Tribuna/Футбол/Блогі/Boxing Day у англійскім футболе: што гэта такое, адкуль пайшла традыцыя, чаму дагэтуль яе не адмянілі

Boxing Day у англійскім футболе: што гэта такое, адкуль пайшла традыцыя, чаму дагэтуль яе не адмянілі

І чаму для нас гэта не адзін дзень, а ўвесь перыяд у канцы года.

26 снежня, 13:05
Boxing Day у англійскім футболе: што гэта такое, адкуль пайшла традыцыя, чаму дагэтуль яе не адмянілі

Англійская прэм'ер-ліга – любімы чэмпіянат мільёнаў заўзятараў ва ўсім свеце. Відовішчнасць, непрадказальнасць, колькасць зорных футбалістаў і трэнераў і непаўторная атмасфера на трыбунах робяць АПЛ самай папулярнай топ-лігай, якая ў калядны перыяд мае сваю разыначку – Boxing Day.

Што такое Boxing Day: экскурс у семантыку і гісторыю

Па-першае, Boxing Day у перакладзе з англійскай – дзень падарункаў. Гэта такі сабе bank holiday (выхадны дзень) на наступны дзень пасля Калядаў, які ў Злучаным Каралеўстве адзначаюць 26 снежня, калі большасць устаноў не працуюць, а супрацоўнікі гэтых устаноў атрымліваюць асалоду ад яшчэ аднаго непрацоўнага дня.

Упершыню тэрмін «Boxing Day» з'явіўся ў «Пасмяротных запісках Піквікскага клуба» – першым рамане Чарлза Дзікенса ў 1833 году. Аднак нацыянальным выхадным 26 снежня стала праз 38 гадоў, калі ў 1871-м яго абвясціла Каралева Вікторыя. Да гэтага часу існуе некалькі розных версій, чаму гэты дзень наогул з'явіўся ў англійскім календары, але самая распаўсюджаная з іх сімвалізуе перыяд, калі працадаўцы ўзнагароджвалі сваіх працаўнікоў каляднымі падарункамі ў каробках ці скрынках.

Чаму АПЛ цяпер галоўная падзея на Boxing Day

Нягледзячы на тое, што Boxing Day – гэта дзень падарункаў, 26 снежня ў Вялікабрытаніі прэзентамі ніхто не абменьваецца (магчыма, толькі калі Каляды пайшлі не па плане), а з 1958 года гэты тэрмін набыў новае значэнне.

З тых часоў Boxing Day асацыюецца са спортам, бо на Астравах на калядны перыяд прыпадаюць матчы прафесійных ліг па футболе, крыкеце, рэгбі і іншым відам спорту. Відавочна, што больш за ўсё ўвагі прыцягвае футбол, таму часцей за ўсё брытанцы адпраўляюцца на стадыёны або збіраюцца з сем'ямі ля экранаў тэлевізараў, каб падтрымаць любімыя каманды.

Цяапер усе загалоўкі, аднак, «крадзе» АПЛ, бо матчы самай папулярнай лігі свету – хайлайт для ўсіх футбольных фанатаў, якія адпачываюць у перыяд паміж каляднымі і навагоднімі святамі.

Насамрэч, Boxing Day – усяго адзін дзень у календары і, адпаведна, адзін тур прэм'ер-лігі, але для фанатаў не са Злучанага Каралеўства гэтае паняцце сімвалізуе ўсю інтэнсіўную фазу матчаў чэмпіянату, якія адбываюцца ў канцы снежня-пачатку студзеня. На працягу шасці-сямі дзён любы клуб АПЛ можа згуляць тры матчы. Гэты перыяд лічыцца адным з вырашальных у далейшай барацьбе ў турнірнай табліцы.

Перыяд канца года ў АПЛ – сур'ёзная нагрузка на футбалістаў і клубы ў цэлым. Чаму Boxing Day так і не адмянілі

У той час, калі большасць гульцоў, якія выступаюць за клубы іншых чэмпіянатаў, адпачываюць, футбалісты АПЛ працягваюць гуляць – ды яшчэ і ў шалёным рэжыме.

У прэм'ер-лізе Юрген Клоп і Пеп Гвардыёла пацвердзілі статус самых зорных і адных з найлепшых трэнераў сучаснасці, але менавіта яны былі найбольш незадаволенымі суворым пераднавагоднім графікам. Абодва аргументавалі раздражненне здароўем футбалістаў – маўляў, тыя не паспяваюць аднаўляцца, з-за чаго трэба звяртацца да сур'ёзнай ратацыі, а гэта патэнцыйная пагроза выніку.

Пытанні лагістыкі трэнеры таксама лічылі (і, хутчэй за ўсё, да гэтага часу лічаць) праблемным момантам.

Нягледзячы на незадаволенасць Клопа, Гвардыёлы ці якіх заўгодна іншых спецыялістаў, а таксама размовы пра патэнцыйную адмову ад традыцый, якія хадзілі ў 2018-м, Boxing Day у АПЛ ніхто адмяняць не збіраецца. Па-першае, гэта сапраўднае свята для мясцовых заўзятараў (на якіх клубы ў тым ліку зарабляюць грошы), па-другое, гэта надзвычай важная дзея для транслятараў – тут гаворка ідзе ўжо пра значна большыя сумы.

Цікавыя факты і гісторыі пра Boxing Day у англійскім футболе

Традыцыя прагляду футбольных матчаў на дзень падарункаў распачалася яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, але тады, праўда, матчы праходзілі проста на Каляды. Гульні ставілі на 25 снежня з-за нуды – што рабіць, калі святочную індычку ўжо ўмялі і перасварыліся са сваякамі? Футбольныя матчы дапамагалі цудоўна правесці час.

Першы матч у англійскім футболе, які згулялі на Каляды, адбыўся ў 1889-м, калі «Прэстан» сустракаўся з «Астан Вілай» (гэта як матч паміж «Ман Сіці» і «Ліверпулем» сёння). Менавіта тады і распачалася традыцыя прызначэння цікавых матчаў паміж моцнымі камандамі (але якія геаграфічна знаходзяцца недалёка адна ад адной) на святочны перыяд.

Са з'яўленнем буму на Boxing Day здаралася і такое, што каманды гулялі тры дні запар. У пачатку мінулага стагоддзя супрацьстаянні, якія адбываліся 25 і 26 снежня, складаліся з двух матчаў. У 1913-м «Ліверпуль» выйграў у «Сіці» ў дзень Калядаў, на наступны дзень прайграў матч у адказ, а ўжо 27 снежня згуляў унічыю з «Блэкбернам» 3:3 (калі ласка, не паказвайце гэта Клопу і Гвардыёле).

У канцы 1950-х матчы ў дзень Калядаў сталі выглядаць усё менш лагічнымі, бо многія працаўнікі ў многіх сферах атрымлівалі законны выхадны (у тым ліку – кіроўцы аўтобусаў, якія вазілі заўзятараў на матчы), таму фанаты не маглі разлічваць, што будуць усім забяспечаны. Boxing Day цалкам прыняў на сябе футбольны складнік і з тых часоў з'яўляецца неад'емнай традыцыяй англійскага чэмпіянату.

Вы, мабыць, дакладна ведаеце, што самае яскравае 26 снежня ў англійскім футболе адбылося ў 1963-м, калі каманды за адзін дзень накалацілі 66 (!) галоў.

«Вэст Бромвіч» – каманда, якая правяла найбольшую колькасць матчаў у дзень падарункаў у гісторыі (105), у той час як «МЮ» зарабіў найбольшую колькасць пунктаў – 171.

Найвыніковейшы матч менавіта ў гісторыі АПЛ (ліга, якую афіцыйна заснавалі ў 1992-м) адбыўся ў 2021-м, калі «Сіці» перамог «Лестэр» 6:3.

А найлепшы бамбардзір у Boxing Day за ўвесь час існавання прэм'ер-лігі – Хары Кейн. Цікава, што ён устанавіў рэкорд летась, вызначыўшыся ў вароты «Брэнтфарда». Гэта быў яго 10-ы гол (папярэдні рэкардсмен – легенда «Ліверпуля» Робі Фаўлер).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты