэска Баньяі і Хорхе Марціна

І стала весела! Семдзесят пяты сезон MotoGP пачаўся ў Катары з працягу дуэлі Франчэска Баньяі і Хорхе Марціна

11 сакавіка, 16:55
І стала весела! Семдзесят пяты сезон MotoGP пачаўся ў Катары з працягу дуэлі Франчэска Баньяі і Хорхе Марціна

Фота: motogp.com

І сказаў Бог: «Ды будзе весела!», і стала весела! Першы этап MotoGP у Катары даў зразумець, што не зразумела нічога. Галоўныя героі, бадай, не памяняліся, але пазітыўная тэндэнцыя непрадказальнасці захавалася.

Гэта ў Формуле 1 усё стала зразумела, па сутнасці, яшчэ да старту сезона. Двухколавы шашыйна-кальцавы чэмпіянат свету заўсёды на гэтым фоне ззяў і паказваў, як трэба. Нават у часы дамінавання тых жа Валянціна Росі або Марка Маркеса назіраць за гонкамі ўсё роўна было цікава, і тыя, што ў мінулыя выхадныя прайшлі на трасе Ласаіл у Катары, выключэннем не сталі.

Мінулы сезон запомніўся дуэлью гоншчыка заводскай Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяі, які абараняў свой першы тытул, і прадстаўніка сатэліту італьянскай каманды Prima Pramac Racing Хорхе Марціна. Барацьба была прынцыповай, бо статус сатэліту ў MotoGP не ёсць нейкім абмежаваннем. Скончылася яна ў выніку на карысць італьянца, але ўжо з самага пачатку новага сезона іспанец адкрыта заявіў, што патрабуе працягу банкета.

Зрабіў гэта Хорхе, выйграўшы кваліфікацыю Гран Пры Катара, а потым і суботні спрынт. Свой намер Марцінатар абазначыў ужо на старце, калі ўтрымаў першую пазіцыю, хаця такога ўжо дамінатарства па ходу заезда ў яго не атрымалася. Яго канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Брэд Біндэр таксама стартаваў выдатна, прарваўшыся з чацвёртай пазіцыі на другую, а потым нават паспрабаваў атакаваць Марціна, але таму ўдалася адбіцца.

Паўднёваафрыканец так другім і застаўся, хаця на фінішы саступіў дзейнаму віцэ-чэмпіёну крыху болей за палову секунды. Ён і сам увесь час адчуваў ззаду подых супернікаў, бо прэтэндэнтаў што на яго другую, што на трэцюю пазіцыю ўвесь час было багата. У іх кола патрапіў і Баньяя, які стартаваў толькі пятым, але ўжо ў пачатку спрынта апярэдзіў свайго напарніка па камандзе Энеа Басціаніні, які кваліфікаваўся трэцім, а крыху пазней адбіў яго контратаку.

Далучыліся да гэтай спрэчкі і згаданы шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес, які з гэтага сезону выступае разам са сваім братам Алексам за Gresini Racing, і гоншчык Aprilia Racing Алейш Эспаргара. Марк у пэўны момант абагнаў і свайго суайчынніка, і Басціаніні, пачаў быў насядаць і на Баньяю, але ў адным з паваротаў памыліўся і прапусціў Эспаргара наперад. І ўжо Алейш стаў галоўным пераследнікам Баньяі.

Тут барацьба скончылася на карысць іспанца, які здзейсніў вырашальны абгон у апошнім павароце на перадапошнім кругу. Баньяі прыйшлося задаволіцца чацвёртым месцам, хаця наўрад ці ён быў моцна засмучаны, тым больш што яго зваротны ўдар на наступны дзень атрымаўся больш чым адчувальным.

Пачалася галоўная гонка ўік-энду з… праблем у гоншчыка новай каманды Trackhouse Racing Рауля Фернандэса, які не змог стартаваць праз тэхнічныя праблемы. На шчасце, іспанец паспеў пра іх паведаміць маршалам, якія спынілі працэдуру старта і адклалі яго. Баявая дыстанцыя ў выніку скарацілася на адзін круг – да дваццаці аднаго.

Ну а калі старт нарэшце адбыўся, Марцін ізноў утрымаў першую пазіцыю, а Біндэр прарваўся на другую. Але абодвух іх абодвух амаль адразу апярэдзіў Баньяя. Адначасова размен пазіцыямі адбыўся і паміж Біндэрам і Марцінам, і пэўны час яны спрачаліся за другую пазіцыю. Хорхе спрабаваў сабе яе вярнуць, але Брэд паспяхова адбіўся і быў узнагароджаны яшчэ адным другім месцам, цяпер і ў галоўнай гонцы. Марцін гэтым разам задаволіўся трэцім.

Баньяя правёў выдатную беспамылковую гонку і на яе фінішы меў перавагу перад Біндэрам больш чым у 1,3 секунды. Аднак у чэмпіянаце пасля першага этапу ўсё шчыльна: Баньяя, які лідзіруе з 31-м ачком, усяго на два апярэджвае Біндэра і на тры – Марціна. Перавага ж лідара каманднага заліку Ducati Lenovo Team крыху больш камфортная – 46 балаў супраць 31-го ў Gresini Racing, якія займаюць другую пазіцыю. На трэцяй з 29-цю ачкамі Red Bull KTM Factory Racing, якія ўсяго на адзін бал апярэджваюць Prima Pramac Racing.

Другім этапам MotoGP стане Гран Пры Партугаліі, які пройдзе 22-24 сакавіка ў Парцімане. Да гэтага буйныя гоначныя серыі, і матацыклетныя, і аўтамабільныя, напэўна даставяць нам цікавыя навіны дый проста правядуць свае гонкі. Пра ўсё гэта напіша не толькі гэты блог, але і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты