Усе навіны

Кіраўнік беларускага веласпорту Цылінская: «Адбор на АГ-2024 ужо пачаўся, усё вельмі складана, незразумела. Азіяцкія гульні былі б глытком свежага паветра»

11 красавіка 2023, 09:45

Старшыня федэрацыі веласпорту, падпісантка прарэжымнага ліста Наталля Цылінская распавяла пра адбор на АГ-2024 і пра тое, куды ўвогуле зараз могуць паехаць беларускія веласіпедысты.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту. 28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Па адборы давайце крыху пагаворым. Куды мы ўвогуле можам ехаць? Ці можам мы патрапіць усё яшчэ ў Парыж? Ці ёсць разуменне з гэтай нагоды?

– На дадзены момант разумення няма. Бо адбор на Алімпійскія гульні ў нас ужо пачаўся, усё вельмі складана і незразумела. Але, калі хтосьці прымаў рашэнне аб прымяненні такіх санкцый, хтосьці павінен прыняць рашэнне і аб далейшым нашым лёсе і месцы на чэмпіянаце свету, на Алімпійскіх гульнях.

Бо нашы спартсмены паказваюць вынікі. Яны працягваюць расці, яны не пераставалі трэніравацца. І яны, такое слова не зусім правільнае, але яны марнуюць сваё жыццё вось на гэты спорт. У дадзеным выпадку, на веласпорт, а, на жаль, прафесія спартсмена – не на ўсё жыццё. Яна [прафесія] рана ці позна заканчваецца і, на жаль, звычайна рана. Неабмежаваны рэсурс у гэтым выпадку не прадстаўлены, таму мы заўсёды павінны адказваць за свае ўчынкі. Мы спадзяемся, што ўсё ж такі рашэнне будзе правільным.

– Магчымасць адбору праз Азіяцкія гульні. Наколькі гэта рэальна?

– Нават калі нам дадуць магчымасць удзельнічаць у гэтым календары, удзельнічаць у гэтых спаборніцтвах – гэта ўжо вялікая дапамога, гэта ўжо глыток свежага паветра, ужо выхад за тыя рамкі, у якіх мы зараз знаходзімся. Мы павінны жыць у гонцы.

Калі мы зможам адбірацца, то гэта будзе ўвогуле выдатна. Але гэта закон жыцця: пакуль не будзе ўжо афіцыйнага дакумента, мы ні пра што не можам казаць, – адзначыла Цылінская.