Tribuna/Футбол/Блогі/Месі не такі ўжо і добры хлопчык: аўтарытарызм у раздзявальні, абразы супернікаў на поле і па-за ім

Месі не такі ўжо і добры хлопчык: аўтарытарызм у раздзявальні, абразы супернікаў на поле і па-за ім

«Яго сапраўдная асоба выйшла наверх».

16 снежня, 02:15
Месі не такі ўжо і добры хлопчык: аўтарытарызм у раздзявальні, абразы супернікаў на поле і па-за ім

З першых гадоў у дарослым футболе Лiянеля Месі ўспрымалі як такога залатога хлопчыка, які не кажа лішняга, а на поле не стане нікога чапаць, бо для гэтага ёсць партнёры. Аднак у рэальнасцi за ціхім хлопцам хаваўся ценявы дыктатар. Ды і на полі за апошнія сезоны мы ўбачылі ад Леа не адзiн учынак, якi дакладна не назавеш высакародным. Гэта не добра і не дрэнна, проста вобраз Месі становіцца больш суцэльным.

«Маленькі дыктатар»: Ліянель уладкоўваў ціхі аўтарытарызм у раздзявальні

«Месі – дыктатар. Але калі вы найлепшыя ў свеце ў нейкім кампаненце, то павінны быць крыху дыктатарам», – казаў у сваім інтэрв'ю Ёхан Кройф. Легенда «Барселоны» цудоўна ведаў, пра што кажа, бо сам Кройф, будучы футбалістам, таксама дазваляў сабе больш за іншых.

Пра тое, што Ліянель можа дыктаваць свае ўмовы клубу, упершыню загаварылі з прыходам у «Барсу» Златана Ібрагiмавiча ў 2009-м. Леа не падабалася роля на фланзе, а яшчэ даводзілася дзяліцца са шведам галамі, увагай медыя і ўсім іншым, што атачае суперзорку. Вядома, ніхто ніколі прама не скажа, што Златан сышоў з-за Месі, але гісторыя, калі гульцы, якія не знайшлі агульную мову з Леа, сыходзілі з клуба, паўтаралася неаднаразова.

Таксама ў «Барселону» запрасілі Херарда Марціна, якога мала хто мог бы назваць топ-трэнерам, але яны з Месi абодва з Расарыа. Усе чуткі пра тое, што гэта крэатура асабіста Месі, абвяргаліся, але зараз у «Інтэры» з Маямі яны зноў разам. «Я не ведаю падрабязнасцяў перамоў, але ўпэўнены, што [бацька Лiянеля] Хорхе і Леа аказалі пэўны ўплыў на маё прызначэнне. Упэўнены, у іх пыталіся меркавання», – казаў коўч у 2013-м пасля прызначэння.

Херарда праваліў сезон з «Барселонай», узяўшы толькі Суперкубак. Пасля звальнення ён адразу прыняў зборную Аргенціны, дзе зноў працаваў з Леа – і зноў запомніўся толькі балючымі паразамі ў фіналах Кубка Амерыкi. Казалі, што Месі нават уплываў на склад «Барсы» і Аргенціны пры Марціна, але прамых доказаў, вядома, не было. Акрамя таго, Марціна даўно сябраваў з Сандра Роселем, які тады быў прэзідэнтам каталонцаў.

У канцы 2013-га віцэ-прэзідэнт «Барселоны» Хаўер Фаўс публічна выказаўся, што няма сэнсу падвышаць заробак Лiянелю кожныя паўгода. «Фаўс – чалавек, які нічога не разумее ў футболе, ён хоча кіраваць клубам як вытворчасцю», – адказаў яму Месі. Ужо праз некалькі месяцаў у Леа быў новы кантракт, а Фаўс публічна прасіў прабачэння.

У 2014-м разгарэўся скандал паміж гульцамi зборнай Аргенцiны Маўра Ікардзі і Максі Лопесам, калі Маўра ўвёў жонку ў старэйшага таварыша. Канешне, сітуацыя непрыемная, але і не такое даравалі. Аднак Максі сябраваў з Леа – а Iкардзi амаль перасталi выклiкаць у зборную. Свой апошні матч за «албіселесце» Маўра згуляў у 2018-м, i нават добрая форма не давала яму шанцаў вярнуцца. Перад ЧС-2018 Эрнан Крэспа казаў, што канфлікт з Месі пазбаўляе каманду выдатнага форварда, але гэта нічога не змянiла.

«Размовы пра тое, што я не хачу бачыць Ікардзі, – поўная хлусня. Як і тое, што ўплываю на вызначэнне складу. Я ніколі не перашкаджаў выкліку Ікардзі ў зборную. Я не кірую камандай і не прымаю падобных рашэнняў», – адказваў Месі на ўсе прэтэнзii.

У студзені 2017-га «Барса» звольніла дырэктара Перэ Гратакаса пасля таго, як ён асмеліўся публічна сказаць наступнае: «Барселона» – гэта не толькі Месі. Без Неймара, Суарэса, Іньесты і іншых футбалістаў ён не быў бы такі добры». У кіраўніцтве клуба паведамілі, што словы Перэ не з'яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй «Барсы».

У 2020-м Месi адкрыта наехаў на тагачаснага спартдыра Эрыка Абідаля, які публічна крытыкаваў гульцоў «Барселоны». Аргенцінец выклаў сторыс, дзе выказаў сваю незадаволенасць тым, што на яго вешаюць занадта шмат клубных праблем.

Пра Месі казалі, што ён ціхі дыктатар, зрэдку праяўляе сябе на людзях, але ў калектыве вельмі жорстка адстойвае ўласныя інтарэсы.

Месі часта лютуе на полі і за яго межамі

У сваім прайме Ліянель вельмі рэдка трапляў на дысцыплінарныя пакаранні, хаця на ім шмат фалілі. Але чым бліжэй да заканчэння кар'еры, тым больш агрэсіўна аргенцінец паводзіць сябе на полі.

У 2011-м Месі пабіўся ў распранальні з ветэранам зборнай Нікаласам Бурдыса. Леа не спадабалася, што той не аддаў на яго пас, а экс-гулец «Інтэра» ўставіў маладой зорцы за нежаданне змагацца. Разнімаць давялося Хаўеру Дзанеці.

Пасля паўфіналу Кубка Iспанii з «Рэалам» у 2013-м Месі назваў памочніка галоўнага трэнера мадрыдцаў «лялькай Маўрынью», а затым на стаянцы абазваў абаронцу «сметанковых» Альвара Арбелоа ідыётам пры яго жонцы.

У 2019-м на Кубку Амерыкi ў Леа адбылося сутыкненне з чылiйцам Гары Медэлем. Выдалілі абодвух, але пасля гэтага Леа прайшоўся па канфедэрацыi паўднёваамерыканскага футбола (КОНМЕБОЛ) – быццам бы яна рабіла ўсё для перамогі Бразіліі.

На ЧС-2022 перад матчам з Нідэрландамі Леа падалося, што трэнер супернiкаў Луi ван Гал без павагі ставіцца да аргенцiнцаў. Пасля забітага пенальці Месі адсвяткаваў гол, гледзячы на лаву запасных суперніка – у стылі Хуана Рыкельме, у якога быў даўнi канфлікт з ван Галам. Пасля матча Ліянель зноў пайшоў да лавы запасных, дзе намагаўся нешта даказаць «цюльпанаваму генералу» і яго памочніку Эдгару Давідсу. Ужо даючы інтэрв'ю, Месі патрапіў у загалоўкі ўсіх сусветных СМІ, калі сказаў у адрас Ваўта Вегорста: «На што глядзіш, прыдурак? Ідзі адсюль».

На тым жа турніры адбыўся эпізод з Робертам Левандоўскім. У канцы матча Аргенціна – Польшча Леа двойчы абыграў Роберта, пасля чаго паляк сфаліў. Левандоўскі адразу ж паспрабаваў папрасіць прабачэння ў Леа, але той нават не зірнуў у яго бок. Пасля фінальнага свістка паляк спрабаваў пагаварыць з аргенцінцам, але той з незадаволеным тварам толькі штосьцi прашаптаў Роберту на вуха.

У нядаўнім паядынку супраць Уругвая Месі ўзяў за горла Мацiяса Алівейру. Пасля гульні Леа расказваў, што вельмі паважае зборную Уругвая, але маладым гульцам варта больш паважаць старэйшых.

Праз некалькі дзён Аргенціна гуляла супраць Бразіліі, а на пачатку матча ледзь не пачалася масавая бойка. Аргенціна сышла з поля з-за паводзін бразільскай паліцыі і заўзятараў, а калі вярнулася, то Радрыга назваў іх баязліўцамі. Месі гэта настолькі не спадабалася, што ён узяў за шыю i гэтага маладога форварда.

Экс-гулец «ПСЖ» Жэром Ратэн лічыць, што аргенцінец змяніўся пасля перамогі на ЧС.

«У Месі раней быў вобраз мілага хлопца, але цяпер ён змяніўся, яго сапраўдная асоба выйшла наверх, і ўсе яе ўбачылі. Сёння ты нават не можаш да яго дакрануцца. Як толькі нехта закранае яго, ён кажа: «Гэй, я чэмпіён свету», – кажа Ратэн.

У МЛС у Леа яшчэ не было вялікіх канфліктаў, але некаторыя трэнеры і заўзятары адзначаюць, што Месі можа дзейнiчаць груба, бо арбітры глядзяць на гэта скрозь пальцы – напрыклад, у матчы з «Арланда» нагуляў на выдаленне, але яго не адбылося.

Здаецца, з гадамі аргенцінец стаў больш агрэсіўным на полі, але і на працягу кар'еры ён анёлам дакладна не быў.

Фота: Global Look Press/Leco Viana/Panoramic, Joel Marklund/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты