Tribuna/Футбол/Блогі/Новы трэнер «Тотэнхэма» гуляў у Пушкаша і выводзіў паўпрофі супраць «МЮ»-1999. Гэты дзядзька дакладна вам спадабаецца

Новы трэнер «Тотэнхэма» гуляў у Пушкаша і выводзіў паўпрофі супраць «МЮ»-1999. Гэты дзядзька дакладна вам спадабаецца

12 класных гісторый пра Энджа Пастэкоглу.

18 чэрвеня, 19:23
Новы трэнер «Тотэнхэма» гуляў у Пушкаша і выводзіў паўпрофі супраць «МЮ»-1999. Гэты дзядзька дакладна вам спадабаецца

Галоўным трэнерам «Тотэнхэма» стаў не Юльян Нагельсман, не Луіс Энрыке і нават не Вінчэнца Італьяна, які прэтэндаваў на вакантную пасаду. «Шпоры» атрымалі менш вядомага Ангеласа Пастэкаглу (часцей за ўсё скарачаюць ды Анге ці, на англійскі манер, Энджа), але ў той жа час вельмі моцную асобу, якая заслугоўвае ўвагі.

Яго дэталёвая біяграфія, праца ў папярэдніх клубах і тактычныя нюансы – гэта тэма для іншага тэксту, а тут мы пазнаёмім вас з аўстралійскім трэнерам на вопыце, які ён прайшоў на працягу свайго жыцця.

Пры падрыхтоўцы гэтага тэксту выкарыстоўваўся матэрыял The Athletic.

Жаданне зблізіцца з бацькам прымусіла займацца футболам

Будучы трэнер нарадзіўся ў Афінах і ўжо ў 5 гадоў эміграваў разам з бацькамі ў Аўстралію. Эндж амаль не бачыў свайго бацьку, які пастаянна працаваў, каб забяспечыць сям'ю ўсім неабходным, але знайшоў спосаб зблізіцца з ім. Па нядзелях Пастэкаглу-старэйшы гуляў у мясцовым футбольным клубе, створаным грэчаскімі эмігрантамі. «У той час трэба было проста прыйсці на яго гульню – на полі ён быў зусім іншым чалавекам», – успамінаў Анге.

Менавіта гэта, па-першае, стала прычынай, чаму Пастэкаглу-малодшы вырашыў займацца футболам. А па-другое, гэта цалкам сфармавала ягонае разуменне спорту і пабудавала яго футбольную філасофію: «Гэта тое, што аб'яднала мяне з маім героем. Мы звычайна забываем, у чым галоўная сутнасць спорту. Спорт – гэта не пра перамогі або паразы. Гэта, у першую чаргу, пра сувязі, якія ён стварае. Ён аб'ядноўвае людзей, гарады, краіны. Ён аб'ядноўвае бацьку і сына».

Менавіта бацька – яго галоўны кумір і натхненне

Калі ў Пастэкаглу аднойчы спыталі, хто натхніў яго на трэнерскія перамогі, ён не даў адказ, якога чакала б большасць журналістаў, каб аформіць клікабельныя загалоўкі. Эндж сказаў: «Гэта не «Барселона», не «Ліверпуль», не Пэп Гвардыёла і не Ёхан Кройф. Ніхто, хто мяне трэніраваў ці з кім я гуляў».

Трэнер прызнаўся, што ўся яго філасофія – гэта тры грэчаскія словы Κάτω η μπάλα’, якія літаральна азначаюць «трымаць мяч унізе». Гэтыя словы былі мантрай яго бацькі і выразна адбіліся ў гульні ўсіх яго каманд.

У якасці футбаліста гуляў пад кіраўніцтвам Пушкаша і быў блізкі з венгерскай легендай

У якасці футбаліста Пастэкаглу правёў усю кар'еру ў аўстралійскім «Саўт Мельбурн». У 21 год маторны левы абаронца ўжо быў капітанам каманды і набіраўся вопыту ў Ферэнца Пушкаша – для легендарнага вінгра праца на аддаленым кантыненце была адной з апошніх у трэнерскай кар'еры.

Пушкаш і Пастэкаглу былі дастаткова блізкія – Анге не толькі быў яго капітанам, але і часам і перакладчыкам, і кіроўцам. Легендарны статус, але пры гэтым сціпласць Ферэнца зрабіла вялікае ўражанне на аўстралійца. Пастэкаглу заяўляў, што на асобасным узроўні гэта дапамагло сфармаваць яго як частку спартыўнай супольнасці, а на футбольным – быць адданым атакоўнаму футболу.

Пастэкаглу завяршыў кар'еру ў 27-летнім веку з-за траўмаў, а ўжо праз тры гады стаў трэнерам «Саўт Мельбурн».

Гуляў супраць легендарнага МЮ-1999 са сваёй паўпрафесійнай камандай. І спрабаваў рабіць гэта першым нумарам

З маладым Пастэкаглу аўстралійскі клуб (тады за футбольнымі рамкамі лічыўся паўпрафесійнай камандай) узяў два чэмпіёнствы запар і выйграў Лігу чэмпіёнаў Азіі. Гэта дало магчымасць сціпламу «Мельбурну» прыняць удзел у клубным чэмпіянаце свету, дзе каманда Энджа згуляла з велічным «МЮ»-1999, які выйграў сёлета трэбл.

На «Маракане» ў Рыа-дэ-Жанейра аўстралійцы саступілі 0:2, але Пастэкаглу няма чаго саромецца – ён паставіў камандзе ўмову гуляць першым нумарам, нягледзячы на магчымасці суперніка.

Яго кар'ера ледзь не пайшла кату пад хвост з-за спрэчкі з аўстралійскай зоркай футбола

Пасля поспеху з «Саўт Мельбурн» Пастэкаглу ўзначаліў юнацкую зборную Аўстраліі U-17, а пасля пайшоў на павышэнне ў U-20. У 2007-м, калі яго каманда не змагла кваліфікавацца на чэмпіянат свету, яго жорстка крытыкаваў Крэйг Фостэр – экс-гулец «Портсмута» і «Крыстал Пэлас». Яны ўступілі ў слоўную сварку прама на аўстралійскім ТБ – Пастэкаглу абараняў каманду, нягледзячы на няўдалы вынік, аднак заўзятары прынялі бок Фостэра.

Ангелос пакінуў юнацкую зборную якраз з-за гэтага інцыдэнту і прызнаўся, што ён сур'ёзна паўплываў на ягоную рэпутацыю. У 2008 годзе ён увогуле адправіўся трэніраваць каманду трэцяга грэчаскага дывізіёна «Панахаікі», але і там доўга не пратрымаўся.

Цікава, што ягоная кар'ера працягнулася менавіта на тэлебачанні, дзе пасля вяртання ў Аўстралію ён працаваў экспертам і аналітыкам на Fox Sports TV. Усё яшчэ маючы амбіцыі быць трэнерам, Пастэкаглу таксама праводзіў лекцыі для трэнераў і дапамагаў сябру ўзначальваць паўпрафесійную каманду.

Праз некаторы час ён вярнуўся да працы галоўным трэнерам і ўзначаліў «Брысбэн Роар», з якім у сезонах 2010/11 і 2011/12 двойчы выйграў чэмпіёнства і меў серыю з 36 матчаў без паражэнняў.

А з Фостэрам яны нарэшце памірыліся.

Выйграў з Аўстраліяй найважнейшы трафей у гісторыі нацыянальнай зборнай

Пасля «Брысбэн Роар» Пастэкаглу адпрацаваў сезон з «Мельбурн Віктары», а ў канцы 2013-га ўзначаліў нацыянальную зборную Аўстраліі.

На чэмпіянаце свету ў Бразіліі на паперы Анге праваліўся – тры паражэнні ў трох матчах і апошняе месца ў групе з Нідэрландамі, Чылі і Іспаніяй. З іншага боку, ён моцна ўразіў сваіх жа футбалістаў і заўзятараў упартай манерай гуляць у атакуючы футбол, нягледзячы на лепш згуляных і больш знакамітых сапернікаў. Галоўны поспех трэнера адбыўся ўжо ў наступным годзе, калі «сокерус» упершыню ў гісторыі выйгралі Кубак Азіі (мясцовая версія Еўра ці Копа Амерыкі).

«Футбол – не галоўны спорт у нашай краіне, – распавядаў былы падапечны Пастэкаглу Мэцью Макей. – Але Эндж прымусіў нас паверыць у тое, што мы можам зрабіць што-небудзь асаблівае. Ён заўсёды хацеў, каб Аўстралія была сур'ёзнай адзінкай на футбольнай мапе свету». І дзякуючы гэтай перамозе ў яго гэта адбылося.

Пайшоў са зборнай, кваліфікаваўшыся на ЧС-2018, таму што яго прынцыпы падвяргалі сумневу

Упэўнена можна сказаць, што са зборнай Аўстраліі Пастэкаглу сышоў са скандалам. Заўзятары і эксперты моцна крытыкавалі яго пры адборы да ЧС-2018, у якім у аўстралійцаў былі цяжкасці. Перамагчы слабенькую Сірыю ўдалося толькі ў дадатковы час, а разабрацца з Гандурасам змаглі толькі ў матчы ў адказ.

Ангелос працягнуў гнуць лінію атакавалага футбола і гульні першым нумарам, спрабуючы разглядаць зборную не толькі ў моманце вырашальных матчаў, але і ў даляглядзе на будучыню. Гэта падабалася не ўсім нават мясцовай федэрацыі футбола. Дайшло да таго, што Пастэкаглу праз некалькі дзён пасля кваліфікацыі на ЧС звольніўся сам – не хацеў змяняць сваім прынцыпам, поглядам і філасофіі.

Гвардыёла хваліў яго, калі Пастэкаглу працаваў у Японіі

Ужо ў наступным месяцы пасля адстаўкі са зборнай Пастэкаглу вярнуўся ў клубны футбол – узначаліў японскі «Ёкагама Ф. Марынас».

У Японіі Пастэкаглу даказаў, што яго «прынцыповы» футбол дзейнічае не толькі дома, у Аўстраліі атрымаў сувязі дзякуючы City Football Group, які валодаў 20% клуба, і знайшоў нямала футбалістаў, якія пасля сталі залогам яго поспеху ў «Селтыку».

У 2019-м «Марынас» гулялі ў спарынгу з «Ман Сіці» – прайгралі 1:3, але валодалі мячом больш, чым англійскі гранд, што ўразіла Пепа Гвардыёлу. Іспанец пасля матчу пахваліў Анге за добра пабудаваную гульню, сказаў, што «Марынас» і «Сіці» развіваюцца адным шляхам» і пажадаў японскаму клубу поспехаў.

Вядучы talkSport знішчыў яго пасля прызначэння ў «Селтык» – пасля прыйшлося прасіць прабачэння

Першым еўрапейскім клубам Пастэкаглу стаў шатландскі «Селтык». Цікава, што летам 2020-га галоўным кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера быў Эдзі Хау – з ім не дамовіліся, таму прыйшоў Ангелос. Вядоўца talkSport (і, што цяпер цікава, былы гулец «Тотэнхэма») Алан Брэйзіл высмеяў рашэнне кіраўніцтва клуба запрасіць ноўнэйма і разнёс Пастэкаглу.

Зрэшты, пасля залатога дубля (перамогі ў чэмпіянаце і кубку) у сезоне 2021/22 Брэйзіл прызнаў сваю памылку і публічна папрасіў прабачэння.

***

Увогуле з «Селтыкам» Пастэкаглу выйграў 5 трафеяў за 3 сезоны (усе заваяваныя за дзве апошнія кампаніі ў Шатландыі).

Яго ж гульцы называюць Пастэкаглу «найразумнейшым трэнерам у свеце» і параўноўваюць з Клопам

Былыя футбалісты Пастэкаглу высока шануюць яго футбольны інтэлект і параўноўваюць яго з найлепшымі трэнерамі ў сусветным футболе. Аўстраліец Томі Оўр, напрыклад, казаў: «Анге на некалькі ўзроўняў вышэй усіх менеджараў, з якімі я працаваў. Ён чымсьці нагадвае Юргена Клопа – каманда хоча перамагаць для яго».

А Томас Бройс, эксфутбаліст «Гладбаха», «Кёльна» і «Нюрнберга», якога ў свой час лічылі вялікім талентам нямецкага футбола і якога Эндж у 29 гадоў пераканаў пераехаць у Брысбен, называе аўстралійскага спецыяліста «найбуйнейшым ментарам у яго жыцці»: «Шмат гадоў я сустракаў нямала разумных трэнераў, але Пастэкаглу – найлепшы».

Джо Харт, які перажыў сваю другую маладосць пад кіраўніцтвам аўстралійца, таксама мае толькі станоўчыя ўспаміны: «Ён выдатны мэнэджар і выдатны чалавек. Мне 35 футбол мог бы ўжо надакучыць мне, але сапраўды не пад яго кіраўніцтвам. Ён прымушае мяне хадзіць на працу кожны дзень, вучыцца, я атрымліваю ад гэтага толькі радасьць».

Не саромеецца развітвацца з лідарамі, зоркамі і ветэранамі сваіх каманд

Футбольны інтэлект Пастэкаглу – вынік яго, здавалася б, хутка і ўпэўнена прынятых рашэнняў. Напярэдадні ЧС-2014 ён не выклікаў капітана зборнай Лукаса Ніла, а Марку Шварцэру, легендарнаму галкіперу, які найграў 110 матчаў за нацыянальную каманду, прама заявіў, што не гарантуе месца ў стартавым складзе.

Падобная гісторыя была і ў Японіі – краіне, у якой да старэйшых асоб ставяцца з асаблівай павагай. Анге літаральна адмовіўся ад 40-гадовага Юджы Накадзамі з-за таго, што ён не мог справіцца з высокай лініяй абароны, якую аўстраліец увесь час найграваў.

Уго Льярыс прыгатавацца?

Не мае пастаяннага трэнерскага штаба

Поспех Пастэкаглу ў «Селтыку» здаецца сапраўдным подзвігам, улічваючы той факт, што ў Шатландыю ён прыехаў сам, без свайго трэнерскага штаба (пасля, праўда, прызначыў сваім асістэнтам Гары Кьюэла). Ангелос упэўнена заяўляе, што адсутнасць пастаяннай каманды трэнераў – чэлендж для яго, і яму гэта падабаецца.

У «Тотэнхэме», напрыклад, ён забярэ з сабой толькі аднаго спецыяліста – Джона Кэнэдзі.

Фота: Tottenham Hotspur FC, Richard Sellers, Asanka Brendon/REUTERS, Kyodo News Stills

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты