Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Як загаварыць па-беларуску – дае парады выбітны брамнік з пляжнага футбола. Яму прыйсці да роднай мовы дапамаглі падзеі ва Украіне-2014, а натхніў гітарыст «Песняроў»

Як загаварыць па-беларуску – дае парады выбітны брамнік з пляжнага футбола. Яму прыйсці да роднай мовы дапамаглі падзеі ва Украіне-2014, а натхніў гітарыст «Песняроў»

Патрыятычны Валерый Макарэвіч.

Аўтар — Tribuna.com
2 лістапада 2022, 11:00
1
Як загаварыць па-беларуску – дае парады выбітны брамнік з пляжнага футбола. Яму прыйсці да роднай мовы дапамаглі падзеі ва Украіне-2014, а натхніў гітарыст «Песняроў»

Дома ў Валерыя Макарэвіча гучыць толькі беларуская мова.

Калі ў беларускім пляжным футболе і ёсць легендарныя гульцы, то Валерый Макарэвіч – дакладна адзін з іх. 38-гадовы трэнер брамнікаў «Крумкачоў» (ды яшчэ і пагэтуль дзеячы гулец, заптрабаваны за мяжой) восем гадоў абараняў вароты зборнай, у тым ліку прадстаўляў краіну на пясчаным чэмпіянаце свету-2019. А потым быў жнівень 2020-га і адкрыты ліст беларускіх пляжнікаў за сумленныя выбары, дзе Макарэвіч быў сярод падпісантаў, за што ў выніку быў выключаны са складу зборнай.

У гэтага спартоўца ёсць яшчэ адна выбітнасць. Ён ужо шмат гадоў як перайшоў на беларускую мову, карыстаецца ёй нават падчас інтэрв’ю і не саромеецца публічна казаць пра любоў да роднай культуры і гісторыі. Пра свой шлях да беларускасці Макарэвіч распавёў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир». «Трыбуна» перадрукоўвае гэтую гутарку з дазволу канала.

- У дзяцінстве вы гутарылі па-беларуску?

 - Так! Выдатна памятаю, што на вёсцы ў бабулі (вёска Мэйры ў Лідскім раёне – заўв.), дзе я праводзіў шмат часу, мы амаль ўсе размаўлялі па-беларуску. Жыхары гэтай вёскі гутарылі выключна на роднай мове з польскім каларытам, бо большасць з іх вучылася ў школе па-польску. Вось і мы, іх ўнукі, калі прыязджалі на вакацыі, пераймалі пануючую ў вёсцы мову. Пазней я даведаўся ў мовазнаўцаў, што гэта быў віленскі дыялект беларускай мовы, бо не ўсе словы можна было знайсці ў сучасным слоўніку.

Мама і тата, пераехаўшы ў горад, ужо трасянілі, бо ў горадзе чамусьці было сорамна размаўляць па-вясковаму. Мяне бацькоўскі лёс таксама не абмінуў, і я, калі вяртаўся ў горад, пераходзіў на рускую мову, бо на ёй мы выхоўваліся ў садках і вучыліся ў школе.

 - Вы з тых людзей, хто ў школе ладзіў з беларускай мовай?

 - Вядома. Праблем з вывучэннем роднай мовы не было ніколі, бо ў мяне класным кіраўніком была настаўніца беларускай мовы Алена Пятроўна Хрышчановіч. Не скажу, што я моцна вылучаўся паспяховасцю ў школе, але да 6-7-га класа вучыўся добра. А затым футбол заняў амаль асноўнае месца ў маім жыцці, і адзнакі пагоршыліся. Але ж памятаю, што падчас вучобы ў мінскім РВАР, гэта 10-11-ы класы, заўсёды дапамагаў аднакласнікам з перакладамі з беларускай мовы на рускую.

 - З чаго пачалі вяртацца да беларускасці?

 - Пасля школы аказаўся на гістфаку БДУ завочнай формы навучання, дзе пачаў трохі цікавіцца гісторыяй. Чаму трохі? Прывяду да прыкладу словы аднаго майго выкладчыка, які калісьці казаў: «Верабей скончыў кансерваторыю завочна, а салавей вочна, вось і выбірайце, як вучыцца». Але адметным яшчэ было тое, што на гістфаку даволі шмат выкладалі па-беларуску і нават ад студэнтаў можна было пачуць родную мову. Потым яшчэ пазнаёміўся з [спеваком] Андрэем Усанавым і «Песнярамі».

 - З імі асабіста або з іх творчасцю?

 - З Андрэем знаёмыя асабіста, з часам ён стаў не толькі добрым сябрам, але і кумам. Я хрысціў яго дачку Эмілію, а ён майго Мацвея. З «Песнярамі» ж я пазнаёміўся ў яго на вяселлі, і там, дарэчы, пачуў застольны тост ад [гітарыста гурта] Леаніда Вярэніча, які вельмі натхніў мяне на вяртанне да беларускай мовы – бо тады ўвечары я зразумеў, што амаль забыўся родную мову.

А вось у мінулым годзе, падчас святкавання дня народзінаў Андрэя, ўжо Леанід быў вельмі уражанны адным выпадкам. Мы былі на Вячы і мая дачка Міраслава пазнаёмілася з адной дзяўчынкай, а тая запыталася, калі ў яе дзень нараджэння. Міра пасля доўгай паўзы, звяртаючыся да мяне, кажа: «Тата, а як кастрычнік па-руску?». Вельмі спадабалася дзядзю Лёню гэтае пытанне :).

 - Што было канчатковай кропкай, пасля якой вы вырашылі пераходзіць на родную мову?

 - Падзеі ва Украіне 2014 года. Вось тады я і пачаў шмат чытаць і шукаць адказы на пытанні. І прыйшоў да высновы, што абавязкова трэба пераходзіць на родную мову, бо другая дзяржаўная навязваецца нам гвалтоўна. Тады ж і перайшоў на беларускую.

- Як гэта было?

 - Часова адмовіўся ад усяго рускага кантэнту: чытаў, глядзеў, размаўляў, пісаў па-беларуску, пераключыў на беларускую мову ўсе сацсеткі. І вось калі пачаў выпадкова казаць беларускія словы замест рускіх, зразумеў, што знаходжуся на правільным шляху. Мяркую, што і паступова перайсці атрымаецца, галоўнае, рабіць крокі насустрач, а вялікія ці дробныя – гэта як у каго атрымліваецца. Цалкам ад іншай мовы і не трэба адмаўляцца, як кажуць, колькі моваў ведаеш, столькі разоў ты чалавек.

 - Ці хапала ў самым пачатку вам слоўнікавага запасу?

 - Вядома, што не хапала. Ведаеце, колькі адвагі трэба, каб вырашыцца на першае інтэрв’ю на беларускай мове? Напачатку выпісваў незнаёмыя словы і стараўся іх ужываць у сваёй гаворцы, потым нязмушана іх пачынаў вымаўляць. І вось так, пакрысе, рухаўся да сваёй мэты. Яшчэ вельмі дапамагае атачэнне, бо калі перапісваешся, сустракаешся і размаўляеш з аднадумцамі, тым самым пераймаеш некаторыя словы і выразы сабе.

З жонкай і дзецьмі.

 - Дарэчы, якім было тое самае першае інтэрв’ю па-беларуску для вас?

 - Першыя інтэрв’ю я, напэўна, даваў пад запіс на дыктафон Андрэю Рапапорту з прэс-службы федэрацыі пляжнага футбола. Мы ехалі ў мікраўтобусе з аэрапорта. Былі працяглыя паузы, бо забываўся некаторыя словы, але стараўся ўспамінаць. Памятаю, што давялося моцна напружыцца, нават галава пачынала балець. Калі прыехалі да будынка федэрацыі футбола, кіроўца падышоў да мяне і падзякаваў, паціскаючы руку, і параіў не баяцца русізмаў на пачатку. Кажа, забываешся – нічога страшнага, замяні рускім словам, якое ведаеш. І на развітанне ціха сказаў на вуха: «Дарэчы, маё прозвішча Багдановіч».

Потым было шмат беларускамоўных інтэрв’ю на камеру, і з кожным наступным разам было ўсё менш хвалявання і трывогі.

 - Ці падтрымлівалі вас родныя і калегі?

 - Пераход у сям’і адбываўся няпроста, былі і спрэчкі і спробы ўпэўніць мяне, што мова не самае галоўнае, але паціху, памаленьку ў нашай кватэры загучала беларуская мова. Дзякуй маёй жонцы Ірынцы, што яна вытрымала ўсё гэта. А зараз і сама выдатна валодае беларускай мовай і карыстаецца ёй, але на людзях саромеецца вылучацца прыгажосцю гучання родных гукаў.

 - Якая мова часцей гучыць у вас дома?

 - Зараз дома мы размаўляем выключна па-беларуску. Ірынка пажадана-прымусова перайшла на яе, сын з дачкой з маленства авалодалі. Вядома, з маёй дапамогай, бо калі размаўляць па-руску, дзеці не загавораць на роднай ці яшчэ там на якой. Калыханкі спяваў ім, вершы ды казкі чытаў. Мульцікі збольшага ўключаю толькі беларускія, знаёмлю з украінскай і польскай мовамі, бо яны вельмі падобныя на нашу мову. Ну і пра англійскую не забываемся, пакуль толькі словы вучым праз гульню, хто хутчэй перакладзе з беларускай.

Быў цікавы выпадак з мамай. Раней я яе вучыў, як слушна казаць па-руску, выпраўляў і пацешліва жартаваў з акцэнту. А ўжо пасля пераходу, пры размове на беларускай, калі выпраўляю рускае слова, яна мне ў адказ кажа: ты давай вызначы, якую мову вучыць :).

Дзеці, пляменнікі і матуля Валерыя.

 - З дзецьмі праз мову не было канфліктаў?

 - З Міраславай, можа, і былі спрэчныя моманты, але ў асноўным з-за мульцікаў, якія яна зашмат глядзела на рускай мове. Стараюся ўключаць дзецям беларускія, іх дастаткова ў сеціве. На польскай і украінскай мове таксама знаходжу, а калі няма на гэтых мовах, дазваляю глядзець па-руску. Рускай мовы і так дастаткова ў асяроддзі.

З іншымі дзецьмі асаблівых канфліктаў не было, ці, можа, я не ўсё ведаю. Міраслава ў школе, пэўна, пераходзіць на рускую, але калі мы разам ідзем з дзяўчатамі са школы, то яны ўсё выдатна разумеюць. Нават ёсць аднакласніца, ў якой тата турак, дык і яна ўсё разумее, а нас вучыць турэцкім словам. Мы заўсёды ёй кажам “Мархаба” пры сустрэчы.

 - А ці разумелі вашу беларускамоўнасць калегі-спартоўцы?

 - У спартыўным асяродзі было шмат падтрымкі, але гэта не справа аднаго дня і не ўсе хацелі прыкладаць намаганні, каб мяне зразумець. Большасць займала такую пазіцыю: маўляў, я разумею важнасць беларускай мовы, але няма часу на пераход, а можа, і жадання. Шчыра кажучы, на сённяшні дзень вельмі шмат маіх знаёмых пішуць посты, лістуюцца, ўсё больш размаўляюць на роднай мове, і, самае галоўнае, натхняюць усіх навокал.

 - Ці змянілася да вас стаўленне ў вашым атачэнні з пераходам на беларускую мову?

 - Стаўленне асабліва не не змянілася. Нехта падтрымаў, нехта пальцам пакруціў у скроні, але якая мне розніца, што думаюць іншыя? Гэта мой асабісты выбар, і чужая рэакцыя мяне не цікавіць. Кожны чалавек, які паважае сябе, павінен ведаць родную мову, гісторыю і культуру сваёй краіны, а не чужой. Ведаючы сваё ў першую чаргу, можаш і з іншымі пазнаёміцца, не пашкодзіць. А жыць толькі культурнай прасторай суседняй дзяржавы і забывацца з гадамі на сваё – гэта не мой шлях.

Мацвей Макарэвіч.

 - Чулі ў свой адрас негатыў за мову?

 - З негатывам асабліва не сустракаўся. Бывае, чалавек здранцвее ці збянтэжыцца, знянацку пачуўшы беларускае слова. Некаторыя проста прамаўчаць, а іншыя запытаюцца, як гэта “па-нашаму” адказаць.

Вось нядаўна гулялі з сынам у парку, а да нас падыходзіць чалавек і кажа: “Можна я вам руку пацісну за тое, як вы з сынам размаўляеце?” Мы, вядома, не адмовіліся. Новым знаёмым аказаўся вядомы беларускі пісьменнік, Уладзімір Ягоўдзік. Не маглі доўга разыйсціся. Каб не спяшаліся з Мацвеем на заняткі да лагапеда, то ноч магла бы агарнуць. Пасля спадар Уладзімір перадаў нам з жонкай і дзецям па кніжцы праз выхавацельку ў дзіцячым садку. Яшчэ не аднойчы ў крамах падыходзілі і хвалілі, як прыгожа з дзеткамі размаўляем, так што толькі станоўчыя прыклады магу вам прывесці.

 - Ці чыталі па-беларуску ў дзяцінстве?

 - У дзяцінстве чытаў толькі народныя казкі па-беларуску, хаця зборнік твораў Уладзіміра Караткевіча да гэтай пары стаіць на паліцах у бацькоўскай кватэры. Таму і пачынаў вяртанне да роднай мовы з «Каласоў пад сярпом тваім» і «Паляванне караля Стаха». Потым былі Быкаў, Рэмарк «Тры таварышы», Зюськінд «Парфумер», «Гары Потэр», «Маленькі прынц» і гэтак далей.

 - Як часта чытаеце зараз на роднай мове?

 - Зараз прачытаў «Апошняе жаданне» Анджэя Сапкоўскага, гэта адна з гісторый пра Вядзьмара, і цяпер, у мэтах вывучэння польскай мовы, чытаю яго ж у арыгінале. Раней чытаў болей для сябе, а зараз толькі дзецям, каб засыналі хутчэй. Амаль усе казкі пра Мумі-троляў, ўсе часткі Карлсана, Кіплінга, Гаўфа, “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла” Анджэя Малешкі.

 - Ці ўжываеце вы зараз рускую мову ў якіх-небудзь выпадках?

 - Вядома, што ўжываю. Мне наогул няёмка, калі ўсе размаўляюць па-руску, а тут я адзін, як белая варона, вылучаюся. А калі ёсць у кампаніі некалькі суразмоўцаў, тады с задавальненнем падтрымліваю і не звяртаю ўжо ўвагі на тое, што ўсе на іншай мове размаўляюць. І яшчэ заўважаю за сабой, што мне цяжка з незнаёмымі людзьмі, калі тыя па-руску, то неяк хочацца быць з імі на адной хвалі. А калі добра знаёмыя і ведаюць мяне, то неяк не звяртаючы ўвагі на іх рускую, спакойна карыстаюся роднай.

 - Што б вы параілі чалавеку, які не можа наважыцца перайсці на беларускую мову?

 - Трэба вызначыцца, у якой культуры і ў якім асяродзі хочаш жыць. І калі абіраеш беларускасць, яна цябе сама паглыне, толькі раскрый душу і сэрца насустрач.

- Як патлумачыць родным свой пераход?

 - Прывесці аргументы перавагі беларускай мовы. Іх даволі шмат: родная, адметная, прыгожая, мілагучная і гэтак далей. А яшчэ разнастайная і багацейшая за рускую, але ж ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць рускамоўных. Вось прыклад: у рускай мове бліны, бульбу, семкі, сала жарят, а ў нас пякуць, смажаць, пражаць і шквараць :).

Чаго толькі вартыя нашыя назвы месяцаў, дзе кожная адпавядае нейкай прыроднай з’яве, а ў рускай перанятая з іншай мовы, гэта датычыцца і не толькі месяцаў. Ну што тут тлумачыць? Для кожнага народа свая мова найлепшая.

З сынам ля руін Крэўскага замка.

 - Як адказваць на пытанні сяброў і калег?

 - Мне таксама шмат пытанняў задавалі кшталту “паглядзі на Швейцарыю”. У Швейцарыі няма швейцарскай мовы, а кожная частка гэтай краіны мае сваю галоўную мову: нямецкую, французкую, італьянскую. Ёсць і рэтараманская, але з ёй больш складаная сітуацыя. Адказваў, што ў нас заўсёды панавала беларуская мова, нават Максім Багдановіч, які спачатку гутарыў толькі па-руску, у выніку стаў адным з лепшых паэтаў Беларусі.

 - Дзе знаходзіць матывацыю, калі вакол ніхто не разумее вашу беларускамоўнасць?

 - Маё сумленне не дазваляе мне прыняць чужую культуру, адмовіўшыся ад сваёй, і гэта мая матывацыя. Не звяртайце ўвагі на іншых, атачайце сябе падобнымі на вас людзьмі. Зараз іх становіцца ўсё больш. Пэўна зараз ужо нікому не трэба тлумачыць, што можа здарыцца, калі згубіш родную мову.

 - Як выхаваць беларускамоўных дзяцей?

 - Усё проста. Трэба спярша палюбіць мову і прасякнуцца ёй самому, а потым і дзецям перадаць. А наконт выхавання –  зараз хапае садкоў і школаў дзе можна знайсці сваіх людзей, абы жаданне было. Вядома, што ад асяродзя не схаваешся, але не трэба яго і баяцца, калі навучыцца рускай мове дзіця, нічога страшнага не будзе. Галоўнае – тлумачыць перавагу роднага на ўласным прыкладзе.

Я распавядаю дзецям пра тое, як жылі іх прабабулі і прадзядулі, мы прыязджаем да тых мясцін, дзе гэта ўсё раней было, але дзе ўжо даўно нікога няма. Расказваю, як мы палілі ў печы і грэліся каля яе, як у гумне  на току з сенам скакалі з-пад самай страхі долу, як гулялі ў хованкі, як я хадзіў на сажалку лавіць рыбу разам з коткай, як віравала жыццё ў гэтым краі раней, як, заганяючы карову ў хлеў, бабуля гукала мяне праз усю вёску, і вельмі спадзяюся на тое, што праз нас галасы нашых дзядоў данясуцца нашым дзецям. Абавязкова на роднай мове!

Фота: Tut.by, lidanews.by, з архіва Валерыя Макарэвіча

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты