Усе навіны

Украінская экс-хакеістка «Мінска» Керноз пра пачатак вайны: «Помню першыя хвіліны пасля гэтай навіны: мяне трусіла, ванітавала, я нічога не магла зрабіць»

28 чэрвеня, 21:42

Украінская хакеістка Яўгенія Керноз расказала пра свае эмоцыі пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіну, з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

На працягу шасці гадоў спартсменка выступала ў «Мінску».

– Наступіла 24 лютага 2022-га. Дзе вы былі тады?

– Новы год сустрэлі ў Сумах, а 9 ці 10 студзеня вярнуліся ў Мінск. Шчыра, ужо тады былі пэўныя асцярогі, што можа пачацца вайна, тым больш у СМІ пра гэта шмат гаварылася. Муж увесь час стэлефаноўваўся з бацькамі, прасіў іх назапасіцца прадуктамі, заправіць машыну, узяць каністру. Так, на ўсялякі выпадак. Але, як разважныя людзі, мы спадзяваліся, што ўсё будзе добра. Што гэта чарговы непрыемны момант паміж дзвюма дзяржавамі, які так ці інакш пройдзе. Увогуле да апошняга спадзяваліся, што вайна не пачнецца.

Але раніцай 24 лютага я прачнулася, і муж мне сказаў, што вайна ўсё ж пачалася. Памятаю першыя хвіліны пасля гэтай навіны: мяне трусіла, ванітавала, я нічога не магла зрабіць. Пры гэтым не хацелася дзіцяці казаць такія жудасныя навіны, думалі, як схаваць ад яго гэта ўсё, трэба было завезці ў школу. І так працягвалася тыдні два. Мы з мужам, мусіць, елі раз у дзень, рыхтавалі ў асноўным дзіцяці, адцягвалі яго неяк, а самі ў любы вольны час сядзелі ў навінах, у тэлеграме. Цэлымі днямі і начамі. Натуральна, пра нейкі спакой гаварыць не даводзілася.

Калі прыходзіла на трэніроўку, гэта крыху адцягвала ад таго, што рабілася на Радзіме. Хаця б на дзве гадзіны. Але ўсё роўна заставалася ў напружанні, нервавалася, і гэта было прыкметна. У нас у Сумах бацькі, бабуля, якой больш за 80 гадоў. Бацькі мужа забралі маю маму і бабулю на дачу, жылі першыя часы разам. Тата ў мяне (ён з мамай даўно ў разводзе) – былы работнік міліцыі. Імкнуўся абараняць краіну, але яго не ўзялі па пэўных прычынах. Тым не менш увесь час баялася, што яго забяруць у адзін момант. Мы з ім і так рэдка бачыліся пасля разводу, а тут яшчэ страх, што ён можа пайсці на фронт.

Жахліва было чытаць навіны, як расійскія войскі заехалі ў Сумы, танкі ездзілі па цэнтры горада, там усё выбухала. У нас у Мінску жылі сябры-ўкраінцы, таксама з Сум, і мы з імі ўвесь час абмяркоўвалі гэтыя падзеі. Было вельмі цяжка ад таго, што мы не можам дапамагчы родным. Ты сам быццам у бяспецы, але што робіцца з блізкім, – распавяла Керноз.