Tribuna/Футбол/Блогі/У Беларусі клубам пляваць на заўзятараў, а спартсменам – на калег. Адшукалі сябра для Чычкана і пры чым тут Лінекер

У Беларусі клубам пляваць на заўзятараў, а спартсменам – на калег. Адшукалі сябра для Чычкана і пры чым тут Лінекер

Як так атрымалася, што мы ўсім вінныя?

17 сакавіка 2023, 12:00
У Беларусі клубам пляваць на заўзятараў, а спартсменам – на калег. Адшукалі сябра для Чычкана і пры чым тут Лінекер

Разабрацца ў тым, як працуе лукашэнкаўская камісія па памілаванні, можна, нават не з’язджаючы з Беларусі. Фанаты хакейнага гродзенскага «Нёмана» адумаліся. Вырашылі, што ў свой час пагарачыліся, у тым ліку з бестэрміновым байкотам. Перагарнулі старонку, каб вярнуцца да таго, як было – і нават атрымалі нейкія гарантыі. Аксамітны сезон трываў пяць месяцаў – а пасля хапун, адміністратыўныя арышты, чаканне крымінальных спраў. Хто яшчэ хоча вярнуцца да нармальнасці?

Рэакцыі клуба чакаць не выпадала, і гэта менавіта тое, што робіць заўзенне за калектывы экстралігі сапраўдным вычварэнствам. Увогуле, сёння мець хоць нейкае дачыненне да беларускага хакея, што замешаны на Баскаве, Каркоцкім, Багдановічы, Грабоўскім, на сотнях падпісантах за Лукашэнку, – гэта зашквар. Бо і сам хакей у Беларусі ў сваім цяперашнім выглядзе з’яўляецца вынікам дэвіяцыі Лукашэнкі ў спартыўных густах.

Ну вось уявіце сабе. Вы ведаеце, што вас у любы момант без аніякіх падстаў могуць запрасіць на эшафот, каб павесіць. І вешаць будуць на вачах у публікі, якую згоняць, каб яна пляскала ў ладкі пад чырвона-зялёнымі сцягамі. Вы ведаеце, што гэтая публіка выканае любы загад катаў – нават дадушыць, калі экзекуцыя пойдзе не па плане – і дакладна нічым вам не дапаможа. Ну максімум – дадушыць без энтузіязму, з лёгкай спагадай на твары. Але пакуль час пакарання не надышоў, вам трэба гэтых людзей забаўляць, весяліць, суіснаваць з імі нібыта ў шчасці і гармоніі. Што ж, вы любіце хакей, і гэта нагода абслугоўваць тых, хто па пстрычцы пальцаў павернецца да вас спінай.

Фанаты «Нёмана» сваё запрашэнне на эшафот ужо атрымалі (будзем спадзявацца, што нікога ўсё ж такі не павесяць).

На масавыя арышты апасродкавана адрэагаваў толькі прэс-сакратар «Нёмана» Віталь Гарбацюк. Праўда, у ягоным выкладзе людзей не арыштоўвалі, а проста «так склаліся абставіны, што мы не ўбачылі на трыбунах звычнага ўсім нам фан-сектара». Разам з тым супрацоўнік клуба папрасіў не разносіць чутак, не верыць у плёткі, не спараджаць здагадкі. Ну так, людзі ў камерах – гэта чуткі і плёткі, як і апусцелы фан-сектар. Яшчэ спадар Гарбацюк ставіць тым, хто (пакуль) на волі, задачу падтрымліваць каманду, пакуль фан-сектар не вернецца.

Можна ўявіць сабе гэтае вяртанне: з ізалятара (а можа, з калоніі або «хіміі» – хто ведае, што ў галовах тых, хто ладзіць рэпрэсіі), не памыўшыся, адразу ў лядовы палац, нават не заязджаючы дадому. У лядовы палац выконваць сваё прызначэнне – падтрымліваць каманду. У свеце Гарбацюка, здаецца, няма нічога больш важнага за гэта. Страчаны час, падарванае здароўе, расстанне з каханымі і дзецьмі, несправядлівасць, беззаконне – усё гэта лухта (плёткі, чуткі?) у параўнанні з веліччу «Нёмана».

Хтосьці з вас скажа, што Гарбацюк – псіхапат, а я скажу: ён – патрыёт.

Узорны патрыёт і для лукашэнкаўскай Беларусі (хоць можа і не падтрымліваць Лукашэнку), і для Савецкага Саюзу (хоць можа і не настальгаваць па СССР). Нас выхоўвалі па формуле: не для чалавека – а чалавек для. І гэта датычыцца стасункаў з краінай, дзяржаўным апаратам і не толькі.

Мы вакол усім вінныя. Ад нас патрабуюць паважаць, бараніць, любіць, пры неабходнасці – паміраць. У той жа час нас саміх ніхто не збіраецца ні паважаць, ні бараніць, ні любіць, ну а паміраць за нас – пагатоў.

У спорце мы таксама даўжнікі.

Даўжнікі перад клубамі і атлетамі. Ім падабаецца антураж, падабаецца атмасфера на еўрапейскі і амерыканскі манер – і таму наша справа заўзець. Няхай нас збіваюць і арыштоўваюць, без дай прычыны звальняюць і кашмараць рознымі спосабамі. Некаторым прадстаўнікам спортіндустрыі пляваць на гэтыя акалічнасці – яны проста хочуць, каб мы выконвалі перад імі свой «патрыятычны» абавязак (слова «патрыятычны» пазбаўляе права штосьці патрабаваць у адказ).

Таму намі, заўзятарамі, і незадаволеная футбольная зборная маўчуноў, якія чакаюць падтрымкі па змоўчанні і насуперак бяздзеянню. Таму і людажэрка Алімбекава-Смольская, якой пляваць на людзей, любіць распавесці пра тое, як добра ёй выступаецца пры запоўненых трыбунах у Раўбічах, няхай гледачоў на тыя трыбуны ў асноўным прымусова звозяць. Дзінару гэта не бянтэжыць – яна проста атрымлівае сваю частку патрыятычнага падатку, а людзі ўсяго толькі выконваюць сваю функцыю. Якія тут могуць быць крыўды?

Таму да «Нёмана» і Гарбацюка, вялікага аматара страйкбола, у прыхільнікаў клуба не павінна быць пытанняў. Перакананы, калі раптам яго – не дай Божа, канешне – схопяць за баявое хобі (а лукашэнкаўскія сілавікі апошнім часам чамусьці прычапіліся да страйкбалістаў), прэс-сакратар не будзе наракаць, а проста скажа паплечнікам: «Гуляйце без мяне. Выйду – далучуся. Але галоўнае – гуляйце добра».

На гэты піетэт перад абстракцыямі, а не перад людзьмі пакутуюць і самі спартсмены. «Родны чэмпіянат трэба цаніць, любіць, крыху ўзнімаць», – гэта былы брамнік БАТЭ Антон Чычкан кажа пра турнір, што захапілі лукашысты і цяпер круцяць ім, як заўгодна. Уводзяць ліміты, прасоўваюць дурноцце з маладымі, забараняюць рыхтавацца за мяжой і, канешне ж, рэпрэсуюць. Звальняюць, не даюць падпісаць кантракты, выціскаюць з прафесіі – і гэта не перашкода для Антонавай любові. Каго любіць? За што? А каго Антон больш любіць – чэмпіянат Беларусі або Драгуна, Бардачова ды іншых былых партнёраў па БАТЭ, над кім сёння здзекуюцца лукашэнкаўскія служакі?

Расправы над калегамі любові не перашкода – робім такую выснову. Будзем лічыць, што чэмпіянат Беларусі – гэта не людзі, якія яго робяць (той жа Драгун, ды і сам Чычкан, калі вернецца), не самабытныя каманды, якія ўплываюць на працэс. Не, чэмпіянат Беларусі – гэта нешта каштоўнае само па сабе, і гэта нешта трэба любіць і ўзнімаць, якое б дзікунства там ні адбывалася.

Здаецца, Чычкан і прэс-сакратар «Нёмана» лёгка могуць пасябраваць. Абыякавасць да звычайных рэальных людзей і ўсведамленне таго, што ёсць нешта больш важнае, чым звычайныя людзі, – гэта тое, што іх яднае.

Так нас выхоўвалі і выхоўваюць.

Ну а я яшчэ раз перачытаю тэкст пра Гары Лінекера. Гэта гісторыя пра тое, як гіганцкая карпарацыя палічыла, што яна важнейшая за аднаго асобнага чалавека і за яго права казаць тое, што ён думае. Палічыла – і памылілася. А памылку асэнсавала пасля таго, як сутыкнулася з салідарнасцю, калі ў адказ на прыгнёт тэлеэксперта адмовіліся працаваць і яго калегі-эксперты, і каментатары, і на падмену ніхто не знайшоўся, таму што – зашквар.

Можа, і мы аднойчы прыйдзем да такога выхавання.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты