Tribuna/Футбол/Блогі/Хто выйшаў на Еўра-2024, хто разыграе пуцёўкі праз плэй-оф, калі лёсаванне – галоўнае пра кваліфікацыю

Хто выйшаў на Еўра-2024, хто разыграе пуцёўкі праз плэй-оф, калі лёсаванне – галоўнае пра кваліфікацыю

Усё, што трэба ведаць.

22 лістапада, 12:16
Хто выйшаў на Еўра-2024, хто разыграе пуцёўкі праз плэй-оф, калі лёсаванне – галоўнае пра кваліфікацыю

Групавы этап кваліфікацыі Еўра-2024 скончыўся – вызначыліся 21 з 24 удзельнікаў галоўнага футбольнага турніру зборных у Еўропе.

Некаторыя факты пра адбор

• Толькі адна зборная скончыла кваліфікацыю са стоадсоткавым паказнікам – Партугалія. Каманда Раберта Марцінеса выйграла 10 матчаў з 10 з агульным лікам 36:2.

Блізкай да гэтага была і Францыя – аднак у апошнім туры згуляла ўнічыю 2:2 з Грэцыяй.

Рамелу Лукаку ўстанавіў рэкорд рэзультатыўнасці ў матчах адбору на Еўра. Дзякуючы покеру ў матчы з Азербайджанам у яго 14 галоў за турнір – і гэта пры тым, што ў ягонай групе было 8 матчаў, а не 10!

Лукаку абышоў ірландца Дэвіда Хілі і паляка Роберта Левандоўскага, якія ў адборы да Еўра-2008 і Еўра-2016 забілі па 13 мячоў.

Італія і Сербія без уліку розніцы паміж групамі з 8 і 10 матчамі набралі найменш пунктаў сярод каманд, якія выйшлі на Еўра-2024 напрамую - па 14.

Калі гэтую розніцу ўлічваць (г.зн. адсекчы ў груп з 10 матчамі вынікі з апошнім месцам), то ёсць толькі адна каманда з яшчэ горшым паказнікам – Швейцарыя, у якой такім чынам застаецца толькі 11 пунктаў.

Дарэчы, Фінляндыя і Казахстан у сваёй групе (таксама з 6 камандамі) і так набралі больш пунктаў, чым швейцарцы, – 18 супраць 17. Аднак абедзве зборныя будуць гуляць у плэй-оф.

• З удзельнікаў Еўра-2020 на Еўра-2024 ужо дакладна не згуляюць тры зборныя. Паўночная Македонія і Швецыя не прайшлі адбор, а Расію да адбору не дапусцілі.

• Затое плэй-оф праз Лігу нацый падарыў магчымасць таго, што з групы J кваліфікацыі на Еўра могуць выйсці адразу 5 каманд.

Люксембург, Ісландыя і Боснія і Герцагавіна маюць пуцёўкі ў плэй-оф. Прычым Ісландыю лёсаванне можа адправіць у Шлях А – Боснія і Люксембург ужо мелі гарантаваныя месцы ў шляхах B і C адпаведна. У такім выпадку тром зборным дастаткова проста прайсці іншых.

Малаверагодна, але магчыма!

• Зборная Эстоніі выйшла ў плэй-оф, набраўшы толькі адзін пункт на групавым этапе кваліфікацыі. Гэта антырэкорд – да гэтага ён належаў Беларусі, якая ў мінулым адборы выйшла ў плэй-оф з чатырма пунктамі.

Звязаны ён з тым, што УЕФА паміж адборамі пашырыла дывізіёны А і В з 12 каманд да 16 – адбалансаваўшы наймацнейшыя каманды з дывізіёна D у вышэйшыя.

Што там па плэй-оф?

Нарэшце вядомы поўны склад удзельнікаў – усе 12 каманд. Невядома пакуль, з кім будуць гуляць Фінляндыя, Украіна і Ісландыя – гэта вырашыць лёсаванне 23 лістапада ў 13:00 па мінскім часе.

Тады ж, 23 лістапада, лёсаванне вызначыць і гаспадароў фіналаў плэй-оф. Усяго на 12 каманд ёсць толькі тры пуцёўкі.

А што там па асноўным турніры?

Сам Еўра-2024 пройдзе з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў Германіі на 10 стадыёнах – у Берліне, Мюнхене, Дортмундзе, Штутгарце, Гельзенкірхене, Франкфурце, Гамбургу, Кёльне, Дзюсельдорфе і Лейпцыгу.

Лёсаванне групавога этапа турніру адбудзецца 2 снежня 2023 года ў 19:00 па Мінску ў Гамбургу. Кошыкі ўжо вядомыя.

Фармат турніру такі ж, як і ў 2016 і 2020 гадах – шэсць груп па чатыры каманды, у 1/8 фіналу выходзяць першыя два месцы і чатыры з шасці найлепшых трох.

Фота: Panoramic/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты