Tribuna/Футбол/Блогі/Часовым трэнерам «Сіці» стаў Хуанма Лілля – футбольны філосаф і ментар Гвардыёлы, пра якога вы не чулі

Часовым трэнерам «Сіці» стаў Хуанма Лілля – футбольны філосаф і ментар Гвардыёлы, пра якога вы не чулі

Дзеля яго Пеп ездзіў у Мексіку.

29 жніўня, 17:35
Часовым трэнерам «Сіці» стаў Хуанма Лілля – футбольны філосаф і ментар Гвардыёлы, пра якога вы не чулі

Гвардыёлу ў найбліжэйшых матчах «Сіці» праз экстраную аперацыю на спіне заменіць яго памочнік Хуанма Лільё. Пад яго кіраўніцтвам манчэстэрскі клуб ужо выйграў адну гульню – у гасцях супраць «Шэфілд Юнайтэд» (2:1). Хаця «гараджане» былі блізкія да страты пунктаў у супрацьстаянні з навічком лігі і забілі пераможны мяч толькі на апошніх хвілінах.

«Мы згулялі вельмі добра і былі значна бліжэй да таго, чаго хацелі, чым можна меркаваць, калі глядзіш на лік», – заявіў Хуанма Лільё пасля матча.

Гэта, магчыма, найбольш недаацэнены футбольны геній сучаснасці.

Калі паглядзець на ягоны паслужны спіс, то большасць можа падумаць, што гэта жарт. Мала таго, што іспанец ні разу не трэнаваў топ-клуб, нават з невялікіх каманд яго найчасцей выганялі за нездавальняльныя вынікі.

Дык у чым жа яго геніяльнасць?

Ужо ў 20 гадоў трэнаваў прафесійную каманду, склаў добры дуэт з Сампаолі

Хуан Мануэль з таго тыпу трэнераў, якія ніколі не гулялі ў футбол на прафесійным узроўні. Нават у аматарах у Лільё больш атрымлівалася гуляць у футзал, чым у вялікі футбол. Затое ўжо ў 16 год ён зразумеў, што трэнаваць – яго стыхія. «Мая галава і ногі не маглі сысціся ў адной думцы, але я ўжо адчуваў сябе трэнерам», – згадваў Лільё.

Непаўналетні Хуанма ўзначаліў аматарскую каманду «Амарас», а ўжо праз чатыры гады прыняў «Таросу» з роднага горада. Клуб гуляў у Тэрсэры, а сам энтэрнадор стаў самым маладым трэнерам у гісторыі іспанскага прафесійнага футбола (20 гадоў). Затым праз «Мірандэс» і «Культураль» Лільё дайшоў да «Саламанкі».

У горадзе з адным з найстарэйшых універсітэтаў Еўропы малады Хуан Мануэль Лільё адкрыў свой універсітэт футбола. У 29 гадоў баск вывеў сваю каманду ў Прымеру, стаўшы самым маладым трэнерам у гісторыі лігі. На яго каманду нельга было не звяртаць увагі, бо менавіта Лільё прыпісваюць стварэнне тактычнай схемы 4-2-3-1.

У інтэрв'ю Сіду Лоў трэнер прызнаваўся, чаго хацеў ад гэтай фармацыі: «Мне былі патрэбныя чатыры форварды з рацыянальным размяшчэннем у прасторы». Пазней ідэя часу і прасторы ў футболе так захопіць Лільё, што ён будзе ўспрымаць футбольныя правілы як фізічныя законы, на якіх будуецца гульня. Гэты канцэпт прымуць на ўзбраенне нямала іспанскіх трэнераў, сярод якіх не толькі Пеп, але і Рафа Бенітэс.

Таксама ідэям іспанца былі хуткі рух мяча наперад і маментальны контрпрэсінг, якія з часам пераняў Гвардыёла і большасць іспанскіх трэнераў.

Пасля таго, як «Саламанка» ўсё ж апынулася на мяжы вылету, Лільё паказалі на дзверы, але ён яшчэ быў патрэбны ў Ла Лізе: «Аўеда», «Сарагоса», «Тэнерыфэ» карысталіся яго паслугамі. Аднак ні ў адной з каманд трэнер не затрымаўся. «Мурсія» і каталонская «Тэраса» – тое ж самае. Нарэшце, лёс закінуў яго аж у Мексіку – у клуб «Дарадас». Нават па мексіканскіх мерках гэта было ў вірах на юрах. Пра падарожжы мысляра можна распавядаць доўга.

У 2015 годзе ён быў асістэнтам у зборнай Чылі. Іх дуэт з Хорхе Сампаолі называлі Сампаалільё, а затым разам паклікалі трэнаваць «Севіллю».

А яшчэ былі Калумбія, Японія і Кітай, пакуль Пеп не паклікаў замяніць Артэту ў штабе «Сіці».

Праблема Лільё ў тым, што яго больш цікавіць працэс, чым сам вынік, таму ён ідэальны памочнік, а не галоўны трэнер: «Калі б людзей цікавіў толькі вынік, яны прыходзілі б на стадыён на 90-й хвіліне, каб даведацца пра лік. Але ж так не адбываецца. Вас захапляе гульня, а не вынік. Вынік – гэта толькі частка інфармацыі. Узровень нараджальнасці расце. Гэта захапляе? Не. А працэс, які прыводзіць да гэтага росту? Вось ён сапраўды захапляе», – кажа баск.

У зборнай Чылі яго ідэі спрацавалі ідэальна – першы ў гісторыі Кубак Амерыкі.

Уразіў Гвардыёлу ў прайграным матчы, трэнаваў Ін'есту і знайшоў пазіцыю для Месі

Пеп заўсёды цягнуўся да незвычайных людзей і ішоў на непрагназаваныя ўчынкі. Ездзіў у сціплую «Брэшыю» толькі дзеля працы з Мацонэ і гульні з Баджа. Пасля «Барселоны» адправіўся на год у Нью-Ёрк, каб за куфлем віна з Гары Каспаравым абмяркоўваць тое, як уладкаваны свет, і размаўляць пра мастацтва з Вудзі Аленам. Але паездку ў самае логава мексіканскага наркакартэля, каб патрэнавацца з Хуанма Лільё, ніхто не зразумеў. Аднак, як аказалася, гэта было падарожжа да сябра і ментара, у дыялогах з якім сфармаваўся трэнер Гвардыёла.

У пачатку тэмпарады 1996/97 гадоў «Барселона» паехала ў госці да «Аўеда». Зорнага Раналда прыйшлося везці з Бразіліі на прыватным самалёце, а гульня каманды Робсана ў першым тайме была жахлівай. Астурыйцы цалкам абгульвалі «блаўгранас». У другім тайме каталонцы ўсё ж даціснулі суперніка 4:2, але на Гвардыёлу той зрабіў вялікае ўражанне. Хасэп пайшоў у распранальню «Аўеда», каб выказаць павагу трэнеру, яны абмяняліся нумарамі – так пачалося вялікае сяброўства.

Хтосьці жартоўна казаў, што Лільё яму як бацька, але Пеп адхрышчваўся: «Не, у мяне ёсць цудоўны бацька. Хутчэй, добры дарадца».

Гвардыёла прызнаваўся, што не мог сысці з футбола, не пагуляўшы ў сябра. У Мексіцы Пеп правёў усяго 10 матчаў і забіў адзін мяч, але не гэта было галоўным. Ужо там ён выконваў ролю неафіцыйнага памочніка Лільё, размаўляў з гульцамі і дапамагаў збіраць інфармацыю пра супернікаў. Абодва іспанцы сышлі з Мексікі пасля таго, як клуб вылецеў з найвышэйшага дывізіёна, па ходзе абвінаваціўшы супернікаў у дамоўных матчах.

Калі ў Пепа з'явіўся ў камандзе Месі, трэба было знайсці яму найлепшае месца на полі. Падчас адной з размоў Хуанма распавядаў Гвардыёле пра аргенцінскага форварда 1950-х Адольфа Педэрнэру, які гуляў у стылі «ілжывай дзявяткі». Так мы ўбачылі сапраўднага Леа.

Біёграф Пепа Гільерме Балаге піша: «Калі яму былі патрэбныя адказы, ён звяртаўся да Хуанмы ў любы час сутак». У Лільё больш за 10 тысяч кніг і артыкулаў, якімі ён аперыруе. «Я сядзеў у яго дома на пачатку трэнерскай кар'еры, мы разам рыхтавалі некалькі трэнерскіх ідэй. А цягам года мы размаўлялі па тэлефоне. Ён глядзеў гульні і прапаноўваў змены», – узгадваў Пеп.

«Пеп адчуваў сябе недастаткова падрыхтаваным у спецыфічных тэмах, калі размова заходзіла пра пабудову абароны або пра пэўныя трэнавальныя методыкі», – гаварыў пра сваю дапамогу Лільё. Праца з Лільё – гэта не толькі глыбокія размовы, але і прагрэс канкрэтных гульцоў. Фантастычную гульню Канселу ў 2021 годзе звязваюць менавіта з яго працай. Лільё прыдумаў для партугальца ролю, калі ён часта сярод матча станавіўся другім апорным паўабаронцам.

Кожнае яго выступленне – фундаментальная размова не толькі пра футбол, але і пра жыццё.

Некаторыя выказванні Лільё можна разбіраць на цытаты: «Футбаліст – гэта не пасудзіна, якую трэба напоўніць, а паходня, якую трэба запаліць». Або яго парада Пепу: «З панядзелка па суботу стаўся да гульцоў, як да людзей, а толькі ў нядзелю, як да футбалістаў».

Пасля ЧС Хуанма напісаў калонку The Athletic, дзе расказваў пра сваё бачанне футбола, а таксама пра тое, як іх з Пепам ідэі паўплывалі на футбол: «Мы нават не ўсведамляем, што мы зрабілі. Мы глабалізавалі метадалогію так, што яна пракралася на ЧС: калі б вы прымусілі гульцоў Камеруна і Бразіліі змяніць футболкі, вы б нават не заўважылі. Толькі калі па татуіроўках. Усё ў два дотыкі».

Яшчэ адна цытата вельмі добра характарызуе эвалюцыю ў футболе: «Вы і кантэкст, у якім вы знаходзіцеся – гэта тое ж самае. Возьмем, напрыклад, кактус. Калісьці даўно ў кактуса не было шыпоў. Мы адаптуемся да навакольнага асяроддзя, кантэксту, у якім жывём. Пасля кактус вырасціў свае шыпы. Гэта тое, што адбываецца з намі зараз».

Гісторыя наогул магла пайсці іншым шляхам у 2003-м. Адзін з прэтэндэнтаў на крэсла прэзідэнта «Барселоны» быў Луіс Басат, які дамовіўся, што ў выпадку перамогі Пеп пойдзе працаваць у клуб спартыўным дырэктарам. Трэнерам Гвардыёла бачыў толькі Лільё. Але тыя выбары выйграў Лапорта – і ўсё пайшло так, як мы ведаем сёння.

У 2010 годзе «Барселона» Гвардыёлы прайшлася катком па «Альмерыі», якую трэнаваў Хуанма Лільё, а Месі зрабіў хет-трык. Пасля гэтага матча Лільё выгналі з каманды, але ніякіх крыўд на сябра не было.

У 2018 годзе ён нават ажыццявіў сваю мару – патрэнаваў Ін'есту ў японскім «Вісел Кобе». А ўжо ў 2020 годзе Пеп паклікаў таварыша да сябе ў трэнерскі штаб. У мінулым сезоне Хуанма зноў паспрабаваў пайсці на вольныя хлябы, калі ўзначаліў «Аль-Саад» з бліскучым Санці Касорлай у складзе, але і ў гэты раз не пайшло.

Летам 2023-га Лільё зноў вярнуўся да Пепа. Цяпер нават пабудзе галоўным.

Фота: Marca, Colgadosporelfutbol, Daisuke Nakashima/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты