Усе навіны

Журналіст Цыганкоў: «Шахматы – адзін з тых прыкладаў, дзе сучасныя тэхналогіі відавочна прынесьлі карысьць масам»

16 сакавіка, 20:22

Журналіст Віталь Цыганкоў распавёў, як ён змагаецца са стрэсам.

– Кожны па-рознаму здымае стрэс. Хтосьці п'е, хтосьці займаецца спортам, хтосьці прымае ўдзел у бессмысленных і беспощадных фэйсбучных дыскусіях, хтосьці мэдытыруе і гуляе па лесе.

Я (сярод іншага) гуляю ў шахматы.

Шахматы – адзін з тых прыкладаў, дзе сучасныя тэхналогіі відавочна прынесьлі карысьць масам. Бо раней чалавеку з адносна высокім узроўнем (у мяне першы разрад), каб знайсьці сабе суперніка, трэба было ісьці ў клюб ці іншыя адмысловыя месцы, ці дамаўляецца з канкрэтным чалавекам.

Зараз адзін клік – і кампутар знаходзіць табе гульца прыблізна твайго ўзроўню. Больш за тое, ты можаш падчас партыі весьці зь гэтым незнаёмым чалавекам размову (гэта ваш выбар, толькі калі вы абодва націснеце кнопачку згоды). Я, дарэчы, звычайна не кантактую, няма часу, бо граю даволі радыкальны бліц – 3 плюс 2. То бок на ўсю партыю кожнаму гульцу даецца 3 хвіліны плюс 2 секунды на кожны ход. Хвілін 10 – і ты выйграў. Альбо прайграў. Я люблю па-хуткаму)

І калі прайграў, то..) то версія пра зьняццё стрэсу адразу развальваецца, калі я хаджу па кватэры з крыкамі «як можна прайграць такому слабаму суперніку, як можна ў выйгрышнай пазіцыі прайграць па часе, я ідыёт, я дэбіл, я дэградую».

Потым я зноў выйграю, і супакойваюся. Сыстэма наладжана так, што пасьля кожнай партыі твой рэйтынг мяняецца. Калі ён істотна падымаецца ці апускаецца, то кампутар табе прапаноўвае супернікаў твайго ж узроўню, твайго рэйтынгу. Так што калі ты прайграў некалькі дзясяткаў партыяў і апусьціўся, то цябе будуць прапаноўвацца супернікі твайго новага, нізкага ўзроўню – і ты маеш усе шанцы іх выйграць і падняцца назад.

І вось тут мая самая галоўная радасьць. Я пачаў граць у шахматы ў інтэрнэце ў 1997 годзе. Мой рэйтынг даволі хутка ўсталяваўся на ўзроўні 1700, (аб’ектыўны рэйтынг дае Chess.com) – гэта, паводле ўсіх даведачных, узровень першаразрадніка. (Чэмпіён сьвету мае 2700. Калі мне трапляюцца людзі з 2000, я ім амаль заўсёды прайграю, гэта ўжо не мой ўзровень. Хаця некалькі выйгрышаў маю). І цяпер мой рэйтынг таксама у раёне 1700!

Я гуляю ў стыле Таля і Каспарава) ахвяры, атакі, авантуры) Часам удаецца, і атрымліваюцца прыгожыя заканчэньні, – сказаў Цыганкоў.