Tribuna/Футбол/Блогі/Параза «Сіці» ад «Астан Вілы» – унікальная для Гвардыёлы. Так безапеляцыйна ён яшчэ не саступаў

Параза «Сіці» ад «Астан Вілы» – унікальная для Гвардыёлы. Так безапеляцыйна ён яшчэ не саступаў

Вось доказы.

7 снежня, 13:45
Параза «Сіці» ад «Астан Вілы» – унікальная для Гвардыёлы. Так безапеляцыйна ён яшчэ не саступаў

Галоўная сенсацыя 15-га тура АПЛ – параза дзейнага чэмпіёна «Манчэстэр Сіці» ў Бірмінгеме. Мясцовая «Астан Віла» абгуляла каманду Пепа Гвардыёлы 1:0.

Не, сенсацыя не ў ліку і не ў самім факце паразы. Усё ж «Астан Віла» ў гэтым сезоне выступае на ўзроўні каманд ЛЧ і заслужана займае месца ў топ-4 АПЛ. Гэта ўжо не звыклы серадняк, як раней.

Сенсацыя ў тым, якую гульню паказаў «Сіці» на «Віла Парк». «Гараджане» згулялі нечакана бяззуба ўперадзе і нікчэмна ў абароне адначасова. Настолькі, што гэтая гульня стала ці не найгоршай для Гвардыёлы ў трэнерскай карʼеры.

Вось ключавыя статыстычныя факты, якія сведчаць пра гэта:

🔹 Статыстыка ўдараў па варотах 22:2 на карысць бірмінгемцаў.

Па звестках партала Opta, каманды Пепа яшчэ ніколі не білі так мала і не дапускалі так шмат удараў па сваіх варотах за адзін матч чэмпіянату.

Ні ў «Барселоне», ні ў «Баварыі», ні раней у «Ман Сіці» такіх паказнікаў у Пепа проста не было.

🔹 Уражвае, як «Астан Віла» нейтралізавала суперніка, перацягнуўшы ролю дамінатара на сябе. Настолькі, што за перыяд пасля 11-й хвіліны сустрэчы і да фінальнага свістка паказнік xG у манкуніянцаў – літаральна 0.00.

Агульны ж xG каманды Пепа ў гэтым матчы складае 0.5 па падліку WyScout, які госці нагулялі у тыя самыя першыя 11 хвілін. Неверагодна. У «Астан Вілы» 2,73, што кажа, што «Ман Сіці» вельмі пашчасціла атрымаць усяго 0:1.

🔹 «Астан Віла» была надзіва эфектыўная ў сваім контрпрэсінгу. Настолькі, што за матч 13 разоў вяртала сабе мяч у фінальнай трэці поля.

І гэта таксама найвялікшы паказнік, якога калі-небудзь дасягаў супернік «Манчэстэр Сіці» ў матчы АПЛ з таго часу, як манкуніянцаў узначальвае Гвардыёла.

🔹 Гэтая перамога для Унаі Эмеры асаблівая яшчэ і тым, што ён упершыню адолеў Пепа Гвардыёлу. З 14-й спробы.

Ні на чале «Валенсіі» (10 матчаў), ні на чале «Арсенала» (2 матчы), ні раней на чале «Астан Вілы» (1 матч) яму ніяк не ўдавалася выйграць у каманды Пепа.

🔹 У дадатак да такога фантастычнага перфомансу «Астан Віла» яшчэ і абышла «Сіці» ў табліцы. Цяпер бірмінгемцы на трэція (32 пункты), а манкуніянцы апусціліся на чацвёрты радок (30 пунктаў).

Рэгрэс актуальных чэмпіёнаў у табліцы – вынік бязвыйгрышнай серыі ў чэмпіянаце. Апошні раз «гараджане» перамагалі ў АПЛ яшчэ месяц таму, калі 4 лістапада знішчылі «Борнмут» 6:1.

Пасля гэтага былі нічыі з «Чэлсі» (4:4), «Ліверпулем» (1:1) і «Тотэнхэмам» (3:3). І вось цяпер дадалася параза, якая стала ўжо трэцяй для «Сіці» ў гэтай АПЛ. У той час як за ўвесь мінулы чэмпіёнскі сезон іх было ўсяго пяць.

На сёння адставанне ад першага «Арсенала» складае шэсць пунктаў.

🔹 Пасля настолькі правальнага матча на «Віла Парк» Гвардыёле не засталося нічога, акрамя як прызнаць – супернік быў мацнейшы за ягоную каманду. Але дадаў, што на такое выступленне паўплывала адсутнасць Родры, што яшчэ раз падкрэсліла значнасць апорніка для цяперашніх манкуніянцаў:

«Яны гулялі лепш. У першым тайме мы былі статычнымі пры валоданні мячом, у другім стала значна, значна лепш, і шанцы ў нас былі, аднак не ўдавалася своечасова зрабіць пас ці правільны рух.

Мы прапусцілі пасля рыкашэта, але і ў нас 4-5 галоў пасля рыкашэта, таму што ёсць – то ёсць. Трэба прыняць, што «Астан Віла» была лепшай і пераходзіць да матча з «Лутанам».

Родры – важны гулец, але нам трэба знаходзіць спосаб перамагаць і без яго.

Мы адстаём на шэсць пунктаў. Хацелася б лідараваць, але мы тройчы згулялі ўнічыю і прайгралі сёння. За гэтыя гады мы навучыліся знаходзіць спосаб перамагчы, але цяпер у нас праблемы з гэтым, трэба адшукаць рашэнне. Гэта мая праца.

Калі супернік мацнейшы, трэба гэта прызнаваць».

Фота: talksport.com

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты