Tribuna/Футбол/Блогі/Абаронца, які выступае за «Лех», прынёс перамогу зборнай Беларусі U-17 над Польшчай. Вы дакладна ведаеце яго бацьку

Абаронца, які выступае за «Лех», прынёс перамогу зборнай Беларусі U-17 над Польшчай. Вы дакладна ведаеце яго бацьку

Валерый Бахно працягвае дапамагаць беларускаму футболу.

Аўтар — Pam-pam
24 сакавіка, 10:38
Абаронца, які выступае за «Лех», прынёс перамогу зборнай Беларусі U-17 над Польшчай. Вы дакладна ведаеце яго бацьку

23 сакавіка юнацкая зборная Беларусі (U-17) у межах элітнага раўнда кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы перамагла аднагодак з Польшчы 1:0. Адзіны гол у сустрэчы на 7-й хвіліне забіў цэнтральны абаронца Мацвей Бахно.

16-гадовы футбаліст, які цяпер выступае за моладзевую каманду U-19 познаньскага «Леха», з'яўляецца сынам Валерыя Бахно, чыя асоба ў футбольнай гісторыі Беларусі шчыльна звязана з футбольным «Гранітам» з Мікашэвічаў.

Валерый разам з родным братам Андрэем спачатку разам гулялі за мікашэвіцкую каманду, а потым кіравалі ёю. Старэйшы Валерый трэнаваў, а малодшы Андрэй быў дырэктарам. Сямейнаму тандэму двойчы ўдавалася вывесці правінцыйны клуб у эліту беларускага футболу.

Першы раз гэта адбылося ў далёкім 2007-м. У свой час Мікіта Мелказёраў апісваў каманду, у якой тады бліскаў цяперашні трэнер «Партызана» (Д3) Мікалай Януш, як «нястрымна брутальны калектыў, чые яйкі былі бачныя ажно з Віцебска». Праўда, на адных сімпатыях далёка не зʼедзеш, таму пасля аднаго сезона ў вышцы «Граніт» адправіўся назад у свой мінор.

Другая спроба скарыць вышэйшую лігу атрымалася больш яскравай. У 2014-м «Граніт» упэўнена выйграў Д2, а ў новым сезоне ў эліце быў адным з прэтэндэнтаў на еўракубкі, але адстаў ад чацвёртага месца на адзін пункт. Ну а ў наступны год на фоне крызісу каманда праз праблемы з фінансамі ўкамплектавалася па рэшткавым прынцыпе і лагічна вылецела з першага дывізіёна.

Бахно-старэйшы паступова адыходзіў ад спраў «Граніта» – у 2017-м ён перакваліфікаваўся ў асістэнта, а праз год увогуле перабраўся ў Польшчу, дзе да таго часу ўжо год жыла яго жонка з сынамі Мацвеем і Серафімам. Хлапчукам, якія ў свой час займаліся ў брэсцкім ЦАРы, прапанавалі перабрацца ў варшаўскую акадэмію «Дэльта». Сам жа Бахно знайшоў у «Дэльце» працу – ён быў уключаны ў спіс трэнераў, якія працавалі з гульцамі 2004 года нараджэння. Дарэчы, менавіта ў гэтай акадэміі пачынаў займацца зорка польскага футбола Роберт Левандоўскі.

У ліпені 2019-га зʼявілася інфармацыя, што Бахно вярнуўся ў «Граніт» на ролю в.а. галоўнага трэнера, але ўжо ў верасні клуб абʼявіў пра падпісанне кантракта з Аляксандрам Вопсевым.

У 2020-м Валерый Бахно праводзіў трэніроўкі на базе спартовага клуба Polonia Środa Wielkopolska. Цяпер жа імя трэнера можна знайсці на сайце спартыўнага клуба Śrem, праўда, старонка праекта не абнаўляецца з лета 2023-га.

Што тычыцца Андрэя Бахно, то ён доўгі час заставаўся ў Мікашэвічах, хаця ў нейкі момант яго імя знікла з сайта каманды. Няма згадак пра яго і сёння. Апошні артыкул пра спецыяліста датаваны красавіком 2021-га – тады Бахно-малодшы абвяргаў чуткі пра ліквідацыю каманды.

Пасля дзвюх гульняў у элітным раўндзе ЧЕ каманда Дзмітрыя Караткевіча з трыма пунктамі займае другі радок у групе. 26 сакавіка беларусы згуляюць з Босніяй і Герцагавінай (яшчэ акрамя Польшчы ў групе выступае Чэхія).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты