Усе навіны

Паралімпійскі трэнер Лапшын пра міжнародны бан: «Прымаць такія рашэнні ў адносінах да інвалідаў – гэта прыніжэнне сябе ў першую чаргу»

2 траўня 2023, 10:36

Срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Сеуле ў трайным скачку і старшы трэнер Паралімпійскага камітэту па лёгкай атлетыцы Ігар Лапшын падзяліўся меркаваннем пра міжнародны бан беларускіх спартсменаў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Як на ваш погляд, на форму спартсменаў паўплывае год адхілення ад міжнародных стартаў?

– Спаборніцкі каляндар у інвалідаў ніколі не быў такім насычаным, як у здаровых спартсменаў. У колькасці спаборніцтваў нашы спартсмены не страцілі. Змяніць сітуацыю мы ніяк не можам. Значыць, раз мы гаворым аб прафесіяналізме, трэба гэты адрэзак часу правесці так, каб, калі нас дапусцяць да спаборніцтваў, мы змаглі заваяваць там усе магчымыя медалі. Трэнеры і спартсмены так і працуюць. Мы ўдзельнічаем у турнірах у Расіі, нашы старты маюць адкрыты характар. А калі людзі, якія прымаюць рашэнні аб нядопуску паралімпійцаў на спаборніцтвы, забыліся, з якой катэгорыяй спартсменаў працуюць, – мне іх шкада. Прымаць такія рашэнні ў адносінах да інвалідаў – гэта прыніжэнне сябе ў першую чаргу. Рана ці позна крызіс скончыцца. І мы пакажам, на што здольныя, як рабілі гэта не раз, – сказаў Лапшын.