Усе навіны

204 спартсмены з РФ змянілі спартыўнае грамадзянства

13 ліпеня, 12:24

За перыяд з 2022 па 2023 год 204 расійскія спартсмены змянілі або плануюць змяніць спартыўнае грамадзянства, паведамляе расійскае выданне «Холад».

Лідарам па пераходах з’яўляецца зборная РФ па шахматах, у якой спартыўнае грамадзянства змяніў 141 шахматыст. У фігурным катанні і конным спорце РФ страціла 11 спартсменаў, па 5 атлетаў здзейснілі пераход у іншую краіну ў мастацкай гімнастыцы і тэнісе.

У футболе і аўтаспорце грамадзянства змянілі па 4 спартсмены. Па два – у веласпорце, матагонках, канькабежным спорце, хакеі, плаванні, веславанні, боксе і ветразным спорце.

У вольнай барацьбе, лёгкай атлетыцы, біятлоне, шорт-трэку, MMA, дзюдо, спартыўнай гімнастыцы і гарналыжным спорце перайшлі па адным спартсмене.

25 атлетаў з РФ перайшлі ў зборную Ізраіля, 19 – Сербіі, 13 – Германіі, 12 – Францыі, 11 – Польшчы, 10 – Казахстана, 9 – Арменіі і Вялікабрытаніі, 7 – ЗША, 6 – Іспаніі і Палестыны.

5 спартсменаў перайшлі ў зборныя Грузіі, Турцыі, Фінляндыі, 4 выбралі Канаду, Чарнагорыю, Грэцыю, Румынію і Аўстрыю, 3 – Бельгію, Італію і Венгрыю.

Па два спартсмены перайшлі ў зборныя Аўстраліі, Славеніі, Кіпра, Узбекістана, Кыргызстана, Сірыі, Азербайджана, Эстоніі, Нідэрландаў і Літвы. Таксама паведамляецца, што 2 спартсмены перайшлі ў зборную Украіны.

Адзінкавыя пераходы зафіксаваны пад сцягі Чылі, Чэхіі, Швейцарыі, Даніі, Вануату, Нарвегіі, Харватыі, Паўднёвай Карэі, Партугаліі, Паўночнай Македоніі і Малдовы.