Tribuna/Футбол/Блогі/Эрытрэя знялася з адбору ЧС, каб не ўцякалі гульцы. Там бестэрмінова забіраюць у войска і 30 гадоў не змяняецца прэзідэнт

Эрытрэя знялася з адбору ЧС, каб не ўцякалі гульцы. Там бестэрмінова забіраюць у войска і 30 гадоў не змяняецца прэзідэнт

Перспектыўны партнёр для рэжыму Лукашэнка.

16 лістапада, 12:40
Эрытрэя знялася з адбору ЧС, каб не ўцякалі гульцы. Там бестэрмінова забіраюць у войска і 30 гадоў не змяняецца прэзідэнт

Жыццё давяло да таго, што мы ўжо ведаем, дзе знаходзіцца Эрытрэя. На гэтым тыдні федэрацыя маленечкай афрыканскай дзяржавы забараніла зборнай удзельнічаць у адборы да чэмпіянату свету. Прычына выбітная: боязь, што гульцы застануцца за мяжой.

Распавядаем, як жывецца ў Эрытрэі, дзе прэзідэнт кіруе больш за 30 гадоў, а ў войска забіраюць на нявызначаны тэрмін.

Апошні афіцыйны матч Эрытрэя правяла ў 2019-м. Зборнай нават няма ў рэйтынгу ФІФА

У Эрытрэі навіна пра адбор чэмпіянату свету наўрад ці кагосьці здзівіла, бо зборная ўжо даўно ні з кім не гуляла: апошні матч адбыўся ў студзені 2020-га – няўдалы таварняк удома з Суданам. У верасні 2019-га ўляцелі Намібіі ў афіцыйных матчах (1:2 і 0:2), а ў снежні зганялі на Кубак Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі (нават дайшлі да фіналу!). У Кубку Афрыкі Эрытрэя ніколі не выступала, апошнія гадоў 15 – нават у адборы.

Сёння Эрытрэя не ўваходзіць у рэйтынг ФІФА: каб туды патрапіць, трэба правесці хаця б адну сустрэчу за 48 месяцаў. Магчыма, у 2023-м яна згуляла б з адной з афрыканскіх краін, але ў зоне КАФ змянілася структура адбору на ЧС. Калі раней эрытрэйцы маглі злётаць на выезд і паспяхова вылецець, то сёння папярэдняга раўнда няма – найгоршая зборная кантынента адразу патрапіла ў групу, так што рызыка страціць футбалістаў да канца турніру павялічылася. Супернікі – Марока, Замбія, Конга, Танзанія і Нігер. Мяркуючы па ўсім, улады Эрытрэі палічылі гэтыя краіны занадта прывабнымі.

Праблема ўцёкаў футбалістаў – не жарт. The Guardian піша, што з 2009-га краіну пакінулі як мінімум 60 гульцоў. Напрыклад, сямёра ўцяклі ва Уганду падчас Кубка Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі-2019. У тым жа годзе чатыры футбалісты збеглі пасля матча моладзевай зборнай з камандай Занзібара. У 2021-м да выездаў дапусцілі жаночую зборную U-20, і пяць гульцоў звінцілі за некалькі гадзін да сустрэчы з той жа Угандай.

Эрытрэйцы амаль не гуляюць за мяжой і на клубным узроўні. Скажам, у 2021-м у «Эфіопіян Кофе» легальна перайшоў Робель Тэклемікаэль, хаця першапачаткова павінен быў з'ехаць у Кітай (трансфер сарваўся праз каранавірус). Transfermarkt таксама ведае 19-гадовага Алекса Ібраха з ліхтэнштэйнскага «Вадуца». У астатнім футбол Эрытрэі - рэч у сабе. Звестак па апошніх сезонах мясцовай лігі няма нават на RSSSF – магчыма, найбуйнейшым архіве з вынікамі матчаў.

Эрытрэя стала незалежнай толькі ў 1993-м. З таго часу ў яе адзін і той жа прэзідэнт і афіцыйна найгоршая эканоміка свету

Найбліжэйшыя суседзі Эрытрэі таксама не ўваходзяць у спіс самых квітнеючых краін свету. Дзяржава без зборнай знаходзіцца на беразе Чырвонага мора і з трох бакоў заціснутая Суданам, Эфіопіяй і Джыбуці. Зусім побач – вечна ваюючы Самалі, а на супрацьлеглым беразе – Емен, які раздзіраецца ўнутранымі канфліктамі. І нават з такім атачэннем Эрытрэя не выглядае выйгрышна. Нямецкі фонд Bertelsmann паставіў яе на 137-е месца па індэксе эканамічнай трансфармацыі BTI – гэта апошні радок у рэйтынгу (у ім не ўлічваюцца паказнікі вядучых краін свету). Для параўнання: на першых трох – Тайвань, Чэхія і Эстонія. Беларусь – на 75-м.

Эрытрэя атрымала адзінкі (па 10-бальнай шкале) у катэгорыях «Сацыяльна-эканамічнае развіццё» і «Фінансавая стабільнасць». На 0,3 бала больш краіна набрала ў «Арганізацыі рынку і канкурэнцыі» і на 0,5 – у «Прыватнай уласнасці» і «Сацыяльным забеспячэнні». Нават Паўночная Карэя ў гэтым спісе вышэй (133-е месца) – ёй далі ажно два балы за «Сацыяльна-эканамічнае развіццё».

Крыху лепш справы ў Эрытрэі ў рэйтынгу палітычнай трансфармацыі BTI: 134-ы радок, то бок вышэй за Сірыю, Самалі і Емен, але ніжэй за Лівію і Саудаўскую Аравію (на першых трох – Уругвай, Эстонія і Тайвань, а Беларусь – на 94-м). Адразу шэсць пунктаў краіна атрымала за «Дзяржаўнасць» (гэта значыць яна не расклалася як Самалі), але за «Палітычную ўцягнутасць», «Вяршэнства закона», «Развіццё дэмакратычных інстытутаў» і «Палітычную і сацыяльную інтэграцыю» – ад 1 да 1,3 бала.

Па іншых індэксах Эрытрэя таксама сярод аўтсайдараў: на 168-м месцы ў спісе самых карумпаваных краін свету. У індэксе свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў» – на 174-м з 180 (Беларусь побач - 157-я). Амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House ацаніла Эрытрэю на 3 балы са 100 з пункту гледжання абароны правоў чалавека (беларускі рэжым недалёка адпоўз - мае 8 пунктаў).

Такія папярэднія вынікі праўлення Ісаяса Афеверкі – нязменнага прэзідэнта, які кіруе краінай з 1991 года. Так, у яго таксама ёсць вусы.

Афеверкі 77 гадоў, першы палітычны капітал зарабіў яшчэ ў 1960-х, калі стаў удзельнікам Фронту вызвалення Эрытрэі. У мінулым гэтыя землі ўваходзілі ў склад Асманскай імперыі, у канцы XIX стагоддзя сталі італьянскай калоніяй, а пасля Другой сусветнай дасталіся Эфіопіі. На працягу трох дзесяцігоддзяў народы, якія жылі на беразе Чырвонага мора, вялі баі з цэнтральным урадам, каб здабыць незалежнасць. Абодвум бакам дапамагалі з-за мяжы, прычым гэта рэдкі выпадак, калі на баку Эфіопіі былі адразу і СССР, і Ізраіль, якія не тое каб ладзілі.

У выніку кровапралітных баёў Эрытрэя атрымала права на рэферэндум аб незалежнасці. 99,83% прагаласавалі за аддзяленне. Плебісцыт праходзіў пад наглядам ААН, і тая хутка прызнала яго вынікі. Праз месяц парламент краіны абраў прэзідэнта – ім і стаў лідар Народнага фронту вызвалення Эрытрэі Ісаяс Афеверкі. Кіраўнік новай дзяржавы абяцаў рэформы і дэмакратыю. Меркавалася, што ў Эрытрэі прымуць канстытуцыю, пасля чаго пройдуць выбары прэзідэнта. Галоўны закон краіны сапраўды склалі, на паперы ён выглядаў цалкам ліберальна: падзел улад, абарона правоў чалавека і гэтак далей. Канстытуцыю зацвердзілі ў 1997-м, але яна да гэтага часу не ўступіла ў сілу.

Прэзідэнцкія выбары таксама не адбыліся – іх адклалі на нявызначаны тэрмін. А з 2001-га перастаў збірацца і парламент. Сёння ўся паўната ўлады належыць Афеверкі і ягоная партыі «Народны фронт за дэмакратыю і справядлівасць». Гэта адзіная легальная палітычная структура ў краіне – усе астатнія рухі забароненыя, нязгодных саджаюць у турмы, а незалежнай прэсы папросту няма.

З Эрытрэі бягуць не толькі футбалісты. Краіну (да 6,7 млн насельніцтва) пакінулі больш за паўмільёна чалавек

У 1998-м Афеверкі распачаў яшчэ адну вайну. Эрытрэя запатрабавала ад Эфіопіі перадаць спрэчныя прыгранічныя тэрыторыі. Баі ішлі каля двух гадоў, але мірную дамову падпісалі толькі ў 2018-м. У 2020-м у рэгіёне ўспыхнуў новы канфлікт, толькі на гэты раз былыя ворагі аказаліся саюзнікамі. У Эфіопіі ўзбунтавалася аўтаномія Тыграй, якая якраз прымыкае да Эрытрэі. Сепаратыстаў разграмілі коштам дзясяткаў тысяч жыццяў – першым чынам мірнага насельніцтва.

Армія Эрытрэі – прызыўная, прычым тэрміну службы не існуе. Салдат не ведае, калі вернецца дадому і ці вернецца ўвогуле. Прызыўны ўзрост – плаваючы: паставіць пад ружжо могуць нават падлетка, а ў 2021-м у разгар вайны з паўстанцамі ў Тыграі ў войска мабілізавалі ўжо звольненых са службы 55-гадовых мужчын. На стан здароўя таксама ніхто не глядзіць. Армія стала галоўнай працоўнай сілай у краіне – салдаты не толькі вучацца страляць, маршыраваць і абыходзіцца з тэхнікай, але таксама «служаць» на фермах, будоўлях і нават настаўнікамі ў школах. Грошай ім амаль не плацяць.

Абсалютнае бяспраўе мабілізаваных – адна з галоўных прычын шалёнай іміграцыі. Эрытрэя настолькі закрытая краіна, што мы дакладна не ведаем колькасці ейнага насельніцтва. Прыводзяцца адзнакі ад 3,6 млн (звесткі Сусветнага банка) да 6,7 млн (лічба Агульнага рынка Усходняй і Паўднёвай Афрыкі – мясцовага эканамічнага аб'яднання). Афіцыйнай статыстыкі няма. Затое ёсць іншыя пацверджаныя паказнікі: летась ААН налічыла 512,7 тысяч мігрантаў толькі па лініі ўпраўлення вярхоўнага камісара па справах уцекачоў. Яшчэ 79 тысяч запыталі прытулак у розных краінах: у 2022-м больш за ўсё зваротаў атрымалі ўрады Судана, Егіпта, Лівіі, Германіі, Уганды і Вялікабрытаніі.

Усяго ж, паводле звестак ААН, радзіму пакінулі каля 590 тысяч чалавек. Нават калі ўлічваць максімальную ацэнку насельніцтва Эрытрэі (6,7 млн), атрымаецца, што з краіны збеглі прынамсі 8,8% жыхароў. Калі ж арыентавацца на паказнікі Сусветнага банка, лічба яшчэ больш жахлівая – 16%. І гэта без уліку нелегальнай іміграцыі, якая не ўлічаная ў афіцыйных базах.

Фота: Wolfgang Diederich/http://imagebroker.com/; Gettyimages.ru/Abdulmonam Eassa; x.com/nattiyebio; East News/AP Photo/Bill Kostroun; РИА Новости/Павел Беднякоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты