Tribuna/Футбол/Блогі/Як жа кайфова цяпер глядзець Ла Лігу: відэа з распранальні, інтэрв'ю ў перапынку, новая графіка і іншыя цікавосткі

Як жа кайфова цяпер глядзець Ла Лігу: відэа з распранальні, інтэрв'ю ў перапынку, новая графіка і іншыя цікавосткі

Клубы могуць дадаткова зарабіць – але не ўce ў захапленні.

22 жніўня, 11:16
1
Як жа кайфова цяпер глядзець Ла Лігу: відэа з распранальні, інтэрв'ю ў перапынку, новая графіка і іншыя цікавосткі

Ла Ліга пачала новы сезон вельмі абноўленай. Усё праз змену свайго тытульнага спонсара – замест банка Santander партнёрства з іспанскім чэмпіянатам падпісала студыя Electronic Arts, дакладней – яе спартыўнае падрадзяленне EA Sports.

Разам з тым чэмпіянат змяніў лагатып і пераасэнсаваў падыход да трансляцый.

Як гэта выглядае: відэа з распранальняў, інтэрв'ю ў перапынку, шмат актуальнай статыстыкі і яшчэ некалькі цікавостак

Ад гэтага сезона ў Ла Лігі новая графіка табло з лікам матча – цяпер замест літарных пазначэнняў на ім лагатыпы клубаў. Там жа – некаторая бягучая статыстыка і аўтары забітых мячоў.

Для кожнага клуба – уласная каляровая гама, якая складаецца з колераў формы.

Новая графіка і для замен, і для ўзнагарод MVP матча – прычым, як кажуць у лізе, знялі адразу некалькі эмоцый футбаліста: звычайная са складзенымі рукамі, святкаванне і вітальныя махі рукой. Вось, напрыклад, Жэрар Марэна святкуе на графіцы ўзнагароду больш актыўна, чым у трансляцыі:

Гэтую ж графіку выкарыстоўваюць і пры паказе замен. Аднак калі ліга яшчэ не паспела адзняць футбаліста – выглядае крыху кепска. Застаецца верыць, што за першыя некалькі тураў дазнімуць усіх!

Стартавыя склады дэманструюць наўпрост на полі – у дызайне карт EA Sports FC. Справядлівая адсылка да тытульнага партнёра лігі.

Асвяжылі і працу з камерамі. Здымкі ў тунэлі перад выхадам на поле цяпер бліжэйшыя і больш якасныя – можна сачыць, як, напрыклад, арбітр пра штосьці размаўляе у перапынку матча паміж «Барсай» і «Хетафе» з тэр Стэгенам.

Больш блізкія і якасныя камеры цяпер і ля лаў запасных. Яшчэ і трэнераў можна падслухаць!

А «камера-павук» сёння спускаецца ніжэй – каб, згодна з паведамленнем лігі, значна больш якасна паказваць фалы і пенальці з перспектывы футбаліста. Так гэта выглядала, калі Пепелу біў пенальці ў вароты «Лас-Пальмас».

У партнёрстве з Microsoft Azure з дапамогай іх штучнага інтэлекту даюць шмат пашыранай статыстыкі. Вось, напрыклад, кірункі атак у першым тайме матча паміж «Атлетыкам» і «Рэалам».

Вызначаюць верагоднасць рэзультатыўнага ўдару ў галах і некаторых незабітых момантах.

Таксама хутка вядуць падлік таго, як менавіта па сезоне забіваў гулец – сёння гэта мала пра што кажа, але дзесьці на 20-м голе Левандоўскага дакладна будзе цікава.

Таксама вытворцы трансляцый з пэўнай затрымкай, але малююць тактычную графіку галоў і вострых момантаў. Вось, напрыклад, разбор гола Жэрара Марэны «Маллёрцы»:

А вось – нерэалізаванага ўдару Дыега Лопеса пасля яго класнага забягання:

Акрамя таго, ёсць яшчэ некалькі дадатковых «плюшак», якіх раней у Ла Лізе не было. У першую чаргу - відэа з распранальні. Вось такія кадры можна было ўбачыць перад матчам «Сельты» з «Асасунай»:

А тут – распранальня «Барсы» перад матчам з «Хетафе»:

Ці вось, матывацыя «Атлетыка» на матч з «Рэалам»:

Акрамя таго, Ла Ліга пераняла практыку іншых ліг з інтэрв'ю футбалістаў у перапынку:

Уласна, гэта галоўны акцэнт – Ла Ліга не прыдумала нешта экстрэмальна новае. Верагоднасць гола і пашыраную статыстыку ўжо пэўны час дае Бундэсліга, інтэрв'ю ў перапынку – Ліга 1. У Ла Лігі атрымалася гэта ўсё з'яднаць і класна ўпакаваць – яшчэ і з выгодай для клубаў.

Цяпер даходы клубаў ад трансляцый будуць залежаць ад далучэння да новых «плюшак» – будзе весціся асобны падлік пунктаў. «Рэал» ужо адмовіўся ад трансляцый з распранальні

З новым падыходам да трансляцый Ла Ліга ўвяла і новы падыход да выплат прыбытку клубам. З гэтага часу структура выплат выглядае так: 50% даходаў ад здзелкі выплачваецца пароўну, 25% – па выніках турнірнай табліцы ў сезоне, яшчэ 25% – за далучэнне клуба да паляпшэння прадукта.

Далей размова пойдзе якраз пра апошнія 25%, агульны пул на якія складае 130 млн еўра. Тое, як клубы далучаюцца да паляпшэння тэлепрадукта, будзе вызначацца асобнай табліцай.

Клубам будзе выдадзены мінімум пунктаў, 175, за «мінімальны» дамоўлены доступ для брадкастэра. Іншыя ж пункты (максімум – 500) можна будзе атрымаць за дадатковы доступ да кадраў з падтрыбункі, распранальні, матывацыйных прамоў трэнераў, інтэрв'ю ў перапынку і па заканчэнні матча – усё, што дадае цікавасці трансляцыям з боку клуба.

Гэтыя 130 млн еўра будуць затым размеркаваныя паміж клубамі па выніках іх спрыянню трансляцыям.

Для Ла Лігі гэта важна яшчэ і таму, што гэтыя кадры цалкам змогуць стаць асновай іх серыяла з Netflix. Яшчэ ў лютым ліга абвясціла, што пра сезон 2023/24 студыя здыме дакументальны серыял па тыпу Drive to Survive пра «Формулу 1» – з акцэнтам на бэкстэйдж футбола і асабістыя гісторыі.

Зрэшты, не ўсе клубы абавязаныя выконваць усе капрызы Ла Лігі. Напрыклад, «Рэал» ужо фактычна адмовіўся выконваць адзін з пунктаў – доступ да распранальні. Карла Анчалоці публічна патлумачыў такое рашэнне: «Распранальня для мяне свята. Камера ў распранальні падчас гульняў – гэта поўная лухта». Аднак, адпаведна, і грошай ад лігі за трансляцыі мадрыдцы атрымаюць крыху менш.

А для малых клубаў – гэта, наадварот, класная магчымасць дадаткова зарабіць.

Фота: скрыншоты трансляцый MEGOGO

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты