Усе навіны

Пасля ўзлому сайту «Прэсбола» «Мінінфарм» і «ААЦ» пачалі праверку. Сярод версій – што нацсімволіку размясціў хтосьці з рэдакцыі

19 чэрвеня, 15:52

Як стала вядома «Трыбуне», узлом сайту «Прэсбола» кіберпартызанамі прыцягнуў увагу рэжымнага міністэрства інфармацыі і аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку.

Нагадаем, што 9 чэрвеня сайт «Прэсбола» быў узламаны кіберпартызанамі, якія размясцілі на сайце ПБ некалькі яркіх загалоўкаў: «Кіберпартызаны за свабодную прэсу i вольны Прэсбол на баку народа. Свабода слова будзе жыць у дэмакратычнай Беларусi», «За свабодную прэсу i вольную Беларусь» ды іншыя. На галоўнай старонцы з'явілася беларуская гістарычная бел-чырвона-белая сімволіка.

Каб аднавіць доступ да сайта, спатрэбіліся амаль суткі.

Праз гэта рэжымныя ведамствы запатрабавалі ў хостэра базу даных на момант узлому сайта. Па словах суразмоўцаў «Трыбуны», бОльшую актыўнасць праяўляў Мінінфарм Лукашэнкі. Да рэдакцыі дайшлі размовы, што цэнзары падазраюць, нібыта нацыянальную сімволіку размясціла непасрэдна рэдакцыя, здзейсніўшы такім чынам дэмарш. Гэта быццам бы стала падставай для пачатку расследавання.