Tribuna/Футбол/Блогі/Год таму ён прынёс Аргенціне перамогу на ЧС, а сёння не гуляе і сведчыць па справе аб згвалтаванні

Год таму ён прынёс Аргенціне перамогу на ЧС, а сёння не гуляе і сведчыць па справе аб згвалтаванні

Нестабільны 2023 для Гансала Манцьеля.

19 снежня, 04:39
Год таму ён прынёс Аргенціне перамогу на ЧС, а сёння не гуляе і сведчыць па справе аб згвалтаванні

Гансала Манцьель з дзяцінства вастрыў удары з пенальці. Звычайна да 11-метровай адзнакі падыходзяць форварды або паўабаронцы, але ў «Рывер Плейт» некалькі гадоў таму разгледзелі цікавы талент свайго правага абаронцы. У перыяд са снежня 2020-га па травень 2021-га Манцьель рэалізаваў 5 з 5 пенальці ў складзе аргенцінскага клуба. Таму калі Гансала ішоў біць у серыі пенальці з Нідэрландамі на ЧС-2022, аргенцінскія фаны ведалі, што на яго можна разлічваць не менш, чым на Ліянеля Месі.

Але ўвечары 18 снежня 2022 года на плечы абаронцы ўпала вялікая адказнасць - ён ішоў выконваць чацвёрты пенальці ў серыі фінальнага матчу чэмпіянату свету, у якім Аргенціна гуляла супраць Францыі. Лік 3:2 на карысць аргенцінцаў, калі Манцьель заб'е, упіша сваё імя ў гісторыю краіны. Тут у любога ногі будуць дрыжаць.

Але не ў Гансала. 4-ы нумар уразіў сваім спакоем і стрыманасцю - прабіў нізам і развёў мяч з Льярыса па розных кутах.

Ён стаў другім у гісторыі футбалістам, хто сваім ударам у серыі пенальці паставіў кропку ў розыгрышы галоўнага турніру планеты. Да аргенцінца толькі Фабіа Гроса (дарэчы, таксама абаронца), які рэалізаваў вырашальны ўдар у серыі пенальці на ЧС-2006, мог пахваліцца такім.

Хто б мог падумаць, што праз год 26-гадовы Манцьель будзе футбалістам без гульнявой практыкі, які можа вярнуцца ў Паўднёвую Амерыку. Але гэта не адзіны галаўны боль аргенцінца ў 2023-м.

У чэрвені даваў паказанні па справе пра згвалтаванне ў сваім доме. Ахвяра вінаваціла Манцьеля ў тым, што ён пра яе не паклапаціўся

Праз некалькі месяцаў Гансала зноў трапіў у загалоўкі газет і выданняў. Праўда, па нефутбольных прычынах. У чэрвені Манцьель даваў паказанні па справе аб згвалтаванні мадэлі ў яго дома.

Гэтая справа цягнецца яшчэ з 2019-га, калі 1 студзеня тады яшчэ гулец «Рывер Плейт» зладзіў у сябе ўдома вечарынку з нагоды свайго дня нараджэння. Сярод гасцей была дзяўчына, якую Гансала запрасіў на свята, каб пазнаёміць з сям'ёй і блізкімі.

Юрыст, які абараняе ейныя правы, сцвярджае, што ягоная падабаронная не ўжывае алкаголь, але на той вечарынцы, паспрабаваўшы пару напояў, «цалкам страціла прытомнасць». Юрыст адзначае, што пасля згвалтавання дзяўчыну выкінулі з дому, а сама яна «не ведае, колькі людзей удзельнічала ў гвалце» і «не ведае, як яна патрапіла дадому». Таксама бок абвінавачання заявіў, што ахвяра атрымлівала пагрозы ад атачэння гульца, у прыватнасці ад маці Гансала.

Сам футбаліст дыстанцыяваўся ад абвінавачанняў і адзначыў, што дзяўчына правяла час у кампаніі аднаго з ягоных сяброў – Акосці Алексіса.

«Маці і сябры расказалі мне, што яна крычала і казала, што гэта мая віна, таму што я не паклапаціўся пра яе. Я не зразумеў, што яна мела на ўвазе. Мне сказалі, што Алексіс павёз яе дадому, а да гэтага яны разам былі ў машыне майго бацькі, якая была прыпаркаваная побач з домам», – паведаміў футбаліст.

Цяпер ніякай новай інфармацыі па гэтай справе няма, але зразумела, што кропка тут яшчэ не пастаўлена.

Прынёс «Севільі» перамогу ў Лізе Еўропы – зноў ударам у серыі пенальці. Але пайшоў у «Нотынгем», дзе не трапляе нават у заяўку

У прамежку паміж фіналам ЧС і сведчаннямі па справе пра згвалтаванне ў кар'еры Гансала адбыўся яшчэ адзін прыемны момант. Тут цяжка ўтрымацца ад аналогій з вырашальным снежаньскім матчам у Катары.

«Севілья» вельмі дрэнна ішла ў чэмпіянаце, фінішаваўшы ў выніку 12-й. Але традыцыйна запаліла ў сваёй любімай Лізе Еўропы. Андалусійскі клуб дайшоў да фіналу, дзе сустракаўся з «Ромай». У асноўны час 1:1 – і зноў серыя пенальці. І зноў Манцьеля прызначылі біць чацвёртым. І зноў ён ішоў да адзнакі ў сітуацыі, калі ягоны ўдар мог прынесці камандзе трафей. І зноў ён адправіў мяч у левы бок, а брамніка – у правы.

Бягучы сезон Гансала пачаў у «Севільі», зноў рэалізаваў пенальці ў матчы за трафей (біў чацвёртым у серыі супраць «Сіці» ў Суперкубку, рэалізаваў, але на гэты раз ягоная каманда прайграла), аднак у канцы жніўня пакінуў клуб. Яшчэ ў мінулым сезоне аргенцінец быў гульцом, хто пераважна пачынае матчы з лавы. Нягледзячы на гісторыю з абвінавачваннямі, улетку «Нотынгем Форэст» рызыкнуў узяць Манцьеля ў арэнду з «Севільі». Гэтым рашэннем клуб выклікаў незадаволенасць у англійскіх СМІ і сярод некаторых заўзятараў.

Нягледзячы на тое, што галоўны трэнер «Нотынгема» Стыў Купер у жніўні заяўляў, што шчаслівы мець ў складзе чэмпіёна свету, сёння Гансала не заўсёды трапляе нават у заяўку. Варта адзначыць, што ў яго ажно тры самавітых канкурэнта па пазіцыі - Ола Айна, Серж Ар'е і Нека Уільямс. У апошні раз Манцьель выходзіў на поле ў пачатку кастрычніка – замяніў Ар'е ў перапынку матчу з «Крыстал Пэлас», але не ўразіў Купера. З тых часоў яго максімум - два трапленні ў заяўку на матчы АПЛ.

Пры гэтым футбаліста працягваюць выклікаць у зборную Аргенціны, ён нават атрымаў 35 хвілін у матчы кваліфікацыі ЧС-2026 супраць Перу ў кастрычніку. Аднак усё ж часцей Манцьель сядзіць на лавачцы і ў нацыянальнай камандзе.

Цяпер «Севілья» зноў перажывае крызіс, але карыстацца паслугамі Гансала клуб не збіраецца. Прыярытэт – знайсці яму новую каманду, а яшчэ лепш – прадаць. Сярод варыянтаў працягу кар'еры фігуруюць «Рывер Плейт» і бразільскі «Фламенгу». Што цікава, калі верыць інсайдам, гулец больш схіляецца да другога варыянту, хаця спадзяецца, што атрымае прапанову ад еўрапейскага клуба.

Вырашэнне гэтага пытання хутчэй за ўсё адбудзецца ўжо ў студзені. А пакуль Гансала прыгадвае, што рабіў роўна год таму, і адпачывае са сваёй дзяўчынай Карынай. Нядаўна яны аб'явілі, што хутка ў іх народзіцца дзіця.

Фота: Gareth Evans / Global Look Press, Tom Weller / Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты