Усе навіны

Кіраўнік хакея на траве Беларусі Якіменка: «Мы стаім нароўні з найлепшымі камандамі свету»

18 снежня, 13:55

Кіраўнік Федэрацыі хакея на траве Беларусі Аляксандр Якіменка выказаўся пра стан гэтага віду спорту ў краіне.

– Аляксандр Леанідавіч, Вы адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў зараджэння хакея на траве ў нашай краіне. Раскажыце, як быць на чале вялікай сям'і?

– Вядома ж, хвалююча, але ў той жа час вельмі прыемна ўсведамляць, што ты – адзін са штурманаў вялікага карабля, які рухаецца ў правільным кірунку. Курс зададзены, застаецца толькі своечасова карэкціраваць яго рух.

Я рады, што побач са мной знаходзяцца людзі, якія дапамагаюць нашаму віду спорту развівацца. За гады існавання федэрацыі мы зрабілі нямала. Цяпер у кожным рэгіёне ёсць стадыёны, у нас, лічыце, няма праблем з інвентаром.

Не буду хітраваць і сябе ўсхваляць: калі я прыйшоў у хакей на траве, тут ужо была закладзена добрая база. Яе сфарміравалі мае аўтарытэтныя папярэднікі на пасадзе кіраўніка БФГТ – спачатку Анатоль Віктаравіч Красуцкі, а затым Валерый Мікалаевіч Іваноў. Мы паспрабавалі яе ўмацаваць.

Спадзяюся, умацавалі падмурак хакея на траве для наступных пакаленняў. Я буду шчаслівы, калі яны будуць з такой любоўю і павагай развіваць хакей на траве ў нашай краіне.

– Аляксандр Леанідавіч, калі казаць пра беларускі хакей на траве зараз, які ён?

– Цяперашняе становішча нашага віду спорту дастаткова добрае. У нас ёсць нямала майстравітых спартсменаў і кваліфікаваных трэнераў, якія гараць сваёй справай. Да таго ж, у апошнія гады мы наладзілі працу ў рэгіёнах. Дзякуючы яркім вынікам нашых атлетаў на міжнароднай арэне, павялічваецца колькасць дзяцей у секцыях.

Плюс зараз мы абзавяліся новым сучасным інвентаром. У гэтым нам паспрыяла Міжнародная федэрацыя, з якой у нас добрыя ўзаемаадносіны. Таму магу з дакладнасцю сказаць, што сярод усіх каманд свету мы стаім нароўні з найлепшымі спартыўнымі калектывамі.

– У гэтым годзе ў рамках аднаго віду спорту адзначаецца адразу некалькі значных дат. Напрыклад, спаўняецца 15 гадоў клубу па хакеі на траве «Мінск». Як ацэніце вынік гэтага калектыву?

– Удакладню, што сам клуб быў створаны значна раней. І называўся ён тады не «Мінск», а «Буравеснік». А вось рэарганізаваны ён быў якраз 15 гадоў таму. За гэты час каманда дабілася добрых вынікаў. За адносна невялікі прамежак часу нашыя хлопцы даказалі, што могуць змагацца з грандамі сусветнага хакея на траве на роўных.

Бо калі глядзець на родапачынальнікаў гэтага віду спорту – англічан, то іх гісторыя налічвае каля 100 гадоў. Калі ў нас і той паловы няма ад гэтай лічбы. Але змагаемся на спаборніцтвах мы не горш за іх, а ў нейкіх момантах нават пераўзыходзім. Таму падстаў для гонару дастаткова, – адзначыў Якіменка.

Нагадаем, што Еўрапейская федэрацыя хакея на траве адхіліла прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.