Усе навіны

17-гадовая беларуска Нікалаева стала абсалютнай чэмпіёнкай свету па шашках. Упершыню ў гісторыі спартсменка змагла выйграць ва ўсіх трох катэгорыях

22 лістапада 2022, 10:54

У канцы кастрычніка 17-гадовая беларуска Вікторыя Нікалаева выйграла чэмпіянат свету па шашках, які праходзіў у Грузіі. Нікалаева стала абсалютнай чэмпіёнкай свету, упершыню ў гісторыі выйграўшы ўсе тры катэгорыі: хуткую, вокамгненную і класічную. Нікалаеву называюць «Небяспечнай Вікай», паколькі беларуска ўжо ў 11 гадоў выйграла адзін з этапаў Кубка свету.

– Вікторыя, гэта твой першы тытул чэмпіёнкі свету?

– Так. Гэта мой трэці дарослы чэмпіянат. Летась праходзіў чэмпіянат Еўропы ў Эстоніі. Там удалося заняць другое месца ў імгненнай праграме. Раней ездзіла ў Балгарыю на дарослы чэмпіянат свету. Выступаць на дарослых першынствах я пачала з 14 гадоў.

– Разлічвала на поспех у Грузіі?

– Хацелася, зразумела, паказаць свой найлепшы вынік, бо ўжо многа гадоў займаюся, шмат трэніруюся. Такога выніку не чакала. Разлічвала трапіць хіба што ў прызёры.

– Калі ты зразумела, што перамога – твая?

– Па ходу турніру ёсць пэўныя чаканні, але да апошняй партыі нельга расслабляцца. Бываюць турніры, калі за тур да канца зразумела, што ты чэмпіён. Гэта калі адрыў ад другога месца – тры ачкі, бо за перамогу ў партыі налічваецца толькі два. Але ў Грузіі ў мяне такога не было. Да таго ж быў спачатку папярэдні этап, а потым плэй-оф. Там нават калі маеш вялікі адрыў на папярэднім этапе, у плэй-оф дастаткова прайграць адну партыю, каб вылецець.

Я вельмі перажывала – не хацелася ўпусціць медаль у класічнай праграме, бо на папярэднім этапе я заняла першае месца.

– Ты дастаткова юная чэмпіёнка. Ці ж у шашках гэта звычайны ўзрост для пераможцаў?

– Я заняла першыя месцы ў катэгорыі сярод жанчын, а ў ёй неабмежаваны ўзрост. У асноўным гэта моладзь, самым моцным маім канкурэнткам ад 20 да 35 гадоў.

– Калі з’явілася мянушка «Небяспечная Віка»?

– Не, крыху раней. У 2016 годзе якраз у Санкт-Пецярбургу праходзіў этап Кубка свету, мне тады было толькі 11 гадоў. Там я добра згуляла ў імгненнай праграме і сярод жанчын таксама заняла першае месца. З дарослымі сапернікамі было складана гуляць, але ў мяне была адна перавага: амаль ніхто мяне не ведаў.

Усе лічылі мяне маленькай дзяўчынкай і разлічвалі, што партыя са мной будзе лёгкай прагулкай. А я змагла выйграць.

– Статус і аўтарытэт саперніка цісне?

– У Грузіі ў фінале я гуляла з чэмпіёнкай Расіі Нікай Леапольдавай. Яе тытул крыху прыгнятаў, бо гэта вельмі адказная партыя, фінал, і мне нельга прайграваць. Але калі я села за дошку, усё стала на свае месцы. У канцы яна мяне павіншавала, і я яе таксама.

– Зразумела, што шашкі – гэта не покер, але ці можна на турнірах зарабіць?

– Пераможцы чэмпіянату Беларусі едуць на чэмпіятат свету за кошт федэрацыі. На чэмпіянаце свету ў Грузіі быў свой прызавы фонд – 30 тысяч долараў, які дзяліўся на шэсць турніраў (тры сярод жанчын і тры сярод мужчын). І ўсе пераможцы атрымалі сваё грашовае ўзнагароджанне, – расказала Нікалаева.

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com