Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Дакладна вядома, хто прыдумаў для беларускай мовы слова «заўзятар». Адбылося гэта не так даўно, але ёсць адна праблема – незразумела, што заўзятар робіць

Дакладна вядома, хто прыдумаў для беларускай мовы слова «заўзятар». Адбылося гэта не так даўно, але ёсць адна праблема – незразумела, што заўзятар робіць

Заўзее? Заўзятарыць? Заўзімаецца?

Аўтар — bytribuna com
7 студзеня 2023, 04:58
3
Дакладна вядома, хто прыдумаў для беларускай мовы слова «заўзятар». Адбылося гэта не так даўно, але ёсць адна праблема – незразумела, што заўзятар робіць

Ужо больш за два месяцы ўсе навіны і шмат якiя пасты на «Трыбуне» выходзяць не толькі на рускай, але і на беларускай мове (а некаторыя пасты – і толькі на беларускай). Вядома, не абыходзіцца без праблем – вельмі шмат іх з імёнамi ды прозвішчамi (на любое -di- ёсць мноства прыкладаў перадачы і як -ды-, і як -дзі-, паспрабуй угадай, што больш уласціва мове ў канкрэтным выпадку), але хапае і ў пытаннях словаўжывання.

З тэрміналогіяй (і не толькі спартыўнай – цi ўсё ж спартовай?!) вызначыцца складана: адны выступаюць за арыентацыю на слоўнікі, іншыя кажуць, што афіцыйныя кнігі занадта русіфікаваныя, і трэба ствараць уласныя словы па беларускай словаўтваральнай мадэлі. Пакуль да «трыбунаўкі» не дайшло, але спрэчкі працягваюцца. Мы ўжо аддаем перавагу слову «брамнік» перад «варатар», але яшчэ не вырашылі, ці выкарыстоўваць «нападнік», якога няма ў сучасных слоўніках, замест калькі з рускага «нападаючы» (а можа, лепш ужываць толькі англiйскае «форвард»?). Але ёсць словы, якія мы выбралі без спрэчак. Сярод іх – і цудоўнае «заўзятар»: калька «балельшчык» няхай застаецца ў слоўніках.

Слова «заўзятар» жа – зусім маладое. Яно з'явілася толькі ў 1980-х, аўтарства належыць выбітнаму беларускаму паэту Алесю Разанаву. Студэнтам ён стаў лідарам групы тых, хто смела для савецкага часу запатрабаваў вярнуць навучанне на беларускай (пасля чаго быў выключаны з БДУ), потым прабіваўся праз цэнзуру дзякуючы заступніцтву прызнаных лiтаратараў, такіх, як Уладзімір Караткевіч, а ў незалежнай Беларусі збіраў аншлагi на сваіх чытаннях і вылучаўся на Нобелеўскую прэмію.

Разанаў не баяўся новага – пісаў паэмы ў прозе, прыдумляў уласныя паэтычныя формы і далёка не заўсёды выкарыстоўваў у іх рыфму. У прадмове да зборніка «Шлях-360», які ў 1981-м прынёс Разанаву шырокую вядомасць, Пімен Панчанка пісаў, што «паэзiя гэта складаная, але той, хто цярплiва ўчытаецца ў яе, духоуна пабагацее».

«Заўзятара» Разанаў стварыў ад даўно вядомага ў мове прыметніка «заўзяты» – у слоўніку яму даецца тлумачэнне: «Які пастаянна і з захапленнем займаецца чым-небудзь, аддаецца чаму-небудзь; напорысты, упарты». Як успамінаў яшчэ адзін паэт Сяржук Сокалаў-Воюш, Разанаў разам са сваім таварышам і калегам Алегам Бембелем нават прыдумаў «градацыю»:

заўзятар – арыентуецца ў спорце, чытае адмысловыя выданні, ведае лічбы і iмёны;

заўзей – ходзіць на стадыёны, з большага ведае, што адбываецца ў спорце, але штосьцi спакойна можа прапусцiць;

заўзюк – мала ў чым арыентуецца, на стадыён ходзiць, каб выпiць з такiмi жа таварышамi i выпусцiць эмоцыi.

Падзел не прыжыўся (ды i з'явіліся больш адпаведныя часу запазычанні «фанаты» і «ультрас») а вось слова «заўзятар» змагло. Цяпер яго можна сустрэць і ў найбольш поўным «Слоўніку беларускай мовы», i ў вялiкiм «Беларуска-рускім слоўніку» (вядомы як «слоўнік Кандрата Крапівы», які яго некалі рэдагаваў, абноўлены каля 10 гадоў таму), i ў «Граматычным слоўніку назоўніка» (серыю новых граматычных слоўнікаў выпусцілі ў 2013-м пасля рэформы афіцыйнага беларускага правапісу). Сам Разанаў, які, на жаль, у 2021-м памёр, заспеў усе стадыі замацавання «заўзятара», а ў 2006-м казаў, што гэта для яго «самае славутае слова, якое вынайшаў, яно ўвайшло ў мову, прышчапілася».

Цяжэй з дзеясловам – што заўзятар робіць? Сам Разанаў казаў, што яму належыць «заўзець», але гэты дзеяслоў зараз зафіксаваны толькі «слоўнікам Крапівы» з паметай «гутарковы». Не так даўно беларускі гісторык Анатоль Сідарэвіч высветліў, што яшчэ ў 1916 годзе адзін з галоўных людзей БНР Антон Луцкевіч пісаў, што «народ заўзяўся ў Вільні» – праявіў упартасць у барацьбе за званы, якія забіралі ўлады Расійскай імперыі. Цяпер мовазнаўца Вінцук Вячорка таксама лічыць, што на стадыёне якраз можна «заўзяцца – эмацыйна накруцiцца».

Вячорка пры гэтым не ўхваляе слова «заўзець». Ён прапануе альбо ўспомніць дзеяслоў «заўзiмацца» – ён існуе ў дыялектах сучаснай Гродзенскай вобласці і значыць «заступацца, бараніць», што пасуе па сэнсе, – альбо ўтварыць дзеяслоў непасрэдна ад слова «заўзатар» – атрымліваецца «заўзятарыць».

Але ж няма ў цяперашніх слоўніках ні «заўзятарыць», ні «заўзяцца». Пакуль што адзіны шырока прызнаны дзеяслоў, якім можна апісаць заўзятара, – гэта «перажываць». Зрэшты, Разанаў лічыў, што галоўнае – звычка, частата ўжывання слова, і тут хочацца пагадзіцца. Пакуль самы масавы сучасны «аўтарытэт», перакладчык Google, вывучыў «заўзець» і выдае яго пры спробах перакласці з рускай слова «болеть» у спартыўным кантэксце – і гэта ўжо нядрэнна. А чым больш мы будзем ужываць пэўныя словы, тым больш шанцаў, што яны з'явяцца ў новых слоўніках Беларусі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты